Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка так і не «разабраўся» з Карымавым


Іслам Карымаў

Іслам Карымаў

20 сьнежня ў Маскве адбылося паседжаньне Рады калектыўнай бясьпекі АДКБ на ўзроўні прэзыдэнтаў краінаў. Беларусь, якая на працягу мінулага году старшынявала ва ўсіх статутных органах АДКБ, перадала гэту ролю Казахстану. Да выключэньня з арганізацыі Узбэкістану, пра магчымасьць чаго раней казаў Лукашэнка, не дайшло.

Беларускі лідэр сёлета ня раз казаў пра тое, што спрабуе павярнуць АДКБ да больш практычнай працы — канстатуе дацэнт Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту, спэцыяліст ў галіне міжнародных вайсковых арганізацыяў Вячаслаў Пазьняк:

«Каб была прасунута далей прававая база арганізацыі, бо прававыя аспэкты дзейнасьці АДКБ былі вельмі слаба абгрунтаваныя. І яны прадугледжвалі вельмі павольны рух. Тое-сёе зрабілі — унесьлі дадаткі да статуту, Беларусь і Расея першымі ратыфікавалі дакумэнты.

І другая праблема — неяк вызначыцца з Узбэкістанам».

Узбэкістан выходзіў з АДКБ, потым вярнуўся ў гэту арганізацыю. А ўдзельнічаць у КСАР — калектыўных сілах апэратыўнага рэагаваньня АДКБ прэзыдэнт Карымаў пагаджаецца толькі зь істотнымі агаворкамі. І таму Лукашэнка сёлета некалькі разоў публічна заяўляў, што «з Узбэкістанам трэба разабрацца».

Для беларускага лідэра паліцэйскія функцыі КСАР, якія фактычна скіраваныя на абарону аўтарытарных рэжымаў, цяпер самае прывабнае ў АДКБ. І ў гэтай сытуацыі Карымаў яму перашкаджае, адзначае міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі:

«А ня ўдзельнічае Ўзбэкістан альбо нехта іншы ў КСАР, то гэта падрывае ўсю іхнюю прызначанасьць. А менавіта — Лукашэнка падчас падзеяў у Кыргызстане, калі народ зваліў Бакіева, абураўся: чаму АДКБ яго не абараняе?! І таму сёлета менавіта Лукашэнка (я думаю, яшчэ і з аглядкаю на Маскву), як сёлетні старшыня АДКБ узяў на сябе ролю выключэньня Ўзбэкістану з АДКБ. Але гэтага не атрымалася».

Раман Якаўлеўскі называе і яшчэ адну прычыну, чаму ў Аляксандра Лукашэнкі не складваюцца стасункі зь Ісламам Карымавым:

«Гэта выклікана яшчэ і тым, што апошнім часам вельмі дынамічна разьвіваюцца стасункі паміж Ташкентам і Вашынгтонам. І ў гэтым вельмі важную ролю адыгрывае былы амбасадар ЗША ў Беларусі, а цяпер амбасадар ва Ўзбэкістане — Джордж Крол».

Ці маглі апошнія падзеі ў Казахстане стаць пляцоўкай для спробы КСАР АДКБ у дзеяньні, пытаюся дацэнта Вячаслава Пазьняка:

«Гэта вельмі гіпатэтычная магчымасьць. Не настолькі ўжо там сцэнар разьвіцьця падзеяў быў пагражальным, каб Назарбаеў мог адчуваць сябе няўпэўнена і прасіць дапамогі ў АДКБ. Калі б ён так зрабіў, то гэта, несумненна, стала б моцным ударам па ягоным аўтарытэце, прэстыжы і статусе».
XS
SM
MD
LG