Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларускі будаўнік: «У Вэнэсуэле нас ахоўвае толькі інструкцыя»


У Вэнэсуэле быў скрадзены беларускі дыплямат, за вызваленьне якога мясцовым бандытам давялося сплаціць выкуп. Як арганізаваная сыстэма аховы беларусаў, якія працуюць у гэтай краіне?

Пра выкраданьне і вызваленьне за выкуп беларускага дыплямата паведамілі інтэрнэт-крыніцы з Вэнэсуэлы. Нібыта гэта адбылося на мінулым тыдні, ўвечары 16 сьнежня. А ўжо праз 4 з паловай гадзіны дыплямат быў вызвалены, але за яго ўсё ж давялося сплаціць выкуп. Паводле гэтых дадзеных, мясцовыя бандыты захапілі віцэ-консула амбасады Беларусі.

У МЗС Беларусі зьвесткі з Вэнэсуэлы камэнтаваць не сталі, спаслаўшыся на прыярытэт пытаньня бясьпекі беларускіх дыпляматаў за мяжой. «Інфармацыя на гэтую тэму мае службовы, закрыты характар. Па зразумелых прычынах мы ня будзем камэнтаваць гэтыя пытаньні», — сказаў БелаПАН прэсавы сакратар МЗС Андрэй Савіных.

Пра ўмовы бясьпекі ў Вэнэсуэле беларускіх дыпляматаў крыху распавёў на ўмовах ананімнасьці былы супрацоўнік МЗС. Паводле яго, у дыпляматаў беларускіх місій ня толькі ў Вэнэсуэле, але і ў большасьці іншых краінаў трэцяга сьвету зусім няма адмысловай аховы.

«Толькі амбасадар езьдзіць на аўтамабілі з кіроўцам з амбасады, які, па сутнасьці, ёсьць і ягоным ахоўнікамі. Для астатніх адзіная ахова — гэта іх дыпляматычны пашпарт, якім у звычайных умовах лепш не казыраць. Некаторыя карыстаюцца аўтамабілем з дыпляматычнымі чырвонымі нумарамі, але і гэта не заўсёды дапамагае. Галоўнае — выконваць правілы бясьпекі, складзеныя менавіта для гэтай краіны», — паведаміў былы дыплямат.
Для астатніх адзіная ахова — гэта іх дыпляматычны пашпарт, якім у звычайных умовах лепш не казыраць.

Ці адрозьніваюцца меры бясьпекі для супрацоўнікаў беларускіх фірмаў, якія дзейнічаюць у Вэнэсуэле? Аляксандр — будаўнік, працаваў некалькі месяцаў у Вэнэсуэле па кантракце з арганізацыяй «Белзамежбуд». Зьвесткам пра выкраданьне ў Вэнэсуэле земляка-дыплямата не асабліва зьдзівіўся. Сытуацыю са злачыннасьцю ў гэтай краіне Аляксандар ахарактарызаваў гэтак:

«Вельмі складаная, вельмі. Амаль што самая крымінальная краіна ў сьвеце. Нельга аднаму хадзіць па вуліцах і пры сабе мець нешта каштоўнае. Нават мабільны тэлефон, не кажучы ўжо пра кампутар ці нешта такое».

У 2009 годзе ў Каракасе бандытамі быў застрэлены беларус, які працаваў перакладчыкам ў «Белнафтахіме». Аляксандру вядомы гэты выпадак. «Яго забілі пасьля таго, як не аддаў ноўтбук вулічным рабаўнікам. На ягонае няшчасьце, ён ня выканаў інструкцыю, якая прадпісвае аддаваць усё, што патрабуюць рабаўнікі», — кажа Аляксандар.

«Калі я там быў, таксама былі выпадкі рабаўніцтва на вуліцы нашых людзей, нават маіх сяброў. Пад’яжджаюць на матацыклах, настаўляюць „пушкі“ і аддавай, што ёсьць».

Паводле Аляксандра, інструкцыя зьяўляецца фактычна адзіным сродкам бясьпекі для працуючых у Вэнэсуэле беларусаў. Бо жывуць яны не ў асобнай калёніі, а ў дамах, звычайна гэтак званых «вілах», арандаваных фірмай у розных раёнах сталіцы. Добра, што гэтыя раёны лічацца бясьпечнымі. Але дабіраюцца да працы беларусы звычайна на аўтамабілях праз самыя розныя раёны, і вось тут ужо магчымыя сюрпрызы, калі маршрут выбраны недакладна. Яшчэ інструкцыя прадпісвае ня мець з сабой каштоўных рэчаў, шмат грошай і абавязкова ня мець зброі.
Калі даведаюцца, што ў цябе ёсьць зброя, могуць адмыслова дзеля яе забіць.

«Калі даведаюцца, што ў цябе ёсьць зброя, могуць адмыслова дзеля яе забіць. Нават мясцовыя ахоўнікі бралі ў рукі зброю на аб’екце толькі ўночы, калі мы адтуль сыходзілі. Паводле інструкцыі, якую нам паказвалі, каб нас напалохаць, у Вэнэсуэле штогод забіваюць 13 тысяч чалавек, зь іх 4 тысячы ў Каракасе. Але калі паглядзець унутраную статыстыку, то высьветліш, што 59 з 60 забойстваў ў дзень адбыліся ў самым небясьпечным раёне — гэта Пэтары, куды ніхто і не суецца».

Аляксандр адзначае, што беларусы асабліва і ня маюць магчымасьці недзе хадзіць ці езьдзіць па горадзе, бо дзеля гэтага ў іх няма часу. Працуюць 6 дзён на тыдзень, а ў нядзелю звычайна выяжджаюць на адпачынак, прыкладам, на мора.
XS
SM
MD
LG