Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Магілёў. Шматдзетная маці абараніла сына ад камісіі непаўналетніх


Натальля Шкадун

Натальля Шкадун

Затрымалі Пятра Шкадуна на наступны дзень пасьля правядзеньня ў Магілёве Народнага сходу. Натальля Шкадун была сябрам яго аргкамітэту

23 сьнежня Ленінскі суд Магілёва задаволіў скаргу шматдзетнай маці Натальлі Шкадун супраць раённай камісіі па справах непаўналетніх. Нагодай для суду сталася пастаноўка яе непаўналетняга сына Пятра на ўлік у школе, як правапарушальніка, згодна пастанове камісіі. Хлопца абвінавацілі ў тым, што ён 9 кастрычніка ў кампаніі прыяцеляў расьпіваў у грамадзкім месцы піва. Акрамя таго самой Натальлі Шкадун было вынесенае афіцыйнае папярэджаньне аб неналежнай увазе да выхаваньня сына.

Паводле Натальлі Шкадун, у матэрыялах справы яна выявіла шмат парушэньняў, якія й дазволілі камісіі паставіць сына на ўлік:

«Як вынікае з матэрыялаў справы, арыенціроўка на асобу, якая ўчыніла адміністрацыйнае правапарушэньне, то бок на Пятра, была выпісаная ў 8:24 раніцы 9 кастрычніка, а затрымалі яго а 20-й гадзіне. Было шмат парушэньняў, зьвязаных з самім затрыманьнем. У міліцыі сына пратрымалі больш за тры гадзіны. Падчас разгляду справы на камісіі ў матэрыялах былі розныя ссылкі на артыкулы адміністрацыйнага кодэксу з рознымі мерамі адказнасьці. Сьведкі на камісіі таксама не выступалі. Затрымлівалі сына адны міліцыянты, а тлумачэньні давалі іншыя. З улікам парушэньняў, я падала скаргу ў суд і сёньня яго выйграла. Судзьдзя Ірына Сарока пастанавіла адмяніць рашэньне камісіі ў адносінах да майго сына і мяне. Дзеяньнямі ж міліцыі займаецца пракуратура».

Затрымалі Пятра Шкадуна на наступны дзень пасьля правядзеньня ў Магілёве Народнага сходу. Натальля Шкадун была сябрам яго аргкамітэту:

«Гэта для мяне, безумоўна, вынікі майго ўдзелу ў Народным сходзе й майго выступу на ім. Сёньня, калі маці прымае актыўны ўдзел у грамадзкім жыцьці, займае інакшую ад афіцыйнай грамадзянскую пазыцыю, то можна яе прыцягнуць да адказнасьці за недагляд за дзецьмі. Тое, што сына вырашана было затрымаць задоўга да яго непасрэднага затрыманьня — гэта спроба ціску на мяне».
Сёньня, калі маці прымае актыўны ўдзел у грамадзкім жыцьці, займае інакшую ад афіцыйнай грамадзянскую пазыцыю, то можна яе прыцягнуць да адказнасьці за недагляд за дзецьмі.

Пятра Шкадуна затрымалі непадалёк ад дома, у якім ён жыве. Пры ім не было алькаголю, зазначае маці. Паводле яе, піва трымалі яго прыяцелі. Як высьветлілася, іх не прыцягнулі да адказнасьці, бо яны набылі напой па кантрольнай закупцы — іх папрасілі, каб яны праверылі, ці прададуць яго ў краме непаўналетнім.

Сёлета ў сакавіку паставілі на ўлік сацыяльна-псыхалягічнай службы Магілёўскага Дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Куляшова як правапарушальніцу дачку Натальлі Шкадун — Ганну. Яе камісія па справах непаўналетніх прызнала вінаватай ва ўдзеле 16 студзеня ў пікеце «За вызваленьне палітвязьняў» на вуліцы Ленінскай. Свайго ўчынку ў акцыі дзяўчына не адмаўляла. Яна заяўляла, што выкавала сваю пазыцыю адносна разгону акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня 2010 году. Пазьней студэнтка Шкадун забрала дакумэнты з унівэрсытэту.
XS
SM
MD
LG