Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марына Адамовіч: «Я радая таму, што здолела абняць Міколу пасьля году расстаньня»


21 сьнежня ў Шклоўскай папраўчай калёніі № 17 скончылася спатканьне былога кандыдата на прэзыдэнта, палітвязьня Міколы Статкевіча з жонкай Марынай Адамовіч.

Доўжылася яно суткі пасьля ўчорашняй рэгістрацыі іх шлюбу. Як заявіла Марына Адамовіч, Міколу Статкевіча зьбіраюцца перавесьці ў крытую турму як злоснага парушальніка рэжыму. Неўзабаве адбудзецца суд.

Выхаду з калёніі Марыны Адамовіч журналісты й праваабаронцы чакалі пяць гадзінаў. Ім, як і ўчора, было забаронена знаходзіцца ля папраўчай установы. На стаянцы за шэсьцьдзесят мэтраў ад яе быў выстаўлены пост. Як і ўчора, уезд на стаянку перагарадзілі трактарам з прычэпам. Падыходы да калёніі кантралявалі супрацоўнікі турмы, міліцыянты ды людзі ў цывільным. На пытаньні, калі выйдзе Адамовіч, адказ быў адзін — «чакайце».

Марына Адамовіч мелася выйсьці з калёніі а палове на дзявятую раніцы. Выйшла ж адтуль а палове на трэцюю дня ў суправаджэньні супрацоўніка калёніі ў званьні маёра. Як толькі зьявілася Адамовіч, тых, хто прыйшоў яе сустракаць, адцясьнілі яшчэ далей ад турмы.

Затрымку Марына Адамовіч патлумачыла тым, што адміністрацыя калёніі вырашыла працягнуць спатканьне на некалькі гадзінаў:

«Адбывалася падзея, якую я дамагалася год, — рэгістрацыя шлюбу. Доўжылася яна літаральна адну хвіліну, а таксама сутачнае спатканьне, мінімальнае па законе. Першае ўражаньне ў мяне было даволі цяжкае, бо яму не далі ні памыцца, ні пагаліцца. Выглядае ён добра. Ня страціў ні аптымізму, ні здаровага гумару. Ёсьць толькі невялікая розьніца ў сіле рукі, а так ён цалкам аднавіўся».

Цяпер, паводле жонкі, Мікола Статкевіч знаходзіцца ў памяшканьні камэрнага тыпу.

Адамовіч:«Ён чакае суду, які, хутчэй за ўсё, вызначыць для яго перавод у крытую турму».

Карэспандэнт: «Яго лічаць злосным парушальнікам?»

Адамовіч: «Так».

Карэспандэнт: «Што пераказваў калегам, паплечнікам?»

Адамовіч: «Пераказваў глыбокую ўдзячнасьць людзям, якія сёньня змагаюцца. Аналізуючы падзеі гадавой мінуўшчыны, ён кажа, што адна з галоўных задачаў, мэтаў была дасягнутая Плошчай. Па сутнасьці была паказаная непрымальная для сьвету маральная, эканамічная, палітычная сытуацыя ў нашай краіне. Гэта прывяло да краху штучнай мадэлі эканомікі».

Перад спатканьнем, як зазначыла Марына Адамовіч, яна прайшла пільны агляд рэчаў. Гэтаму не зьдзівілася, бо сустракала яе ўся адміністрацыя калёніі.

Мікола Статкевіч
Нарадзіўся 12 жніўня 1956 году ў вёсцы Лядна Слуцкага раёну Менскай вобласьці ў сям'і настаўнікаў.

1978 г. Скончыў Менскую вышэйшую інжынэрную зэнітна-ракетную вучэльню.

1986 г. Абараніў кандыдацкую дысэртацыю.

Працаваў выкладчыкам Менскай вышэйшай інжынэрнай зэнітна-ракетнай вучэльні.

Люты 1991 г. На знак пратэсту супраць падзей у Вільні выйшаў з КПСС.

1991 г. Сябра Цэнтральнай рады і выканаўчага камітэту Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада).

1995 г. Старшыня БСДП (НГ).

1991—1995 гг. Стваральнік і кіраўнік Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў.

2000 г. Удзельнічаў у выбарах у Палату прадстаўнікоў.

2005 г. Асуджаны на тры гады абмежаваньня волі за арганізацыю 18—19 кастрычніка 2004 году ў Менску вулічнай акцыі супраць афіцыйных вынікаў парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму. Па амністыі тэрмін абмежаваньня волі быў скарочаны на год.

Кіраўнік аргкамітэту ў справе стварэньня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада).

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG