Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шарэпка: «У адносінах зь Беларусьсю посьпехаў няма»


Лешак Шарэпка

Лешак Шарэпка

Амбасадар Польшчы Лешак Шарэпка заявіў журналістам, «што афіцыйны Менск не жадае спрашчаць візавы рэжым, замаруджвае пачатак малога памежнага руху, не дазваляе сустрэчы з палітвязьнямі, а таксама не дае павялічыць колькасьць консульскіх супрацоўнікаў у Беларусі».

У Менску прайшла прэсавая канфэрэнцыя амбасадара Польшчы Лешака Шарэпкі і кіраўніцы прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі Майры Мора з нагоды заканчэньня старшынства Польшчы ў ЭЗ.
Перайсьці да пачатку жывога рэпартажу.

12:53 Прэсавая канфэрэнцыя завершылася.

12:50 Шарэпка паведаміў, што амбасада Польшчы ад імя Эўразьвязу накіравала зварот з просьбай сустрэцца з палітвязьнямі. Аднак атрымала адмову. Маўляў, палітвязьні не зьяўляюцца грамадзянамі ЭЗ.

12:44 Шарэпка: таваразварот Беларусі і Польшчы сёлета складзе каля 3 мільярдаў даляраў, яго лёгка можна было б падвоіць.

12:40 Адказваючы на пытаньне, дзе будзе амбасада Польшчы працаваць пасьля 1 студзеня, спадар Шарэпка сказаў, што абстаноўка складаная, але не безнадзейная: «13 сьнежня мы атрымалі дазвол на зьмену юрыдычнага адрасу амбасады, але нам патрэбен час на тое, каб завяршыць там рамонт. Мы спадзяемся на паразуменьне зь беларускага боку. Але да гэтага часу мы не атрымалі ніякага адказу на зварот наконт таго, што рабіць пасьля 1 студзеня з будынкам, дзе мы зараз працуем».

«Паўгоду таму польскі бок прапанаваў афіцыйнаму Менску перамовы пра спрашчэньне візавага рэжыму, паводле якога кошт візаў мог бы паменшыцца з 60 да 35 эўра. Але афіцыйнага адказу зь Менску няма. Толькі неафіцыйна адзін чыноўнік сказаў, што гэта не зьяўляецца прыярытэтам для беларускага боку», — заявіў польскі амбасадар.

12:30 Лешак Шарэпка зазначыў, што Польшча завяршыла ўсе прававыя працэдуры для ўвядзеньня малага памежнага руху. Аднак беларускі бок замаруджвае ўступленьне дамовы ў сілу, заяўляючы, што для гэтага няма «палітычнага клімату».

Шарэпка кажа, што беларускія ўлады не даюць дазволу павялічыць колькасьць консульскіх супрацоўнікаў у краіне.

Майра Мора

Майра Мора

12:20 Майра Мора павіншавала амбасаду Польшчы з пасьпяховым старшынствам у ЭЗ і шырокай культурнай праграмай у Менску.

Мора зазначыла што адносіны ЭЗ і Беларусі ажыцьцяўляецца ў розных галінах, у якіх зацікаўленыя абодва бакі: эканамічная мадэрнізацыя, экалёгія, барацьба зь нелегальнай міграцыяй, падтрымка грамадзянскай супольнасьці.

Мора падкрэсьлівае, што падтрымка беларускай грамадзянскай супольнасьці Эўразьвязам прадугледжвае дапамогу праваабаронцам, ахвярам рэпрэсіяў, фінансаваньне навучаньня беларускіх студэнтаў у Эўразьвязе, падтрымка ЭГУ.

12:15 Амбасадар Шарэпка кажа, што страшынства Польшчы адбывалася ў складаных умовах — крызіс эўразоны, падзеі арабскай вясны. Да посьпехаў Польшчы падчас старшынства ў ЭЗ Шарэпка аднёс актывізацыю перамоваў пра далучэньне да ЭЗ Харватыі і Ісьляндыі, другі саміт «Усходняга партнэрства», перамовы з Украінай.

Шарэпка «Я павінен сказаць, што ў палітычных пытаньнях у адносінах зь Беларусьсю посьпехаў няма. Абстаноўка ня вельмі памянялася. Беларускія ўлады пачалі выпускаць палітычных вязьняў, але цяпер гэты прагрэс затармазіўся».

«Умовы для дыялёгу зь Беларусьсю засталіся тыя самыя — вызваленьне і рэабілітацыя палітвязьняў.

Адносіны зь Беларусьсю замарожаныя, не было ніякіх візытаў на двухбаковым узроўні. Беларусь байкатавала саміт „Усходняга партнэрства“.

Мы таксама дапамаглі працы Эўранэсту. І там таксама няма прадстаўнікоў Беларусі. Польшча рабіла ўсё, каб праблемы Беларусі заставіліся актуальнымі ў Эўразьвязе».

12:05 Лешак Шарэпка адзначыў, што Польшча ўпершыню старшынявала ў ЭЗ з часу яе ўступленьня ў Эўразьвяз у 2004 годзе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG