Лінкі ўнівэрсальнага доступу


З кожным годам я сам усё менш пішу і пасылаю віншаваньняў са сьвятамі. І ўсё менш атрымліваю і адказваю. Магчыма таму, што рытуалы каляндарных віншаваньняў проста хаваюць пустату, зручна надаючы ёй ветлівую форму ўвагі і стандартнага набору літараў, якія павінны азначаць здароўе, шчасьце, удачу.
Так я думаю, пакуль не адведаю старую цётку ў вёсцы і не пабачу, што мая калядная паштоўка двухгадовай даўніны разам зь іншымі стаіць на століку пад абразамі.

Сёлета ў сьнежні два былыя прэзыдэнты, якія вызначалі гісторыю другой паловы 20-га- пачатку 21-га стагодзьдзяў, напісалі сьвяточныя віншаваньні васьмі беларускім палітзьняволеным.

У сьнежні летась, пасьля гвалту і арыштаў сотняў людзей у Менку, мы зьвярнуліся да вядомых асобаў у розных краінах сьвету з просьбай прачытаць імёны арыштаваных у эфіры. Адкрываў чытаньне былы прэзыдэнт ЗША, завяршаў былы прэзыдэнт Чэхіі.

Нечаканую ролю настаўніка беларускага вымаўленьня мне давялося выконваць па тэлефоне. Запіс адбываўся так: я чытаў імя і прозьвішча, а прэзыдэнты паўтаралі. Джорджу Бушу не адразу даліся фрыкатыўныя зычныя, але ў выніку імя «Андрэй» ён вымавіў, здаецца, з падвоеным «Р»; Вацлаву Гаўлу беларуская фанэтыка была бліжэй.

Большасьць з тых, чые імёны гучалі, сустракаюць гэтыя Каляды і Новы год дома.

Але ня ўсе.

Ёсьць стары і правераны зэкаўскі закон: калі ня хочаш пагоршыць свой стан у турме — ня вер, ня бойся, не прасі. Для нармальных людзей, на свабодзе ён дзейнічае з дакладнасьцю амаль наадварот: вер і ня бойся прасіць.

На пачатку сьнежня я ізноў зьвярнуўся да двух былых прэзыдэнтаў з просьбай — паслаць віншаваньні беларускім палітзьняволеным.

Я сустракаўся з Вацлам Гаўлам у афіцыйных і нефармальных сытуацыях, запісваў інтэрвію, часам ён сам прапаноўваў камэнтар, але не магу сказаць, што мы былі добра знаёмыя. Ніколі не сустракаўся з Джорджам Бушам. Але абодва адразу пагадзіліся. Праўда, без аўдыёзапісу — але не таму, што іх напалохалі мае леташнія ўрокі беларускай.

Гэта былі менавіта лісты — у турмы, калёніі, на хімію. Нешта, што можна ўзяць у рукі, прачытаць, паказаць іншым, захаваць, паставіць пад абраз.

Вацлаў Гавэл напісаў свае віншаваньні 15 сьнежня, у чацьвер. Яго супрацоўнік Марцін Відлак прыслаў тэкст, мы адразу пераклалі на беларускую, дадалі адрасы турмаў і калёній і паслалі назад. Праз тры дні сэрца першага прэзыдэнта Чэхіі спынілася.

У нядзелю, 18 сьнежня, мы прысьвяцілі ўвесь эфір Свабоды памяці Вацлава Гаўла. Мы плянавалі апублікаваць прэзыдэнцкія віншаваньні разам. Але ліст Гаўла давялося прачытаць у нядзелю. У эфіры тады я казаў, што віншаваньне, адрасаванае ў Беларусь, верагодна, апошні ліст, які Гавэл напісаў у жыцьці.

Цяпер мы ведаем напэўна. Марцін Відлак пацьвердзіў, што гэта быў сапраўды самы апошні тэкст, напісаны Гаўлам.

У гэтыя дні пошта нясе яго Мікалаю Аўтуховічу, Зьмітру Бандарэнку, Алесю Бяляцкаму, Зьмітру Дашкевічу, Эдуарду Лобаву, Андрэю Саньнікаву, Паўлу Севярынцу, Міколу Статкевічу.

Таксама ідзе на іх адрасы ліст Джорджа Буша, які мы атрымалі 22 сьнежня.

Тады ж увечары я патэлефанаваў родным палітзьняволеных, каб адразу прачытаць ім пасланьне амэрыканскага прэзыдэнта.

Гэта былі жанчыны — маці, жонкі, каханыя. Чытаць ім ліст было гэтаксама як правесьці эфір Радыё Свабода для аднаго чалавека. Але навошта свабода, калі яе не хапае на аднаго.

Была ўдзячнасьць. Былі сьлёзы. Былі паўзы з камяком у горле. І была просьба — перадаць іх калядныя віншаваньні і навагоднія пажаданьні сям'і Вацлава Гаўла, Лоры і Джорджу Бушам.

Абавязкова перадамо.

Абавязкова.


Лісты Буша і Гаўла беларускім палітвязьням

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG