Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У нядзелю, 25-га сьнежня, беларусы-каталікі і пратэстанты будуць адзначаць Каляды — адно з самых вялікіх хрысьціянскіх сьвятаў. Гэта час, калі людзі звычайна сьвяткуюць у сем’ях разам.. На стале — куцьця, капуста з грыбамі, рыба, пірог і многія іншыя традыцыйныя для гэтага сьвята стравы.

Які адбітак пакіне на сёлетнім сьвяткаваньні востры эканамічны крызіс, які перажывае Беларусь? Як людзі імкнуцца забясьпечыць калядны стол, пра які ў народлзе гавораць, што на ім не павінна не хапаць страваў, а за ім — людзей. Пра асаблівасьці падрыхтоўкі да сьвята паведамляюць рэгіянальныя карэспандэнты «Свабоды».
ГОМЕЛЬШЧЫНА

«Вельмі расчараваў Лукашэнка, бо абяцаў адно, а на справе — горшае»

Гомельскія сем’і па-рознаму рыхтуюцца да калядных сьвятаў і Новага году. Але, бадай, у кожнай сёньня згадваюць пра высокія кошты, страты ў заробку ды сацыяльныя праблемы.

Жыхарка Гомеля, спадарыня Натальля, якая працуе на чыгунцы, адзначае:

«Цяжэй стала з усімі прадуктамі — і тая ж каўбаса, і мяса. Раней лядоўню мясам заб’ем — па 14 тысяч за кіляграм. Цяпер — дарагавата. Праблема з грашыма пасьля таго, як даляр падаражэў. Заробкі тыя ж, а цэны — большыя».

Кабета ў гадах, якая назвалася Марыяй, лічыць, што да сьвятаў падрыхтавацца цяпер нават больш складана, чым летась. Купіць хочацца шмат чаго, але трэба ўжо пільна прыглядацца, што браць, а ад чаго адмовіцца:

«Канечне, зараз дорага стала. Шмат не бяром, але да стала сьвяточнага трэба ўсяго пакрыху — салатаў усякіх, і сыру, і каўбаскі добрай, і рыбкі. Канечне, той чырвонай рыбы ня возьмеш, што па 100 тысяч. Таньнейшую бярэш — карпа засмажыць можна. Шампанскае будзе, гарэлка. Шампанскае для дам, гарэлка — для мужыкоў».

Пэнсіянэрка Валянціна з прыгараднага мікрараёну Бярозкі кажа, што за апошні год вельмі расчаравалася ў Лукашэнку. Абяцаў адно, а на справе зусім іншае:

«Ён абяцаў усё добрае, а тут так атрымалася... Да выбараў лепш было, а пасьля ўсё стала даражэннае такое, страшэннае. Ну, да пэнсіі там 20 тысяч дабавіць, а цэны ўжо на 20, на 40 растуць. Дык што гэта за дабаўка?»

«А нічога не куплю, бо грошай няма. Бульба, гурок, капуста свая...»

Каляды і Новы год спадарыня Валянціна будзе сустракаць вельмі сьціпла. Ялінку ня ставіць, стол — звычайны:

А нічога не куплю, бо грошай няма. Бульба, гурок, капуста свая ...

«А нічога не куплю, бо грошай няма. Бульба, гурок, капуста свая. Пэнсіі — усяго 500 тысяч. Заплачу за хату ды хлебца, цукар, солі — вось і ўсё. Ні да чаго нідзе не прыступіцца, не прыткнуцца — усё такое дарагое, што нельга нічога купіць. Апрача хлеба, цукру нам, старым, за пэнсію й купіць нельга».

Гамяльчук Сяргей кажа, што хацеў заказаць да Новага году новую кухню, дык ня здолеў:

«Незразумела наагул, якая яна тут эканоміка...»

«Кухню няшчасную хацеў заказаць, дык адказваюць: пачакайце, у нас цэны яшчэ не ўлягліся. Усе прывязаліся да даляра. Навошта вы ўсё да даляра прыпісваеце? Свае фабрыкі — „Гомельдрэў“, „Пінскдрэў“. Мы ў Расіі... Што вы можаце там браць, калі ў нас свая драўніна? Незразумела наагул, якая яна тут, эканоміка...».


ГАРАДЗЕНШЧЫНА

«Імкнёмся, каб на стале было 12 страў...»

На Гарадзеншчыне традыцыю сьвяткаваньня Калядаў большасьць людзей імкнецца падтрымліваць, праўда, сьвяткаваць іх так, як рабілі гэта папярэднія пакаленьні, ужо не атрымліваецца.

Нават сумныя твары гарадзенцаў сьвятлеюць, калі пачынаеш гаворку пра надыходзячыя Каляды. Амаль усе, з кім даводзілася размаўляць, казалі, што надалей імкнуцца прытрымлівацца традыцый і рабіць гэта сьвята сямейным.

