Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары па аднамандатных акругах паловы дэпутатаў Дзярдумы, прамыя выбары губэрнатараў, спрашчэньне рэгістрацыі партый і грамадзкае тэлебачаньне — гэтыя навацыі прапанаваў прэзыдэнт Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў у Пасланьні Фэдэральнаму сходу.

Як і меркавалі экспэрты, Дзьмітрый Мядзьведзеў у рамках «комплекснай рэформы палітычнай сыстэм краіны», якой ён зьбіраецца займацца ў апошнія месяцы прэзыдэнцтва, заклікаў перайсьці да прамых выбараў кіраўнікоў рэгіёну. Пры гэтым ён не згадаў так званыя «прэзыдэнцкія фільтры» на шляху патэнцыйных кандыдатаў — сыстэму, пра якую раней у ходзе прамой лініі казаў прэм’ер-міністар Уладзімер Пуцін.

Пацьвердзілася і яшчэ адно меркаваньне экспэртаў: прэзыдэнт Расеі вяртае ў палітычнае жыцьцё выбары па аднамандатных акругах, па якіх будзе абраная палова дэпутатаў Дзярждумы — 225 месцаў. На думку Мядзьведзева, парадак, пры якім асобныя рэгіёны ня маюць свайго дэпутата ў Дзярждуме, недапушчальны.

У ліку элемэнтаў комплекснай рэформы згаданы спрошчаны парадак рэгістрацыі партый, аб якім раней таксама казаў Уладзімер Пуцін. Прапанова Мядзьведзева гучыць так: «па заяўцы ад 500 чалавек, якія прадстаўляюць ня менш за 50% рэгіёнаў краіны».

Будзе зьменены парадак фарміраваньня ЦВК — у частцы пашырэньня прадстаўніцтва ад партый. Нарэшце, заявіў Мядзьведзеў, варта «скараціць колькасьць подпісаў выбаршчыкаў, неабходных для ўдзелу ў выбарах прэзыдэнта Расеі, да 300 тысяч, а для кандыдатаў ад непарлямэнцкіх партый — да 100 тысяч».

Тэрміны рэалізацыі гэтых прапаноў названыя не былі.

Сярод іншых ініцыятыў — дэцэнтралізацыя зь пераразьмеркаваньнем бюджэтных даходаў на карысьць рэгіёнаў і муніцыпальных утварэньняў, кантроль над расходамі дзяржаўных службоўцаў, абмежаваньне зьдзелак паміж дзяржаўнымі структурамі і камэрцыйнымі арганізацыямі, якімі кіруюць блізкія сваякі чыноўнікаў.

Асобным пунктам Мядзьведзеў вылучыў неабходнасьць стварэньня ў Расеі грамадзкага тэлебачаньня. Прэзыдэнт ня выключыў, што гэта будзе зроблена на базе аднаго з наяўных тэлеканалаў.

«Я чую тых, хто кажа пра неабходнасьць пераменаў», — заявіў Дзьмітрый Мядзьведзеў. Ён таксама падкрэсьліў: «Гэта не канчатковы сьпіс ініцыятыў, але давайце назапасімся цярпеньнем».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG