Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Выйшла кніга турэмнай лірыкі Ўладзімера Някляева


«Лісты да Волі» — так называецца новая кніга Ўладзімера Някляева, якая толькі што зьявілася ў друку пры падтрымцы беларускага інфармацыйнага цэнтру ў Вільні.

Яе склалі тры дзясяткі вершаў, паэма «Турма», уступ аўтара і ягонае апошняе слова на судзе. Амаль усе гэтыя творы ўпершыню прагучалі на нашым радыё ў праграме «Верш на Свабоду», прычым многія паэт здолеў перадаць з-за турэмных кратаў.

У выходных дадзеных пазначана, што кніга падпісана ў друк 19 сьнежня 2010 году. І сапраўды, калі б не было гэтае даты ў жыцьці паэта і кандыдата на прэзыдэнта, не было зьбіцьця, выкраданьня з больніцы і саракадзённага зьняволеньня ў «амэрыканцы», не было хатняга арышту і прысуду — не было б і гэтае кнігі.

Першы верш у ёй пазначаны датай 1.01.2011.

Як плашчаніца, бел-чырвона-бела
Лунаў над лёсам сымбаль Твой сьвяты…
Калі ўдыхнуў Гасподзь душу мне ў цела —
Ёй стала Ты.
Ты, Воля беларуская, Ты, мара
Крывіцкая, Ты, крэўная мая!..
Калі Табе патрэбная ахвяра —
Ёй стану я.


І потым — кожны студзенькі дзень па адным вершы. Апошні з гэтае нізкі напісаны ўжо дома, але ўсё роўна пад пільным вокам ахоўнікаў.

Нечакана легла карта
Мне й табе.
Днём і ноччу ў хаце варта
КДБ.


Тры дзясяткі балюча-пранізьлівых твораў паэт прысьвяціў жонцы, вызначыўшы іх жанр як лісты, лісты да Волі. Імя каханае жанчыны, зь якою разлучыла яго турма, паэт асацыюе з воляй. Гэтае шматзначнае слова-імя праходзіць праз усю турэмную лірыку паэта, аналягаў якое ня ведае сучасная беларуская літаратура.

Зьбіты опэрам, на нары
Лёгшы ніц,
Я прыпомніў, як штукарыў
Дацкі прынц.
Тут ягоныя хістаньні
Не ў цане,
Тут нямашака пытаньня
Быць ці не.
Калі ты каля парашы
Ніцма лёг,
Толькі б выжыць, зубы сьцяўшы,
Даў бы Бог.


Паэма «Турма» — гэта канцэнтрацыя болю, роспачных развагаў у кароткіх перапынках паміж допытамі і катаваньнямі і скрушлівых высноваў аўтара пра беларускую рэчаіснасьць.

…Турма ў турме — і воля ў ёй.
Усе за кратамі ў краіне,
Дзе дух крывіцкі нема гіне,
Разьняты з моваю сваёй.


Прага да волі не пакінула паэта зламаным на турэмных нарах. Апошняя кропка ў паэме «Турма» пастаўленая летась у пераднавагодні вечар у «амэрыканцы» скалечаным фізычна, але неверагодна моцным духоўна творцам і грамадзянінам.

….Сьцяна між намі межавая —
Турэмная сьцяна. Ах, Яска!
Даруй, даруй мне, калі ласка,
Сьцяну! Вы, камяні ў сьцяне,
Даруйце мне, даруйце мне!
Вы ў садзе камянёў маглі
Ляжаць — ды воля на зямлі
Альбо свая, альбо чужая!..
Яна ў вязьніцы выжывае
У гэтым краі страт і скрух,
Але расьце, але мужае,
І разам зь ёй мужае дух,
Якому толькі воля трэба —
Нічога болей!..
Гэты дым,
Які чапляецца за неба
І растае высока ў ім…


Дранько-Майсюк: «Кніга Някляева ўнікальная тым, што створаная ва ўласна беларускай турме»


Леанід Дранько-Майсюк

Леанід Дранько-Майсюк

Пра кнігу турэмнай лірыкі «Лісты да Волі» Ўладзімера Някляева гаворыць паэт Леанід Дранько-Майсюк.

«Беларуская паэзія, створаная ў турмах, — гэта вялікая тэма. Адразу згадваецца Алесь Гарун і яго „Катаржнае пісьмо“. Таксама ж згадваюцца творы Максіма Танка, Валянціна Таўлая, Хведара Ільяшэвіча, Міхася Машары — творы, якія зьявіліся ў віленскіх Лукішках. І ў гэтым зьвязку немагчыма таксама ня ўспомніць і лягерную творчасьць вялікай Ларысы Геніюш.

Аднак жа паэзія Ўладзімера Някляева — якасна іншая, бо яна створаная ня ў царскім, польскім ці савецка-сталінскім астрозе. Яна створаная ва ўласна беларускай турме. Гэта вельмі істотная розьніца.

І паэзія Ўладзімера Някляева — гэта яшчэ і душа легальнага, законнага палітыка, за якога прагаласавалі на вядомых выбарах сотні і сотні тысяч людзей.

А яшчэ творчасьць Уладзімера Някляева — зьява ня толькі беларуская, а больш маштабная. Па адыходзе Васіля Быкава Ўладзімер Някляеў выконвае ў вялікім літаратурным сьвеце тую ж функцыю: ён самы вядомы, самы рэнэсансны і самы знакаміты беларускі пісьменьнік.

І апошняе. Турэмная лірыка нашага геніяльнага творцы адрасная. Яна мае прысьвячэньне. Яна ахвяраваная Вользе — тоненькай, грацыёзнай, прыгожай і вельмі сьмелай жанчыне. Бяз Вольгі такіх вершаў не было б. Выходзіць — самыя лепшыя жонкі ў нас, у беларускіх паэтаў».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG