Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства па падатках і зборах хоча зьліквідаваць БХК


Міністэрства па падатках і зборах просіць Міністэрства юстыцыі распачаць працэс ліквідацыі праваабарончай арганізацыі Беларускі Хэльсынскі камітэт.

Пра гэта старшыні БХК Алегу Гулаку паведамілі ў Мін’юсьце.

Паводле закону, калі арганізацыя мае два папярэджаньні, якія былі вынесеныя цягам году, Мін’юст мае права праз суд запатрабаваць прыпыніць дзейнасьць арганізацыі або ліквідацыі яе.

Першае ў 2011 годзе папярэджаньне БХК атрымаў 12 студзеня за «парушэньне заканадаўства аб грамадзкіх аб’яднаньнях, сродках масавай інфармацыі, распаўсюд недакладнай інфармацыі».

6 чэрвеня Мін’юст вынес другое папярэджаньне арганізацыі за «парушэньні падатковага заканадаўства, якія носяць працяглы характар». Абскарджаньне гэтага папярэджаньня у судзе не прынесла праваабаронцам станоўчых вынікаў.

На думку афіцыйных асобаў, БХК павінен заплаціць у бюджэт звыш 240 млн. рублёў падаткаў і штрафных санкцый па выкарыстаных у 2002-2003 гадах грантах Эўракамісіі, якія, згодна з мiжнароднымі дамовамі, падаваліся ў безнаяўнаму рэжыме. У рамках міжнароднай тэхнічнай дапамогі ад Эўракамісіі фінансаваліся больш за 30 грамадзкіх аб’яднаньняў, аднак падатковыя плацяжы былі налічаны толькі ў дачыненьні да двух арганізацый.

Інспэкцыя Міністэрства па падатках і зборах па Маскоўскім раёне Менска пацьвердзіла мэтавае выкарыстаньне атрыманых сродкаў. Разам з тым інспэкцыя налічыла суму да выплаты.

БХК абскардзіў рашэньне інспэкцыі у судзе. Нацыянальныя суды ўсіх інстанцый пастанавілі, што праваабаронцы нічога не павінны кампэнсаваць у бюджэт.

Аднак напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2006 года, маніторынг якіх ажыцьцяўляў БХК, рашэньні гаспадарчых судоў былі перагледжаныя Прэзыдыюмам Вышэйшага гаспадарчага суду. Інспэкцыя Міністэрства па падатках і зборах апісала і канфіскавала маёмасьць БХК на 255 тысяч рублёў. Рахункі арганізацыі арыштавалі.

Разам з тым, у 2006 годзе Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў Камітэта дзяржкантролю спыніў крымінальную справу, узбуджаную за адхіленьне ад выплаты падаткаў у дачыненьні да службовых асоб БХК, у сувязі з адсутнасьцю падзеі злачынства.

У цяперашні час БХК вядзе перапіску зь Мін’юстам па дадзенай праблеме, піша БелаПАН.
XS
SM
MD
LG