Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калядныя песьні» Данчыка


25 сьнежня падчас Каляднага фэсту ў клубе RE: PUBLIC адбудзецца прэзэнтацыя новага дыску Данчыка «Калядныя песьні» — канцэртны запіс з апошняга канцэрту у Беларусі. Там жа можна будзе і набыць гэты дыск.


23 сьнежня Данчык сам упершыню паслухаў дыск:

«Слухаючы гэтыя песьні, падумаў, што няблага я ўсё ж сьпяваў! Хацеў бы прысьвяціць гэты збор песьняў сапраўднай закуліснай сіле ня толькі гэтага выданьня , але і фактычна ўсё маёй кар’еры — маёй маці Юліі Андрусышынай, якая вучыла мяне песьні і натхняла іх сьпяваць. Каб не яна, наўрад ці зьявіўся на сьвет ня толькі гэты альбом, але і ўсе астатнія», кажа Данчык.





Як распавёў музычны крытык Вітаўт Мартыненка, раней выйшлі пяць альбомоў Данчыка «Беларусачка», 1978; «Я ад вас далёка», 1985; «Мы адной табе належым», 1989; «Ровесники», 1991; «Мы яшчэ сустрэнемся», 1992. А пра шосты дыск насамрэч ня ведаў нават Данчык, бо запісвала яго з падачы Зьмітра Марчука (старшыні фан-клюбу «Данчык-forever») адна мюнхэнская студыя зь менскага канцэрту артыста ў вялікай залі Белдзяржфілярмоніі.
Як лічыць Вітаўт Мартыненка, гэтыя 19 песень нідзе больш ня знойдзеш. Ну хіба што ў беларускай песьні «Крывічаначка» можна пазнаць украінскую «Галічаначка» 1991, але ў перакладзе Сяржука Сокалава-Воюша:

Ці Дняпро віруе сіні між палёў-лугоў,
Ці Дзьвіна цалуе плыньню стромы берагоў,
З даўных дзён у неспакоі ясна панначка —
У чаканьні слаўных вояў крывічаначка.


Вы пачуеце па-беларуску знакамітыя колісь гіты «Milisse mou» Наны Мускуры, «Les Feuilles Mortes» Эдыт Піяф ды іншыя. А некаторыя сусьветныя песенныя шэдэўры гучаць і без перакладу: «The Boxer» амэрыканскага дуэта 60-х Simon/Garfunkel, «Yesterday» ад вялікіх брытанскіх бітлоў Lennon/McCartney, габрэйскі танец «Hava Nagila!», гішпанскі «Gracias a la vida» ад Віялеты Парра. Данчык выконвае іх бездакорна, захоўваючы пры тым сваю адметную манэру й шарм, лічць Вітаў Мартыненка.

Варта дадаць таксама, што акрамя С.Сокалава-Воюша над беларусізацыяй сусьветных шляґераў для Данчыка працавалі й іншыя знакамітасьці — дасьледчык францускай паэзіі Мацьвей Смаршчок з Амэрыкі, паэтка Натальля Арсеньнева адтуль жа. Гучаць і ніколі тут ня чутыя песьні на вершы Максіма Багдановіча («Не кувай ты, шэрая зязюля» — mega-hit), Уладзімера Дубоўкі («О Беларусь, мая шыпшына!»), напісаныя кампазытарамі-эміґрантамі Міколам Куліковічам, Міколам Равенскім.

Ёсьць у альбоме і турыстычны гіт «Стары дом» наваполацкага барда Алега Паўлёнка, «Крыніцы» ягонага земляка Сокалава-Воюша, ананімна распаўсюҗаны тут за савецкім часам нацыянальны вайсковы гімн «У гушчарах», які напісаў, аказваецца, усё той жа М. Куліковіч на вершы Н. Арсеньневай.



Данчык ня толькі сам тлумачыць на тым канцэрце (1996) прыналежнасьць кожнай песьні да тэмы сьвята, але і выконвае сапраўдную клясыку жанру: фальклёрныя «Учора зь вячора», «Сьвецяць зорачкі», «Саўка ды Грышка»), міжнародныя ў беларускіх перакладах «Ціхая ноч» (зь нямецкай), «Сьвятая ноч» (з францускай). Прычым, калі папярэдні мюнхэнскі рэліз прэзэнтаваў толькі аудыётрэкі, дык на CD-перавыданьне трапілі й жывыя відэазапісы наўпрост зь нью-ёркскай кватэры Данчыка ажно сямі твораў — «Неба й зямля», «У сьвеце нам» і некаторыя зь пералічаных.

Лічбавы рэмайстарынґ канцэртных запісаў Зьмітра Новіка зрабіў Андрэй Плясанаў (студыя «P.L.A.N.»), а мантаж амэрыканскіх відэазапісаў належыць Андрэю Старавойтаву з студыі «Ravenlord». І вось поўная дыскаґрафія Данчыка — усе шэсьць альбомаў, каля 100 песень, унікальныя інтэрвію, відэазапісы, дакумэнтальныя фільмы, рэдкія фоткі — даступны беларускім мэляманам, якія зьбяруць поўную калекцыю ягоных дыскаў ад «БМАgroup», кажа Вітаўт Мартыненка.





Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG