Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ігару Сімбірову сказалі, што ён сам сабе зрабіў страсеньне мазгоў


Ігар Сімбіроў
Ігар Сімбіроў

Транспартная пракуратура па Асіповіцкім раёне ня выявіла ў дзеяньнях міліцыянтаў, якія 8 кастрычніка затрымалі мясцовага актывіста грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Ігара Сімбірова, парушэньня закону.

Сімбіроў у скарзе ў пракуратуру даводзіў, што міліцыянты гвалтам зацягнулі яго ў пастарунак чыгуначнага вакзалу райцэнтру, там зьбівалі й зьдзекаваліся з таго, што ён размаўляў па-беларуску.

У тым, што міліцыянты не парушалі закону, актывіста запэўніў намесьнік транспартнага пракурора Андрэюшкоў. Ён падпісаў адказ на скаргу Сімбірова.

Сімбіроў: «Ну зразумела, што рука руку мые. І я б зьдзівіўся, калі б мае довады ў скарзе пацьвердзіла пракуратура. Пракурор заняў пазыцыю міліцыянтаў. Пра тое, што мяне зьбілі, ёсьць даведка, падпісаная хірургам нашай бальніцы. У ёй пазначана, што ў мяне 8 кастрычніка зафіксавана страсеньне мазгоў. Нават гэты аргумэнт ніяк не паўплываў на пракуратуру. Тлумачэньне такое, што „вы пасьля дзьвюх гадзінаў, як вас адпусьцілі, самі недзе ўдарыліся галавой“. Тое, што я страціў прытомнасьць на пэроне, паводле адказу — сымуляцыя. Ну пра мову, што казаць, я з Андрэюшковым тыдзень таму размаўляў. Ён, як мне падалося, не разумее мовы нашай. Мне давялося перайсьці на расейскую, і ён зьдзівіўся, што я размаўляю на ёй».

8 кастрычніка Ігар Сімбіроў зьбіраўся на электрычцы прыехаць у Менск на Народны сход. Ён сьцьвярджае, што так, як яго затрымалі ў гэты дзень, міліцыянты паводзяцца зь ім пастаянна. Яго скаргі на паводзіны міліцыянтаў ня маюць выніку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG