Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Партыя БНФ: «Беларусь не павінна расплачвацца за інтэграцыйныя авантуры»


Ігар Лялькоў і Аляксей Янукевіч на прэсавай канфэрэнцыі.

Ігар Лялькоў і Аляксей Янукевіч на прэсавай канфэрэнцыі.

Партыя БНФ працягвае кампанію супраць уступленьня Беларусі ў Эўразійскі саюз і за выхад з усіх наддзяржаўных утварэньняў з удзелам Расеі. БНФ падае заяўку на правядзеньне пікету каля амбасады Казахстану ў Беларусі.

На прэсавай канфэрэнцыі 23 сьнежня кіраўніцтва партыі выступіла з заявай, у якой выказала сваю пазыцыю адносна падзеяў у Заходнім Казахстане і пэрспэктываў стварэньня Эўразійскага Саюзу з Казахстанам і Расеяй. З падрабязнасьцямі Іна Студзінская.

Старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч падкрэсьліў, што яшчэ ў лістападзе Сойм прыняў рашэньне распачаць кампанію супраць уступленьня Беларусі ў Эўразійскі саюз і за выхад з усіх наддзяржаўных утварэньняў з удзелам Расеі. Сваю пазыцыю ён абгрунтаваў так:

Аляксей Янукевіч

Аляксей Янукевіч

​«Таму што Расея дамінуе ў гэтых утварэньнях, і таму што Расея фактычна разглядае іх як аднаўленьне імпэрыі. І гэтыя дамовы супярэчаць нацыянальным інтарэсам Беларусі, супярэчаць інтарэсам кожнага жыхара нашай краіны. Ад самага моманту, калі былі падпісаныя самыя першыя пагадненьні, узровень жыцьця беларусаў упаў, узровень бясьпекі беларусаў зьнізіўся, узровень упэўненасьці ў заўтрашнім дні таксама істотна зьнізіўся. Мы ўжо цяпер маем нэгатыўныя вынікі супрацоўніцтва і ўступленьня Беларусі ў Мытны саюз з Расеяй і Казахстанам».

Намесьнік старшыні Партыі БНФ Ігар Лялькоў кажа:

Ігар Лялькоў

Ігар Лялькоў

​«Сытуацыя, калі народныя багацьці спачатку прысабечваюцца правячай намэнклятурай, а потым аддаюцца замежнаму капіталу, а нацыя з гэтага практычна нічога ня мае — гэта праблема актуальнага для ўсяго Эўразійскага Зьвязу. І гэта тая праблема, якая можа стаць актуальнай, на жаль, у Беларусі ў самы бліжэйшы час. Тое, што адбываецца зараз, — непразрыстая прыватызацыя, непразрыстая перадача на невядомых умовах нашых і нетраў, і прадпрыемстваў ва ўласнасьць замежнага капіталу, можа давесьці да такога ж самага сацыяльнага выбуху, як у Казахстане».

Падзеі ў Казахстане 16–17 сьнежня паказалі, з кім Беларусь уступае сёньня ў Эўразійскі саюз, лічыць кіраўніцтва партыі БНФ. Ігар Лялькоў перакананы, што Беларусь павінна выйсьці з так званых інтэграцыйных утварэньняў, шкодных для нацыянальных інтарэсаў Беларусі:

«Гэта Саюзная дзяржава Беларусі і Расеі, Арганізацыя Дамовы аб калектыўнай бясьпецы, Эўразійская эканамічная супольнасьць, Мытны Зьвяз Беларусі, Казахстану і Расеі, Адзіная эканамічная прастора Беларусі, Казахстану і Расеі».

Старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч выказаў меркаваньне, што гэта абсалютна ня тыя стандарты, да якіх варта імкнуцца Беларусі:

«Гэтыя ўтварэньні і спроба ўцягваньня Беларусі ў саюзы з Расеяй і Казахстанам супярэчыць ня толькі нашым нацыянальным інтарэсам. Яна супярэчыць здароваму сэнсу. Таму што цывілізацыйна мы абсалютна розныя нацыі: беларусы — эўрапейская нацыя, і нам належыць інтэгравацца выключна з тымі, хто блізкі нам паводле сваіх каштоўнасьцяў. На жаль, нічога блізкага па каштоўнасьцях з Расеяй, з Казахстанам, што мы і назіраем зараз, у нас няма. Менавіта з такімі краінамі нас уцягваюць у хаўрус».

Партыя БНФ мае намер падаць заяўку на пікетаваньне паблізу ад казахстанскай амбасады, на адлегласьці 52 мэтры ад самога будынку, распавёў Ігар Лялькоў:

«Гэта першае масавае мерапрыемства, якое мы будзем спрабаваць правесьці адпаведна з нормамі зьмененага „Закону аб масавых мерапрыемствах“. Мы гэта расцэньваем як пэўны тэст для ўладаў»

Мэта пікетаваньня — ня толькі зьвярнуцца да казахскіх уладаў з пэўнымі патрабаваньнямі, але і зьвярнуць увагу беларускай грамадзкасьці на наступствы ад шматлікіх хаўрусаў, у якія ўступае Беларусь.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG