Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Гамбурскі рахунак Бахарэвіча” як мастацкі твор


Літаратурная дыскусія Свабоды:

• Гамбурскі рахунак Бахарэвіча
• Альгерд Бахарэвіч. Цёмнае мінулае Каяна Лупакі
• Рыгор Сітніца: «Нацыянальнае хунвэйбінства трэба спыняць»
• Ян Максімюк. Цёмная камора белліту
• Барыс Пятровіч: Люблю чытаць Бахарэвіча
Міхась Скобла. Купала Янка і лаянка
Сяргей Дубавец. Залатая мумія
Аляксей Братачкін. Янка Купала як «месца памяці»

(Філялягічнае прачытаньне эсэ Альгерда Бахарэвіча пра «Новую зямлю» Якуба Коласа)

Што за жанр?

На жаль, большасьць дыскутантаў разглядае «бязьлітасныя» тэксты Бахарэвіча толькі як літаратурную публіцыстыку, а не як мастацкі твор з элемэнтамі літаратурнага аналізу. Таму натуральна, што пры такім падыходзе спрэчкі вядуцца з пункту гледжаньня «нацыянальнага фундамэнталізму» ды хрысьціянскай этыкі і зусім не закранаюць спэцыфікі выбранага аўтарам жанру. Я вызначаю яго для сябе як гарэзію з гіпэрбалізаваных мэтафар. Зразумела, што з пункту гледжаньня нашага традыцыйнага літаратуразнаўства некарэктна рабіць мадэрную «вівісэкцыю» клясычных твораў, напісаных сто і больш гадоў таму без уліку асаблівасьцяў той эпохі і дэсакралізуючы сьвятыні. Мы як нацыя зь недафармаванай самаідэнтыфікацыяй пакуль баімся іранізаваць самі зь сябе. Аднак краса мастацтва — і ў сузіраньні гнілога конскага цела, і фігуры састарэлай прыгажуні Альм’ер. Гэта — паводле Бадлера і Радэна. У гарэзіі ёсьць таксама свая прыгажосьць, але для гэтага трэба разьняволіцца і выйсьці за межы дабра і зла.

Мне падаецца, што рэдакцыя «Свабоды» ужо напачатку запраграмавала пэўны сьцёб, калі, анансуючы твор, заявіла: «Новы эсэістычны цыкль — „Гамбурскі рахунак Бахарэвіча“ — гэта бязьлітасны погляд пісьменьніка на беларускую клясыку. Бяз скідак і авансаў. Па гамбурскім рахунку». Я напачатку сам «павёўся» на дэсакральную стылістыку і перапоўніўся праведным гневам. Помню, на адной літаратурнай прэзэнтацыі ў «Галерэі Ў» накінуўся на Сяргея Шупу, які даводзіў пра «Гамбурскі рахунак»: «Дык гэта ж літаратурны твор! ...». Потым я зразумеў, што тут няма ніякага аналізу беларускай літаратуры, а ёсьць толькі мазаічныя іранічныя эсэ-мазкі пра асобных беларускіх творцаў з алюзіямі на эўрапейскі дыскурс, разьлічаныя на скандальную рэакцыю. У канцы цыклю, можа, Бахарэвіч, зьявіцца на экране манітора і са сваёй сарданічна-мэфістофэльскай усьмешачкай, як тое відаць на фотапартрэце, што суправаджае уступ да цыклю, ды скажа: «Хлопцы, я ж пажартаваў! А вы — усур’ёз ...».

Я так пішу, добразычліва выконваючы першы запавет чытача і крытыка: паспрабуй спачатку зразумець сьвядомыя (і падсьвядомыя!) фігуры творцы, а потым ужо сублімуй сваё адчуваньне. Можа, я памыляюся ў сваіх развагах? Можа з табакеркі Бахарэвіча выскачыла ня тое, што прачытваецца мною?

У плыні мэтафар

Алюзіі ды мэтафары аўтара вельмі часта «гермэтычныя» для сярэдняга беларускага чытача і, апалягічна трактуючы, — сьведама гіпэрбалізаваныя. Канешне, тут адыграла сваю ролю і «мазаічная начытанасьць» аўтара, як і ўсіх нас, людзей савецкай школы, якія, ня маючы сыстэматычных ведаў у эўрапейскай гуманістыцы, сьпяшаюцца падзяліцца сваімі запозьненымі адкрыцьцямі з бліжнім. Нездарма ў нас папулярныя літаратурныя ўспаміны тыпу: «Учора прачытаў у Талстога ... Летась у Каралішчавічах перачытваў Пруста ...» Бахарэвіч запампоўвае свае «адкрыцьці» ў мэтафары. Калі б я быў не чытачом, а злым літаратурным крытыкам з адценьнем нацыянальнага фундамэнталізму, я б мэнтарскім тонам павучаў Бахарэвіча, што дэсакралізацыя — гэта пагана, а перабор з мэтафарызацыяй звужае кола чытачоў, бо ня ўсе ж, напрыклад, ведаюць, хто такі Мэтэрніх і што такое Туле, а некаторыя параўнаньні «цягнуць» на характарыстыку тыпу «у агародзе бузіна, а ў Кіеве дзядзька». Вядома ж: людзі часта злуюцца, калі нешта не разумеюць. Тады йдзе ўсялякая крытыка. Мне ж, як «сапсаванаму» германістыкай чытачу, падабаецца раскусваць мэтафарычныя гіпэрбалы «нашага чалавека ў вольным ганзейскім горадзе Гамбургу».

