Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Някляеў пра Расею: “Я разьлічваў на цябе, Саід!”


Лідэр руху «Гавары праўду», паэт Уладзімер Някляеў у праграме «Начная свабода» гаворыць пра новую кнігу турэмнай лірыкі і пра палітыку.

Слухаць цалкам:
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:18:11 0:00
Наўпроставы лінк


Знаткевіч: Вы сказалі, што рана ці позна дэмакратычная плынь прыйдзе да ўлады. А ці ёсьць разуменьне - што рабіць? Што рабіць з тым жа «Белтрансгазам», які ўжо прададзены? І ці ёсьць людзі? У гэтай сытуацыі людзі ў дэмакратычнай плыні ня маюць досьведу кіраўнічай працы...

Някляеў: Ня трэба разумець, што апазыцыя - чыстыя палітыкі, і яны такія няўмекі, што ўсё загубяць. Да апазыцыі адразу прайдзе ўся моладзь, якая ёсьць у Беларусі і за мяжой навучалася, якая і сёньня працуе ў Саўміне, і зь якой, дарэчы, не наўпрост, але такімі кружнымі шляхамі ёсьць стасункі. І вельмі шмат на сёньня людзей ва ўзросьце 35-40 гадоў, якія адукаваныя на эўрапейскім ўзроўні. І тое, што яны могуць рабіць, у Беларусі не запатрабаванае. Чаму сварыўся Мясьніковіч са сваім намесьнікам? Таму што гэтыя маладыя людзі даводзяць ім "Вось што трэба рабіць, інакш мы ня выкруцімся". Так што напрацаваныя праграмы ёсьць. Пра "Белтрансгаз" - на гэтае пытаньне я сёньня ня маю адказу, як усё гэта адкручваць назад. Вельмі цяжка будзе зрабіць. Калі заходні інвэстар і усё зроблена па вядомых у Эўропе законах - гэта адно. А калі мя ня ведаем, на якіх умовах.. Ніхто ж ня бачыў дакумэнту па продажы "Белтрансгазу".

Знаткевіч:
Ну вось Пазьняк, напрыклад, гаворыць, што апазыцыя павінна заявіць што будзе нацыяналізацыя.

Някляеў:
Я таксама, як і Зянон Станіслававіч, магу заявіць, што будзе нацыяналізацыя. Але як гэта зрабіць? Прыйшоў Зянон Станіслававіч да ўлады, і кажа: нацыяналізацыя! А "Белтрансгаз" -- гэта Расея, кажуць "Добра, нацыяналізуйце". І - шах- перакрыла ўвесь газ! Вось і ўся нацыяналізацыя. Гэта лёгка сказаць. Але закладваецца вельмі небясьпечная сытуацыя ў Беларусі, якую, нават калі ў цябе будзе ўлада, вырашыць вельмі ня проста. Таму што нікуды мы доўгі час не падзенемся ад патрэбы ў расейскіх энэрганосьбітах. І як гуляўся расейскі ўрад з Лукашэнка з гэтым кранікам - ён будзе гуляцца зь іншай уладай, асабліва ў тым выпадку, калі гэта ўсё належыць яму і мы ня будзем мець да гэтага дачыненьня.

Знаткевіч: Ці зьмянілася Вашае стаўленьне да Расеі за гэты апошні год?

Някляеў: Безумоўна. Ведаеце, у фільме "Белое солнце пустыни" ёсьць фраза, калі галоўны герой кажа гэтаму Саіду "Я разьлічваў на цябе, Саід!", І ў нейкім сэнсе ў 2010 годзе, калі мы актыўна кантактавалі, не на самым высокім ўзроўні, але ўсё ж з эстэблішмэнтам расейскім, і калі ішла непрыкрытая вайна з Лукашэнкам, нам здавалася, што Расея разабралася, хто ёсьць спадар Лукашэнка, і яны зразумелі, што ён і ім будзе замінаць рухацца да новых тэхналёгіяў, да інвэстыцыяў (а гэта ім трэба, інакш Расея ня выберацца, усе гэтыя казкі пра новае ўтварэньне, саюз Азыі і Эўропы, гэта ўжо столькі разоў ідэя ўзьнікала і ляснулася, бо тут такія супярэчнасьці, якія ня могуць прывесьці да збалянсаваньня інтарэсаў). Зараз адбываюцца відавочныя танцы з падманам, з мухляжом, з фальшыўкай парлямэнцкіх выбараў і тое самае чакаецца на прэзыдэнцкіх - усё гэта расчароўвае ў магчымасьцях Расеі выбрацца ўрэшце рэшт на нейкую цывілізаваную дарогу.

Знаткевіч:
Апошняе пытаньне: на Вашу думку, ці варта апазыцыі ісьці на парлямэнцкія выбары ў наступным годзе?

Някляеў: Я для сябе вызначыўся так: калі застаюцца палітзьняволеныя, дык Уладзімер Някляеў ніякіх крокаў у напрамку да гэтай палітычнай акцыі ня робіць.

Знаткевіч:
Уладзімер Някляеў ці Рух “Гавары праўду!”?

Някляеў:Ну і натуральна, рух. Я не выключаю, што нехта пэрсанальна можа заявіць іншую пазыцыю. Але я яго падтрымліваць не зьбіраюся.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG