Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэха Плошчы: справу Віктара Чайкоўскага закрылі


Віктар Чайкоўскі

Віктар Чайкоўскі

Адміністрацыйную справу за брыдкаслоўе Віктара Чайкоўскага, кіраўніка штабу былога кандыдата ў прэзыдэнты Міколы Статкевіча, спынілі ў сувязі з сканчэньнем тэрміну.

19 сьнежня 2010 году Віктар Чайкоўскі быў прэвэнтыўна затрыманы супрацоўнікамі міліцыі ў Берасьці пры выхадзе з дому. Ён ішоў на вакзал на цягнік у Менск, дзе плянаваў узяць удзел у сустрэчы кандыдатаў з выбарцамі. Супрацоўнікі міліцыі абвінавацілі яго ў брыдкаслоўі.

Падчас суду над Віктарам Чайкоўскім міліцыянты так і ня здолелі знайсьці сьведак, якія пацьвердзілі б яго віну. А вось сьведку, заяўленага Віктарам Чайкоўскім, судзьдзя Андрэй Васілюк з суду Ленінскага раёну Берасьця не палічыў патрэбным браць пад увагу і ня выклікаў у суд. Віктар Чайкоўскі адседзеў 3 сутак.

17 жніўня Вярхоўны суд адмяніў гэтае рашэньне Ленінскага суду і накіраваў справу на перагляд.

Аднак 21 сьнежня апазыцыянэр атрымаў па пошце пастанову зь Ленінскага суду, што справа спыненая «ў сувязі з сканчэньнем тэрмінаў для накладаньня адміністрацыйнага спагнаньня».

Віктар Чайкоўскі кажа, што гэтае рашэньне зьяўляецца абсурдным, і ён будзе яго абскарджваць:

«Як гэта скончыўся тэрмін адміністрацыйнага спагнаньня, калі я адседзеў трое сутак у ізалятары? Я буду дабівацца апраўданьня, бо лічу, што супраць мяне было ўчыненае злачынства. Міліцыянты Токун і Лукашэвіч ілжэсьведчылі супраць мяне. У дзень выбараў схапілі мяне, каб на плошчу не паехаў, і абвінавацілі ілжыва. А цяпер яны гэтую справу так хочуць прыкрыць!»
XS
SM
MD
LG