Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Год пасьля Плошчы: лёсы ўдзельнікаў пратэстаў, ч.3


Вераніка Сташулёнак
Вераніка Сташулёнак

19 сьнежня 2010 году ў акцыі пратэсту ў Менску бралі ўдзел многія дэмакратычныя актывісты з рэгіёнаў. Сотні іх прайшлі праз арышты і ператрусы, зьведалі адміністрацыйны перасьлед. Некаторыя былі вымушаныя пакінуць Беларусь, а большасьць з тых, хто застаўся, улады да сёньняшняга дня пазбаўляюць права на працу і вучобу. Пра тое, як на працягу мінулага году склаўся лёс удзельнікаў Плошчы, расказваюць карэспандэнты «Свабоды».

Вераніка Сташулёнак


​Студэнтка БДУ Вераніка Сташулёнак, жыхарка райцэнтра Мёры не шкадуе, што разам зь сябрамі выйшла летась на Плошчу.

Першае пытаньне да Веранікі: ці няма сёньня сумневу наконт удзелу год таму ў акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасьці ў Менску 19 сьнежня 2010 году?

«Мы слушна зрабілі, што ўдзельнічалі ў той Плошчы, вось! Цяпер ня сорамна!»

Пасьля падзеяў 19 сьнежня мінулага году Вераніка атрымала штраф памерам 1 мільён 50 тысяч рублёў. Аднакурсьнікі і выкладчыкі БДУ дапамаглі сабраць тыя грошы. Дзяўчына сёлета заканчвае філялягічны факультэт. Кажа, што пайшла б на плошчу і ў гэтым годзе, але мусіць засьцерагацца: сёлета яна выйшла замуж, чакае дзіця.

Муж Веранікі, Андрэй Лугін, таксама быў летась удзельнікам Плошчы. Толькі яму пашэнціла менш — ён атрымаў 10 сутак арышту, і з унівэрсітэту яго адлічылі, працягвае Вераніка:

«Ён вучыўся ва ўнівэрсітэце імя Максіма Танка. І калі яму далі 10 сутак, у яго якраз пачыналася сэсія. Яму потым нібыта дазволілі яе пераздаваць, але „завалілі“ на адным іспыце. Вось і ўсё!»

Уладзімер Яроменак


Уладзімер Яроменак
Уладзімер Яроменак
Зямляк Веранікі «маладафронтавец» Уладзімер Яроменак за ўдзел у Плошчы-2010 быў асуджаны на тры з паловай гады ўзмоцненага рэжыму. 13 жніўня гэтага году хлопца адпусьцілі пасьля загаду Аляксандра Лукашэнкі аб памілаваньні.

У верасьні актывіст быў пакараны арыштам на 12 сутак за нацыянальны сьцяг, вывешаны ў цэнтры Менску. Сёлета 19 сьнежня яго затрымалі каля Чырвонага касьцёлу, дзе адбывалася акцыя салідарнасьці і малітва за палітвязьняў. 20 сьнежня Кастрычніцкі райсуд у Менску прысудзіў хлопцу яшчэ 15 сутак арышту. Гэты Новы год, як і мінулы, Уладзімер Яроменак вымушаны сустракаць за кратамі.

Уладзімер Лобан


Уладзімер Лобан
Уладзімер Лобан
За ўдзел у акцыі пратэсту на Кастрычніцкай плошчы ўраджэнцу Верхнядзьвінску Ўладзімеру Лобану таксама прысудзілі тры гады зьняволеньня. У верасьні ён выйшаў на волю ў «апошнім эшалёне» памілаваных Лукашэнкам, але сам прашэньне пра памілаваньне прынцыпова не падаваў.

Цяпер Уладзімер жыве ў Менску, бо ў Верхнядзьвінску вельмі цяжка ўладкавацца на працу. Зрэшты, у Менску таксама пакуль не ўдаецца знайсьці нешта вартае, але спадар Лобан не губляе надзеі, і пра тое, што давялося зьведаць турэмнага досьведу, не шкадуе:

«Канечне, без яго я абышоўся б! Але ж любы досьвед — ён карысны. Я лічу сябе грамадзянінам сваёй краіны, і лічу сваім абавязкам змагацца зь несправядлівасьцю і беззаконьнем. З гэтым трэба змагацца, таму што нельга так жыць. Так жыць нельга! Вось і ўсё».

Янка Лялевіч


Янка Лялевіч
Янка Лялевіч
Затрыманы на Плошчы ў Менску 19 сьнежня 2010 году гарадзенец Янка Лялевіч праседзеў пад арыштам на Акрэсьціна дзесяць сутак — да 29 сьнежня. Новы год сустракаў дома ў Горадні. Але мінулы год быў для яго вельмі цяжкім: пасьля аўтааварыі і сьмерці маці ён апынуўся на «хіміі».

Янка Лялевіч успамінае пра свой арышт на Акрэсьціна:

«Мяне пакаралі 10-дзённым арыштам і я лічу, што 19-га была найбольш яскравая палітычная падзея апошніх дзесяці гадоў. Беларусы выйшлі на плошчу і даказалі тое, што яны заслугоўваюць свабоды. Гісторыю, як вядома, робяць ня ўсе дзесяць мільёнаў беларусаў, а найбольш знакавыя асобы. А я лічу, што на плошчы сабраўся істотны працэнт, нягледзячы на тое, што не было кіраўніцтва. Акцыі „Стоп-бэнзын“, маўклівыя акцыі — яны ў значнай ступені былі выкліканыя падзеямі 19 сьнежня».

Перад адной з маўклівых акцыяў у Горадні Янку Лялевіча затрымалі. Суд зьбіраўся двойчы, але не знайшоў у ягоных дзеяньнях правапарушэньня.

«У мяне маці загінула, я цяпер на „хіміі“, вось так маё жыцьцё перакулілася. Я быццам бы вінаваты, што дапусьціў перакульваньне машыны ў кювет, у выніку якога, пасьля некалькіх дзён у шпіталі, памерла мая мама. Я за рулём быў. Паўтары гады „хіміі“ і пазбаўленьне на пяць гадоў правоў».

Сёньня Янка Лялевіч жыве ў Горадні ў спэцінтэрнаце на вуліцы Лідзкай, працуе грузчыкам у краме. Ён кажа, што да суду ў прэсе было інтэрвію пракурора вобласьці:

«Дзе ён чорным па белым сказаў: вось ён, такі-сякі, пасьля аварыі яшчэ ўдзельнічаў у маўклівых акцыях. Хаця я ў акцыях ня ўдзельнічаў.

Гарадзенскі раённы суд вырашыў, што віна Янкі Лялевіча ў тым, што ён перавысіў хуткасьць:

«Гэта была ў іх адзіная зачэпка, паводле якой мяне асудзілі. Самае страшнае ня „хімія“, а што маці больш няма, гэта самае балючае».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG