Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Украіны: Гісторыя з «Femen» — абсалютнае барбарства


Дырэктар інфармацыйнай палітыкі Міністэрства замежных спраў Украіны Алег Валошын.

Дырэктар інфармацыйнай палітыкі Міністэрства замежных спраў Украіны Алег Валошын.

Скандальную сытуацыю вакол затрыманьня і зьдзеку з актывістак украінскага жаночага руху Femen невядомымі ў Беларусі ў інтэрвію карэспандэнту Радыё Свабода камэнтуе дырэктар інфармацыйнай палітыкі Міністэрства замежных спраў Украіны Алег Валошын.

— Украінская апазыцыя крытыкуе зьнешнепалітычнае ведамства за няўцямную пазыцыю вакол сытуацыі зь дзяўчатамі з «Femen».

— Пазыцыя зразумелая: галоўнае, што нашы грамадзянкі былі перададзеныя консульскаму работніку і мы іх даставілі на тэрыторыю Ўкраіны. Канечне, мы разьлічваем на максымальна аб’ектыўнае расьсьледаваньне гэтай сытуацыі беларускімі ўладамі. Пакуль што наўпроставых падставаў вылучаць нейкія прэтэнзіі да ўладаў Беларусі ў нас няма. То бок, нягледзячы на беспрэцэдэнтнае парушэньне іх правоў, у нас няма падстаў лічыць, што гэта былі прадстаўнікі ўлады. Але мы разьлічваем, што Беларусь — сур’ёзная дзяржава і там проста так людзей на вуліцах не хапаюць і ў лес не вывозяць. Калі ўсё ж гэта так, то, значыць, беларускія ўлады адпаведна павінны прызнаць, што ў іх ёсьць праблемы з крымінальнай злачыннасьцю і г.д.

— Практыка вывазу апазыцыйных актывістаў «на гутарку ў лес» у Беларусі мае даўнюю гісторыю, пачынаючы недзе ад канца 1990-х.

— Што тычыцца ў цэлым нашага стаўленьня да дыялёгу ці сыстэмы ўзаемаадносінаў паміж уладай і грамадзянскай супольнасьцю ў Беларусі, то мы ўжо неаднаразова выказвалі салідарнае меркаваньне з нашымі эўрапейскімі партнэрамі: гэта абсалютна не адпавядае таму, што прынята ў сучасных дэмакратычных дзяржавах. Што тычыцца непасрэдна нашых грамадзянак, то, безумоўна, мы не салідарызуемся зь іх грамадзянскім пратэстам, які яны выказалі. Гэта іх уласнае права, бо, як вы ведаеце, гэты рух дакладна гэтак жа апазыцыйна настроены і да ўкраінскіх уладаў. Але гэта цалкам іх права — выказваць пратэст у той форме, у якой яны лічаць неабходным гэта рабіць. Але тое, што адбылося далей, патрабуе расьсьледаваньня. Таму што ёсьць інфармацыя ад іх, а ёсьць інфармацыя ад беларускіх уладаў, якія адмяжоўваюцца ад усяго гэтага. Мы разьлічваем, што беларускія праваахоўныя органы ўсё ж дакладна вызначаць: калі не яны — то хто? Бо я ўпэўнены: калі б адбылося нешта падобнае зь беларускімі грамадзянамі на тэрыторыі Ўкраіны, пазыцыя Беларусі была б абсалютна ідэнтычнай — разабрацца і даць ацэнку. Таму што, безумоўна, ахвярай злачынцаў можа стаць хто заўгодна. Але, як гаварылася ў вядомым фільме «Месца сустрэчы зьмяніць нельга», эфэктыўнасьць дзяржавы вызначаецца не аднаасобным злачынцам, а здольнасьцю дзяржавы са злачынствам змагацца.

— Іншымі словамі, украінскім уладам няма ў чым абвінавачваць сілавы блёк Беларусі?
Мы хочам ведаць: што адбылося, чаму адбылося і хто ў гэтым вінаваты.

— Нам патрэбна расьсьледаваньне. Разумееце, на падставе чаго мы зараз павінны рабіць нейкія палітычныя заявы на адрас беларускага боку, калі датычнасьць органаў улады Беларусі да згаданага інцыдэнту адмаўляецца беларускім бокам? У нас няма падстаў ім ня верыць. Але ў такім разе мы хочам ведаць: што адбылося, чаму адбылося і хто ў гэтым вінаваты?

— Цалкам верагодна, што беларускі бок і далей будзе адмаўляць сваю датычнасьць да гэтай гісторыі. У той жа час дзяўчаты агучваюць факты абсалютна барбарскія, нейкія сярэднявечныя.

— Тое, што яны расказваюць, — абсалютнае барбарства па сваёй сутнасьці. Але, зноў жа, якія ў нас падставы як ва ўкраінскай дзяржавы афіцыйна заяўляць, што за гэтым стаяць менавіта тыя структуры, пра якія гавораць дзяўчаты? Паўтараю: мы разьлічваем, што беларускі бок правядзе расьсьледаваньне. Мы прызнаём сувэрэнітэт беларускай дзяржавы і, больш за тое, дзеяздольнасьць беларускай дзяржавы, якая праяўляецца ў тым ліку і ў здольнасьці знайсьці вінаватых у парушэньні правоў замежных грамадзянаў. І нават калі прагучыць «не», то і ў гэтым выпадку наўрад ці ў нас будуць падставы ў нечым абвінавачваць беларускую ўладу. Апрача як у няздольнасьці знайсьці злачынцаў.

— Старшыня КДБ Беларусі настойвае, што аповеды дзяўчат — гэта іхныя прыдумкі, а КДБ да гэтага ніякіх адносінаў ня мае.

— Правільна, я на гэта і спасылаюся: беларускі бок афіцыйна адмаўляе датычнасьць да гэтай сытуацыі. Адпаведна, мы ж ня можам выслаць нашы ўласныя сьледчыя органы на тэрыторыю Беларусі, гэта немагчыма ў адносінах паміж сувэрэннымі незалежнымі дзяржавамі.

— Разам з тым, дзяўчаты сьцьвярджаюць, што іх катавальнікі нібыта гаварылі ад імя РНЕ. Але «Русское национальное единство» апошнія гадоў дзесяць у Беларусі ня дзейнічае, прынамсі, ніяк сябе не выяўляе.

— Зноў жа, мне цяжка нешта камэнтаваць. Я скажу так: правакацыі — гэта натуральны мэтад працы дадзенай арганізацыі (відавочна, «Femen» — РС). Таму да яе таксама ёсьць пытаньні. Іншая справа, што ня важна, якія мэты і ў якой форме перасьледуе тая ці іншая арганізацыя, але яны ў дадзенай сытуацыі — нашы грамадзяне. Таму мы ўрэшце хочам даведацца: што здарылася з нашымі грамадзянамі, чаму іх правы былі парушаныя?

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG