Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памылковыя ўяўленьні


2011 год выдаўся багатым ня толькі на падзеі. Грамадзкія працэсы, зьмены ў масавай сьвядомасьці разьвіваліся так хутка, што нават іх зафіксаваць, падсумаваць, зрабіць высновы было няпроста. Сытуацыя мяняецца так хутка, што экспэрты не пасьпяваюць яе асэнсоўваць.

Гэты год паставіў пад сумненьне, абверг многія ранейшыя стэрэатыпы, уяўленьні, магчыма, міты пра беларускае грамадзтва, якія існавалі гадамі.

Вось, напрыклад, адзін з распаўсюджаных тэзісаў гучаў так: справа не ў Лукашэнку, справа ў грамадзтве. То бок, цяперашні кіраўнік толькі адлюстроўвае настроі, жаданьні большасьці беларусаў. Асабліва актыўна гэтую думку адстойвае Сяргей Нікалюк.

Цяпер відаць: гэта ня так. Настроі грамадзтва заўважна зьмяніліся.

Сацыялягічныя апытаньні НІСЭПД паказваюць, што насельніцтва сасьпела да рынкавых рэформаў. Таксама большасьць людзей стамілася ад «цьвёрдай рукі», ад атмасфэры страху і хацела б вярнуцца да дэмакратыі. І Лукашэнка зьяўляецца галоўнай перашкодай для рэалізацыі такіх настрояў. Цяпер справа менавіта ў ім.

Яшчэ адно з экспэртных уяўленьняў пра дзейны рэжым фармулявалася так: галоўны фактар ўлады Лукашэнкі — гэта легітымнасьць. Ня ў сэнсе законнасьці, а ў сэнсе падтрымкі яго большасьцю насельніцтва, няхай і адноснай. То бок, цягам амаль 17 гадоў колькасьць людзей, якія падтрымлівалі рэжым і ягонага кіраўніка, была ў 1,5-2 разы большай за тых, хто выступаў супраць.

За гэты год сытуацыя рэзка памянялася.

Паводле верасьнёўскага апытаньня НІСЭПД, колькасьць тых, хто не давяраюць прэзыдэнту, амаль ўтрая большая за колькасьць тых, хто давярае. Менш за палову лічыць апошнія прэзыдэнцкія выбары справядлівымі.
Падтрымка дзяржапарату, сілавых структураў значна больш важная, чым падтрымка электарату.

Але новая сытуацыя пакуль ніяк не паўплывала на трываласьць рэжыму. З гэтага вынікае, што сілавы кампанэнт улады Лукашэнкі значна большы, чым лічылася раней. Падтрымка дзяржапарату, сілавых структураў значна больш важная, чым падтрымка электарату. У пэўным сэнсе можна казаць, што адбылася трансфармацыя рэжыму. Сацыяльная паліцэйская дзяржава ператварылася ў проста паліцэйскую дзяржаву. Гісторыя сьведчыць, што аўтарытарныя палітычныя рэжымы, якія абапіраюцца на падтрымку меншасьці, могуць існаваць даволі доўга.

А вось яшчэ адна цікавая выснова, зьвязаная з апазыцыяй. Усе экспэрты адзначалі, што беларуская апазыцыя слабая, ня здольная нічога памяняць у краіне. Яна можа выйсьці на палітычную арэну і згуляць гістарычную ролю толькі тады, калі нешта трэсьне, лопне ў самім рэжыме. Вось у такой сытуацыі апазыцыя выйдзе з палітычнага гета і стане суб’ектам палітыкі.

І вось гэта здарылася. Беларуская сацыяльная мадэль уступіла ў пэрыяд сыстэмнага крызысу. За кароткі час сярэдні заробак у валютным эквіваленце зьменшыўся ўдвая. «Тэфлёнавы» рэйтынг Лукашэнкі абваліўся, давер да ўлады зьнізіўся да рэкорднага ўзроўню. Урад разгублены. Насельніцтва ўзбударажанае, сацыяльныя сеткі гудуць. Больш спрыяльных умоваў для апазыцыі цяжка сабе ўявіць. Здавалася б, вось яна цяпер сябе пакажа.

Але нічога не адбылося. Апазыцыя як сядзела ў гета, так і сядзіць. Значыць, нешта ня так з нашымі ўяўленьнямі пра апазыцыю? Ці няма сыстэмнага крызысу?

Эканамічны абвал адбыўся падчас спажывецкага буму, які цягнуўся амаль сем гадоў.

Менавіта таму ён вельмі балючы для той, умоўна кажучы, «сярэдняй клясы», якая сфармавалася гэтым часам. І яна не захоча зьніжаць свае спажывецкія стандарты і пачне пратэставаць. Як гэта адбывалася ў іншых краінах, дзе існаваў падобны кантракт аб абмене спажываньня на свабоду.

Аднак, пакуль сур’ёзных пратэстаў няма. Людзі альбо зьніжаюць спажываньне, альбо выяжджаюць за мяжу ў пошуках працы.

Такім чынам, за гэты год мы даведаліся пра беларускае грамадзтва шмат новага. І ня ўсе гэтыя адкрыцьці радасныя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG