Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэнатар ЗША Рычард Дурбін выступіў з заявай з нагоды гадавіны падзеяў 19 сьнежня 2010 году ў Менску.

Хартыя-97 прыводзіць поўны тэкст заявы сэнатара:

«.... Я хацеў бы таксама ўзгадаць гадавіну жорсткіх перасьледаў, якія мелі месца 19 сьнежня мінулага года ў Беларусі.

Я, сэнатар Лібэрман і іншыя неаднаразова выходзілі да трыбуны ў гэтым годзе, каб выказацца з нагоды трагічных падзей таго дня - варварскіх перасьледаў, якія працягваюцца з таго моманту па гэты дзень.

У сьнежні летась, пасьля шматгадовага жорсткага кіраўніцтва беларускага кіраўніка Аляксандра Лукашэнкі, зьявіўся пробліск надзеі, што гэты апошні дыктатар Эўропы, магчыма, аслабіць свой аўтарытарны стыль і нарэшце дазволіць беларускаму народу свабодна выбраць свайго прэзыдэнта на сумленных і адкрытых выбарах.

Вынік апынуўся трагічным: гэтыя надзеі хутка абрынуліся, калі Лукашэнка заявіў аб сваім пераабраньні на наступны тэрмін у ходзе выбараў, якія прайшлі, па заявах міжнародных назіральнікаў, з сур'ёзнымі парушэньнямі.

Лукашэнка загадаў сваім праваахоўным органам, сярод якіх ўстанова, якая, як ня дзіўна, усё яшчэ носіць назву КДБ, жорстка разагнаць апазыцыйных кандыдатаў, лідэраў апазыцыі і іх прыхільнікаў, якія сабраліся ў знак пратэсту ў дзень выбараў на плошчы Незалежнасьці ў цэнтры Мінска.

Большасьць палітычных апанэнтаў, якія выставілі супраць яго свае кандыдатуры, былі арыштаваныя разам з сотнямі іх прыхільнікаў. Тыя, каго падазравалі ў сувязях з дэмакратычнымі партыямі і групамі, праваабарончымі арганізацыямі і незалежнымі сродкамі масавай інфармацыі, на працягу многіх месяцаў сталі мішэньню КДБ.

Я пабываў у Беларусі праз некалькі тыдняў пасьля так званых выбараў. Я сустракаўся з членамі сем'яў многіх затрыманых актывістаў. Іх аповяды ўразілі мяне. Зьніклыя бацькі, сыны і браты, кінутыя ў сутарэньні за ўдзел у выбарах ці мірныя пратэсты супраць сфальсыфікаваных выбараў.

Затрыманых часта катавалі і адмаўлялі ў элемэнтарных юрыдычных правах.

Але і гэтага Лукашэнку было мала.

Сем'і затрыманых таксама падвяргаліся перасьледу. У Лукашэнкі нават хапіла нахабства паспрабаваць адабраць трохгадовага дзіцяці, чые бацькі апынуліся ў турме па надуманых абвінавачваньнях.

Слухаючы гэтыя расповяды, я ня мог паверыць, што такая тактыка ў стылі савецкіх часоў па-ранейшаму можа выкарыстоўвацца ў Эўропе.

Дзеяньні Лукашэнкі ў мінулым годзе прывялі краіну да ізаляцыі і зрабілі яе аб'ектам міжнароднага пагарды.

Наша краіна аб'яднала намаганьні з Эўрапейскім Зьвязам па ўзмацненьні жорсткасьці санкцый у дачыненьні да Беларусі, у тым ліку забароны на ўезд для Лукашэнкі і яго атачэньня і замарожваньне іх актываў.

Сумесна з сэнатарамі Лібэрманам, Кардзіна, Маккейнам, Керк і іншымі мы працавалі над падрыхтоўкай прынятай аднагалосна рэзалюцыі № 105, якая асуджае сфальсыфікаваныя выбары і заклікае беларускі рэжым вызваліць усіх палітычных зьняволеных.

Рэзалюцыя таксама заклікала правесьці ў Беларусі новыя выбары, якія адпавядаюць міжнародным стандартам, падтрымлівала ўзмацненьне жорсткасьці санкцый у дачыненьні да беларускай дзяржаўнай нафтахімічнай кампаніі і заклікала Міжнародную фэдэрацыю хакею прыпыніць падрыхтоўку да Чэмпіянату сьвету 2014 года ў Менску, пакуль ня будуць вызваленыя ўсе беларускія палітычныя зьняволеныя.

Я хацеў бы таксама дадаць, што член Залі хакейнай славы НХЛ і дэпутат Эўрапарлямэнту Петэр Шцясны, старшыня камітэту па разьвіцьцю хакею пры Кангрэсе ЗША Майк Куглі і я напісалі зварот на імя прэзыдэнта Міжнароднай фэдэрацыі хакею Рэнэ Фазеля, які заклікае яго не даваць дыктатарскаму рэжыму Лукашэнкі прэстыжныя правы на правядзеньне Чэмпіянату сьвету, пакуль палітычныя зьняволеныя працягваюць пакутваюць ў турмах КДБ.

Пакуль фэдэрацыя праігнаравала гэты слушны заклік.

Сёньня, праз год пасьля пачатку судовага перасьледу, па меншай меры 60 кандыдатаў і актывістаў застаюцца ў турме або у сытуацыі жорсткага абмежаваньня свабодаў, уключаючы абмежаваньне на перамяшчэньне, забарону на занятак пэўнымі відамі дзейнасьці і на свабодны ўдзел у палітычным працэсе.

Так, кандыдат у прэзыдэнты Андрэй Саньнікаў працягвае знаходзіцца ў турме КДБ. Члены яго сям'і, якім толькі зрэдку прадастаўляецца магчымасьць мець зносіны зь ім, падазраюць, што супраць яго ўжываюцца катаваньні і аказваецца ціск з мэтай прымусіць да напісаньня прашэньня аб памілаваньні.

Мікалай Статкевіч, Зьміцер Дашкевіч, Эдуард Лобаў, Павел Севярынец, Зьміцер Бандарэнка і многія іншыя таксама знаходзяцца ў турме за ўдзел у дэманстрацыях у дзень выбараў і ў наступныя дні.

Я спадзяюся, што карпаратыўныя спонсары Фэдэрацыі хакею, якія ўдзельнічаюць у падрыхтоўцы менскага чэмпіянату, таксама ўсьведамляюць, якую патэнцыйную пагрозу іх іміджу нясе удзел у гэтым мерапрыемстве, пакуль Лукашэнка працягвае арыштоўваць і катаваць ня ў чым не вінаватых людзей.

У гадавіну жорсткіх перасьледаў мы не павінны забываць аб беларускім народзе і тых затрыманых, адзіным жаданьнем якіх было скарыстацца сваімі элемэнтарнымі правамі на свабоду слова і самавыяўленьня. Вось чаму мне прыемна адзначыць, што як раз на гэтым тыдні Сэнат і Палата прадстаўнікоў адобрылі Акт аб дэмакратыі і правах чалавека ў Беларусі - 2011.

З дапамогай такіх законаў і нарастальнага ціску на рэжым Лукашэнкі, якія прымушаюць яго зрабіць палітычную сыстэму адкрытай, народ Злучаных Штатаў працягне аказваць падтрымку народу Беларусі ў яго імкненьні да справядлівасьці ва ўласнай краіне.
XS
SM
MD
LG