Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Някляеў: «Уладу душыць страх»


Затрыманьне на акцыі 19 сьнежня
Затрыманьне на акцыі 19 сьнежня

У панядзелак увечары ў Менску была жорстка разагнана акцыя ў памяць аб падзеях 19 сьнежня 2010 года «Запалім сьвечку надзеі». Паводле зьвестак сталічнай міліцыі, 34 чалавекі былі затрыманыя і асуджаныя на тэрміны ад трох да дзесяці сутак. Перад акцыяй міліцыя і спэцслужбы палявалі на лідэраў апазыцыі. Іна Студзінская выслухала ацэнкі дзеяньняў уладаў з розных бакоў.

Прэсавы сакратар ГУУС Менгарвыканкаму Аляксандар Ластоўскі агучвае афіцыйную пазыцыю: калі людзей затрымалі, значыць, былі падставы. А сур’ёзныя гэтыя падставы ці не —рашэньне прымае не міліцыя, а суд:

«Запаліць сьвечку — гэта вельмі зручнае апраўданьне сваіх дзеяньняў. Але з пункту гледжаньня закону гэтыя дзеяньні падпадаюць пад парушэньне парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў. Можна па-рознаму лямантаваць на форумах, пытацца: „Як, чаму, што за непарадак?“ Але якраз непарадак — праводзіць мерапрыемствы ў парушэньне закону. А вось гэта квінтэсэнцыя: „стаяць са сьвечкай, запаленай у руках, а іх забіраюць — гэта блюзьнерства“ — гэта неюрыдычны тэрмін. Юрыдычны тэрмін — гэта парушэньне парадку масавых мерапрыемстваў. І дэ-факта, і дэ-юрэ».

Праваабаронца Ўладзімер Лабковіч лічыць, што дзеяньні ўладаў у панядзелак увечары былі абсалютна незаконныя:

«Тое, што ўчора адбывалася каля Чырвонага касьцёлу, ня мела ніякіх прыкметаў масавага мерапрыемства. Людзі не выказвалі ніякіх пратэстаў ці стаўленьня да нейкіх грамадзкіх падзеяў. У прынцыпе, запальваньне сьвечак каля касьцёлу — нармальная практыка, і толькі ў такой вычварэнскай краіне, як наша, такія дзеяньні могуць трактавацца як парушэньне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах. Мала таго, што само заканадаўства даведзена да абсурду, і любыя зборы людзей пагаварыць сам-насам можна трактаваць як масавае мерапрыемства. Безумоўна, прысуды, што выносяцца людзям зараз, абсалютна незаконныя. Па-іншаму гэта ніяк не назавеш».

Многіх актывістаў увечары 19-га ізалявалі. Віталя Рымашэўскага трымалі прыкаваным да лаўкі ў пастарунку, Ірыну Халіп выклікалі ўвечары ў міліцыю. Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька 19 сьнежня быў заблякаваны ў сваёй кватэры, на пляцоўцы дзяжурылі міліцыянты. Вось як спадар Лябедзька ацэньвае дзеяньні ўладаў:
Хто на што здольны, той тое і дэманструе. Беларускія ўлады здольныя дэманстраваць поўны ідыятызм, і яны яго дэманструюць.

«Хто на што здольны, той тое і дэманструе. Беларускія ўлады здольныя дэманстраваць поўны ідыятызм, і яны яго дэманструюць. Страху зараз больш сярод улады, чым у апазыцыі. Трымаюцца за ўладу пры дапамозе сілавых структураў, АМАПу, міліцыі, КДБ, судоў — гэта „народная“ падтрымка Аляксандра Лукашэнкі. Чаго ўлады сёньня больш за ўсё баяцца — гэта свабодных, вольных выбараў і мажлівасьці нармальнай размовы, дыялёгу, калі б апазыцыя магла напрасткі зьвяртацца да людзей».

Лідэр грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду», паэт Уладзімер Някляеў:

«Душыць страх іх праз адно: што ўсё гэта — лірыка ці этыка, проза ці паэзія — можа выліцца ў такі пратэст, які ім будзе не спыніць. І гэта, урэшце, насамрэч будзе, і яны нездарма баяцца. Людзі проста пайшлі на вуліцу ўвечары — запаліць сьвечкі, каб памаліцца за палітзьняволеных: абсалютна чалавечыя ўчынкі і нечалавечая рэакцыя. Гэта толькі ад страху. І яшчэ: учора, яны, канечне, пераслужыліся. Гаспадар зьехаў у Маскву і сказаў: „Глядзіце, каб у доме быў парадак“. Таму Барсукоў дзейнічаў як „шчыпач“ — ёсьць такія злодзеі дробныя, якія на жаночых сумачках практыкуюцца. Бегаў па праспэкце начальнік менскай міліцыі, як „шчыпач“! Гэта нават па-за межамі ацэнак, маральных ці амаральных, прыстойнасьці ці непрыстойнасьці».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG