Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Берасьці з сутак выйшлі актывісты БХД Шурхай і Чаркашын


Зьміцер Шурхай

Зьміцер Шурхай

Актывісты аргкамітэту БХД Зьміцер Шурхай і Алесь Чаркашын выйшлі сёньня з ізалятару часовага ўтрыманьня пасьля пяцісуткавага пакараньня Маскоўскім судом Берасьця.

Шурхай і Чаркашын былі затрыманыя 15 сьнежня па дарозе з Кобрыні, куды яны езьдзілі рыхтавацца да зьезду БХД. Аднак на пад’езьдзе да Берасьця іх аўтамабіль спынілі міліцыянты, якія прапанавалі праехаць у Маскоўскі РАУС. Маўляў, машына актывістаў падобная да той, якая ўчыніла наезд на пешахода ў Менску. Аднак у РАУС на палітыкаў склалі пратакол за брыдкаслоўе.

16 сьнежня судзьдзя Тацьцяна Ўрбановіч прысудзіла ім па 5 сутак арышту.

Зьміцер Шурхай так пракамэнтаваў сваю адсідку пасьля выхаду на волю:

«Адсядзеў гэтыя 5 сутак на адным дыханьні, калі так можна сказаць — усё ж ня першы раз.. Персанал ізалятару ставіўся ў асноўным станоўча. Мы зь імі ўжо добра знаёмыя, і таму ведаем як зь імі кантактаваць ужо. Мая «шконка» была верхняя, то на столі пакінуў надпіс «Шоб Он Сел...»

Падчас знаходжаньня ў ізалятары часовага ўтрыманьня актывісты накіравалі скаргу на прысуд у абласны суд Берасьця. Палітыкі кажуць, што ня лічаць сябе вінаватымі, а прысуд на іх думку, зьяўляецца палітычнай замовай.

«Напісалі скаргу на пастанову суда, і запатрабавалі, каб праверылі ўсе судовыя справы судьдзі Ўрбановіч за апошнія 6 месяцаў, бо яе суд над намі ніяк нельга было назваць незалежным і аб’ектыўным», — рэзюмаваў Зьміцер Шурхай.
XS
SM
MD
LG