Большасьць маіх суразмоўцаў казалі, што, нягледзячы на фінансавыя праблемы, на гэтае сьвята імкнуцца, як належыць, накрыць стол і купіць родным падарункі.

Спадарыня: «Імкнуся, каб 12 страў было на стале, няхай ня ўсе як раней рабілі, але ёсьць. Абавязкова кладзем сена пад абрус, а ўжо падарункі дамаўляемся адзін з адным, каб купіць тое, што каму патрэбна, бо з грашыма зараз складана...».

Спадарыня старэйшага веку кажа мне, што жыве толькі на пэнсію, але ніколі ня лічыць колькі грошай у яе ідзе на калядны стол. Папросту імкнецца рабіць так, як некалі рабіла яе маці.

«Я, канечне, пастаўлю ўсё на стол, як трэба, праўда, ужо ня так, як гэта было раней»

Спадарыня: «Рыбу розную раблю і фаршырую, ісмажу, і пару, і тушу, пяку яшчэ ханкі, рагалікі посныя. Я, канечне, пастаўлю ўсё на стол, як трэба. Праўда, гэта ўжо ня так, як гэта было раней».

Іншая спадарыня: «Кісель варым аўсяны, пярлоўку, рыба, селядзец, бульбачка, карацей посныя стравы, каб не было нічога мяснога і алькаголю, каб не было на стале».

Адзін спадар сталага веку, калі я запытаўся, зь якім настроем рыхтуецца да Калядаў адказаў наступным чынам:

«У душы смутак, шкада бядноты і галоты, у якой мы жывём...»

Спадар: «У душы смутак, шкада гэтай бядноты і галоты, у якой мы жывём, старасьці, хвароб і г.д.».

Дадае спадарыня:

Спадарыня: «Ня толькі пра сябе думаеш, а вунь — дзеці растуць, а калі лягчэй стане — невядома. Няма ў нас добрага кіраўніка, няма добрага прэзыдэнта».

ВІЦЕБШЧЫНА

Вулічны ёлачны базар у Віцебску

Вулічны ёлачны базар у Віцебску

На заходняй Віцебшчыне, дзе пераважная частка насельніцтва каталікі, людзі рыхтуюцца да Калядаў. І тыя, хто мае магчымасьць зьезьдзіць за мяжу — у Польшчу ці Літву, напоўніцу гэтым карыстаюцца. Едуць на ўласных аўто і набываюць прадукты сабе, сваякам ды суседзям. Удакладняе Браніслава Станкевіч:

Гутарым пра надзённае з жыхаркай райцэнтра Глыбокае спадарыняй Тацьцянай:

«Дзеля каляднага стала хто ў Літву едзе, хто ў Менск едзе. Мы дык у Польшчы закупіліся. Там мяса таньнейшае, кетчуп, маянэз... І столькі глыбоцкіх там! У Глыбокім столькі знаёмых не сустрэнеш, колькі ў Беластоку! Людзі бяруць усё: елкі, цацкі, прадукты — там і рыба таньнейшая, і садавіна, мандарыны тыя ж...»

Па дробязях, кажа спадарыня Тацяна, давялося схадзіць у глыбоцкі супэрмаркет, і вось тут кошты нават палохаюць:

«Учора схадзіла па дробязях нешта набыць. Дык сыр, усяго 260 грам нейкіх — 15 тысяч! Хоць у мяне дысконтная картка ёсьць, але ўсё адно гэта шок! Адно што масьліны былі на зьніжках — па 8 зь нечым тысяч... Ня ведаю, што і як далей будзе»...

Спадарыня Ірына зь Віцебску масьліны не купляе. У яе трое дзетак, і ўсёй сям’ёй яны вырашалі, як зрабіць навагодні стол таньнейшым:

«Сёлета — больш гародніны зь лецішча й менш харчоў з крамы»

«Калі мы селі вырашаць, якія ў нас будуць навагодні і калядны сталы, то дзеці сказалі, што ня трэба купляць нейкія далікатэсы. У мінулыя гады ў нас была курыца, засмажаная цалкам, мяса вэнджанае... А сёлета вырашылі нарабіць галубцоў, дранікаў зь мясам і селядзец пад футрам. Мне здаецца, гэта будзе досыць смачна і досыць танна!»

Спадарыня Ірына разьлічвае зэканоміць за кошт гародніны, якую вырасьціла на лецішчы, і менш прадуктаў набываць у краме. Падарункі да новага году ў сям’і Ірыны таксама будуць больш сьціплыя:

«Мы, мабыць, абыдземся без падарункаў для дзяцей»

«Сёлета мы абыдземся, мабыць, толькі цукеркамі. У ранейшыя гады я дзецям нешта купляла: ці то цацкі, ці то ўпрыгажэньні маім дзяўчынкам. Але вось учора пахадзіла па крамах, падумала... Мабыць, будуць цяпер толькі цукерачкі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG