Лінкі ўнівэрсальнага доступу

23 сьнежня хаваюць Вацлава Гаўла


Дзяржаўнае пахаваньне першага прэзыдэнта Чэхіі Вацлава Гаўла адбудзецца ў пятніцу 23 сьнежня ў саборы сьвятога Віта ў Пражскім градзе.

«Разьвітаньне са спадаром прэзыдэнтам Гаўлам адбудзецца ў пятніцу ў 12:00», — паведаміў прэсавы сакратар адміністрацыі прэзыдэнта Чэхіі Радзім Ахоп.

Паніхіду будзе служыць пражскі арцыбіскуп Дамінік Дука, аднак апошнюю частку памінальнай імшы па Гаўлу адслужыць сябар нябожчыка біскуп Вацлаў Малы.

Жывую трансьляцыю пахаваньня можна глядзець тут.

Рэжысэр-кінадакумэнталіст Леанід Міндлін згадвае пра інтэрвію з Вацлавам Гавэлам:

«Інтэрвію з Вацлавам Гавэлам адбылося ў траўні 2001 году. Мы з апэратарам Уладзімерам Андронавым здымалі матэрыял для дакумэнтальнага фільму «Вандроўка са Швейкам».

Інтэрвію было даволі доўгае. Што мяне ўразіла, дык гэта дакладнасьць Гаўла. Калі наша сустрэча была прызначаная на 12-ю гадзіну, то ён і быў на месцы роўна апоўдні. У маёй практыцы гэта быў другі чалавек, настолькі дакладны, першы — Джордж Сорас.

Фрагмэнт інтэрвію Вацлава Гаўла беларускім журналістам
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:22 0:00
Наўпроставы лінк

2001 год, у Беларусі — прэзыдэнцкія выбары. І нас, безумоўна, цікавіла, як гэта калісьці адбывалася ў Чэхаславаччыне. Сёньня, мабыць, усе ведаюць, што Гавэл быў адным зь лідэраў чэхаславацкай апазыцыі, быў арыштаваны, сам прайшоў праз турэмныя нары. Адным словам, біяграфія апазыцыянэра, біяграфія дысыдэнта. Натуральна, што вакол усяго гэтага і вялася размова.

Сярод іншага я ў яго запытаў: «А на што вы спадзяваліся ў 1977 годзе? Калі ў краіне савецкія войскі, жорсткі рэжым, палітычны перасьлед?» І ён адказаў: «Ніхто ня ведае, зь якой сьняжынкі нараджаецца лавіна». І калі мне на чэскай тэлевізіі дапамаглі паглядзець архівы, я ўбачыў, што такое сьняжынка і што такое лавіна. Калі сто студэнтаў выйшлі на Вацлаўскую плошчу, іх зьбілі, кінулі ў аўтазакі, а праз некалькі дзён уся Прага, уся Чэхаславаччына выйшла на вуліцу. Так адбылася аксамітная рэвалюцыя.

Мяне зацікавіла нават ня столькі колькасьць аховы, а тое, што ён і прэзыдэнтам хадзіў у тую самую сваю любімую піўную, у якую хадзіў, калі быў апазыцыянэрам
Леанід Міндлін

І яшчэ адзін адказ мне запомніўся. Я пацікавіўся: а якая ў вас ахова як у прэзыдэнта? Ён задумаўся і сказаў: «Ведаеце, калі я іду ў сваю любімую піўную, у якую хадзіў яшчэ да таго, як стаў прэзыдэнтам, са мной ідуць чатыры чалавекі. І я лічу, што гэта занадта многа». Мяне зацікавіла нават ня столькі колькасьць аховы, а тое, што ён і прэзыдэнтам хадзіў у тую самую сваю любімую піўную, у якую хадзіў, калі быў апазыцыянэрам».



Вацлаў Гавэл памёр 18 сьнежня на 76-м годзе жыцьця.

У 1989 годзе Гавэл быў адным зь ініцыятараў стварэньня «Грамадзянскага форуму», які стаў галоўнай апазыцыйнай сілай у Чэхіі.

На сумесным пасяджэньні абедзьвюх палат Фэдэральнага сходу Чэхаславацкай сацыялістычнай рэспублікі 29 сьнежня 1989 году Гавэл быў аднагалосна абраны прэзыдэнтам, а ў 1993 годзе стаў прэзыдэнтам незалежнай Чэхіі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG