Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чэхія разьвітваецца з Гаўлам. Прыйшлі спачуваньні расейскага пасла.


У Чэхіі працягваецца цырымонія разьвітаньня з першым прэзыдэнтам краіны Вацлавам Гаўлам. Да пятніцы яму могуць пакланіцца ўсе, хто шануе асобу вялікага эўрапейца.

Тысячы людзей ідуць пакланіцца труне першага прэзыдэнта, якая выстаўленая ў былым касьцёле Сьвятой Ганны, які пазьней быў перададзены фундацыі Вацлава і Дагмар Гаўлавых. Чэскі парлямэнт сёньня ўшанаваў памяць памерлага палітыка на надзвычайным пасяджэньні. Ад заўтра ў краіне абвешчаная трохдзённая жалоба.

Пахаваньне Вацлава Гаўла адбудзецца ў пятніцу ў самым знакамітым і вялікім чэскім касьцёле Сьвятога Віта. На пажаданьне сям’і нябожчык будзе крэміраваны. Чэхія рыхтуецца пахаваць экс-прэзыдэнта з усімі дзяржаўнымі рытуаламі. Некаторыя зь іх будуць адпавядаць цырымоніі разьвітаньня зь першым прэзыдэнтам Чэхаславаччыны Тамашом Масарыкам (як напрыклад перавоз труны на лафеце шасьцёркай славутых кладрубскіх коней).

На пахаваньні чакаецца прысутнасьць прэзыдэнтаў Францыі, Нямеччыны, Аўстрыі, Польшчы, Славаччыны, дзяржсакратара ЗША Хілары Клінтан і экс-прэзыдэнта Біла Клінтана. Расейскую Фэдэрацыю, паводле зьвестак Інтэрфаксу, будзе прадстаўляць амбудсмэн Уладзімір Лукін. Сёньня ж прэсавая служба дзейнага чэскага прэзыдэнта пацьвердзіла, што ў панядзелак дыпляматычнай поштай былі атрыманыя афіцыйныя спачуваньні ад кіраўніцтва Расейскай Федэрацыі. Радыё Свабода ўдакладніла, што ад імя Д.Мядзьведзева і У.Пуціна іх выказаў у сваім лісьце расейскі пасол у Празе. Раней мэдыі пісалі пра заўважную марудлівасьць Крамля і зьвязвалі гэта з той крытыкай, якая гучала з вуснаў Гаўла на адрас Расеі і асабіста Уладзіміра Пуціна. Пазыцыя Вацлава Гаўла выразна паўплывала на тое, што Пуцін сёлета не атрымаў прэстыжную нямецкую ўзнагароду Квадрыга. Сёньня сярод іншых грамадзкіх дзеячоў у чэскае пасольства ў Маскве прыйшоў і Міхаіл Гарбачоў, каб выказаць свае спачуваньні.
XS
SM
MD
LG