Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрт: «У 2012 годзе будзе горш, чым сёньня, але лепш, чым заўтра...»


2012 год прынясе насельніцтву Беларусі новыя падвышаныя кошты на многія тавары і паслугі.

Гэта вынікае з дакладу віцэ-прэмера Анатоля Калініна, зь якім ён выступіў на сумесным паседжаньні абедзьвюх палат Нацыянальнага сходу. Намесьнік кіраўніка ўраду расказаў пра пэрспэктывы ў жыльлёва-камунальнай гаспадарцы, будаўніцтве і транспарце. Татальны рост коштаў чакаецца ўсюды.

У 2012-м годзе ў Беларусі пачне дзейнічаць дыфэрэнцыянаваная сыстэма аплаты за электрычнасьць. «У дадзены момант вылічваецца расход электрычнасьці на аднаго чалавека, і колькі гэта будзе каштаваць», — заявіў віцэ-прэм’ер Анатоль Калінін дэпутатам. А праз гадзіну, ужо адказваючы журналістам, ён назваў і канкрэтныя лічбы:

«Мы плянуем аб’ём карыстаньня на аднаго чалавека парадку 107 кіляват-гадзін электраэнэргіі. Калі ў сям’і два чалавекі, то дадаецца яшчэ 30 кіляват. Калі тры — адпаведна, яшчэ. Мы прааналізавалі, што гэтага хопіць для камфортнага пражываньня і ўжываньня электраэнэргіі. Ну, а тым, хто неашчадна ўжывае электрычнасьць, давядзецца даплаціць 5-10% са свайго бюджэту па сабекошту. Усё гэта нармальна і апраўдана. Так ва ўсім сьвеце адбываецца».

Са словаў віцэ-прэм’ера цяжка зразумець, за якую колькасьць энэргіі сям’я з двух чалавек будзе плаціць нізкую цану — за 137 (107+30) ці за 244 (107+137)? Эканаміст Леў Марголін перакананы — толькі за 137:

Леў Марголін

Леў Марголін

«Гэта разьлічана з таго, што адзін чалавек усё роўна паліць сьвятло ў кватэры. А калі іх двое, то яны не павінны знаходзіцца ў розных пакоях. Яны павінны быць у адным пакоі. А вось калі адзін пайшоў у прыбіральню, то тады гэтыя 30 кіляват акурат і спатрэбяцца».

Падаражэе ў 2012 годзе пасажырскі і грамадзкі транспарт. Міністар фінансаў Андрэй Харкавец сказаў, што за карыстаньне пасажырскім транспартам насельніцтву давядзецца плаціць да 100% сабекошту, грамадзкім — 85%. Сацыяльнае жыльлё ўлады будуць намагацца рабіць танейшым. А вось, што тычыцца звычайных кватэраў, то тут ўсё будуць вырашаць попыт і прапанова. Больш за тое, сёньня выказвалася асьцярога, што цэны могуць узрасьці яшчэ і таму, што да беларускіх пакупнікоў дададуцца расейскія і казахстанскія ў рамках Адзінай мытнай прасторы.

Міхась Залескі

Міхась Залескі

Эканаміст Міхась Залескі на пытаньне «Свабоды», як адаб’ецца ўсё гэта на кішэні жыхара Беларусі, тлумачыць:

«Будзе горш, чым сёньня, але лепш, чым заўтра.Усе гэтыя начальнікі гавораць пра тое, што трэба даводзіць аплату паслуг да 100%. Але ж ніхто зь іх не гаворыць, каб давесьці да 100% заробак. А зрабіць такі заробак яны ня могуць. Бо нармальны працадаўца і сам заробіць, і мне зарабіць дасьць. А ў іх крэатыўнасьці, як цяпер кажуць, ні на грош. Яны ня могуць прыдумаць, чым людзей заняць, і пачынаюць зь іх скуру лупіць».
XS
SM
MD
LG