Лупленьне цыбуліны памяці як катарсіс ад «усеагульнай нянавісьці»

Адразу скажу, што мне жанр гарэзіі ня блізкі. Пэўна, па прычыне іншага псыхічнага складу ды жыцьцёвага досьведу ў параўнаньні з бахарэвічаўскім. Тут можна было напісаць па-француску падзагаловак «Стыль — гэта чалавек» ды пачаць рабіць разгорнуты псыхааналіз аўтара, якога завуць Альгерд Бахарэвіч.

Мэтафарыст Бахарэвіч паводле гамбурскага рахунку ва ўступным слове да цыклю і ў эсэ пра Коласа дае сам сабе характарыстыку трапнымі кароткімі пасажамі, зь якіх мы даведваемся, што ён вырас на гарадзкім правінцыйным асфальце, на дзявятым паверсе камунальнага дому, з пыльным ліфтам, што ён «быў выгнаны зь дзяцінства», што ягоная настаўніца беларускай літаратуры мела мянушку «Жаба», што яна, «бясконца стомленая, ... як добрая пажылая жаба, выпаўзала на шчарбатыя пліты школьнага клясычнага курсу белліту, каб пагрэцца на сонейку ...» Далей аўтар заўважае, што гэтая атмасфэра «прымушала пачувацца саўдзельнікам усеагульнай нянавісьці ...». Трэба разумець, нянавісьці да беларускай літаратуры, якая для будучага пісьменьніка зь дзяцінства сьціснулася у школьна-савецкую дзёньнікавую абрэвіятуру «белліт». Нездарма ж ён «пляваўся» малым і ад беллітаўскай «Новай зямлі». Якое шчырае і бязьлітасна-змрочнае валоданьне словам! Удумайцеся ў пасаж пра саўдзел ва ўсеагульнай нянавісьці. Уся стылістыка «гамбурскага рахунку» тады паўстае як катарсіс, як збаўленьне ад комплексаў школьнага дзяцінства, як жаданьне коштам гіпэрбалізаваных мэтафар як найхутчэй навярнуць нас на эўрапейцаў, — вывесьці з хмызняку «белліту» ў «Сад Мэтэрніха», каб пазбавіць нас ад саўдзелу ва «ўсеагульнай нянавісьці», якая прадукуецца індактрынацыяй прымітыўнага «белліту». Гэтую, на мой погляд, галоўную мэтафару паспрабую «прачытаць» у заключнай частцы сваіх нататак.

Мне (як, мусіць, і крытычным дыскутантам Сітніцу ды Скоблу) пашанцавала больш. Праз вокны ў хату, дзе прайшло маё дзяцінства, з аднаго боку заглядалі з гародчыка галінкі бэзу, з другога рос сад. У хаце чыталі ўслых беларускія кніжкі. «Новая зямля» была адной з найбольш папулярных. Вершы зь яе былі, як кажуць, разабраныя на цытаты па ўсёй вёсцы. Мясцовыя паэты (да іх належала і мая маці) складалі вершаваным памерам «Новай зямлі» прыперчаныя вершаваныя абразкі з нагоды сьмешных мясцовых падзей. Для мяне зь дзяцінства не існавала «белліту», бо я ўсяго два гады хадзіў у вясковую школу. Першы год пасьля вайны ў нас школы увогуле не было, потым не было чаго абуваць, і ў школу я хадзіў толькі «да сьнегу», потым вучыўся ў Менску ў Сувораўскай вучэльні, дзе ўсё было па-расейску. Хатняе чытаньне ўслых спарадзіла сьветлую радасьць бачыць і чуць у навакольлі тое, што чулася ў вершах, дзе ўсё ціўкала, скварчэла, шапацела... Канешне, гэта быў той рэалізм, нават натуралізм, які сёньня як бы ўстарэў. Але гэта была прышчэпка ад халоднага сэрца.

Мэтафарычны сад Бахарэвіча а ля Мэтэрніх

Эсэ пра Якуба Коласа ў параўнаньні з «Каянам Лупакам» — спрэс супэрлятывы і гіпэрбалы. Пэўна, Бахарэвіч вырашыў зрэагаваць на патрыятычную крытыку і аддаць Якубу Коласу тое, што не дадаў Янку Купалу і нават больш за тое.

Паспрабую прайсьціся крок за крокам па мэтафарычным садзе Бахарэвіча ў эсэ «Для тых, хто шукае Туле», прысьвечаным «Новай зямлі Якуба Коласа». Якія дрэвы і кусты тут толькі не растуць! Гэта — перш-наперш сама Туле, потым «раўнатоўсты» Коласавай паэме" Уліс«, крымінальны кодэкс, натхняльнік Коласа ангелец Роберт Скот, тры бразыльскія Тэры Новы, 90-працэнтовасьць дзеяслоўных рымаў, дзядзька Міхал як пасьлядоўнік Жульена Афрэ дэ Ля Мэтры, беларусы як лясныя шапэнгаўэры, згублены рай (пэўна з алюзіяй на Мілтана), дудкі з дудуткамі, Якуб Колас у плыні слоў, як воўк, што захлынуўся на стрыжані ракі, амэрыканская мара на Стаўпеччыне і, канешне ж, не-азіят Мэтэрніх у сваім венскім садзе.

1. Таямнічая Туле. Спачатку скажу Бахарэвічу дзякуй. Ён перарывае памылковую традыцыю беларускай літаратуры, якая, ідучы за расейскай (Барыс Пастэрнак ды інш.), дагэтуль пісала «Фуле» (рэфлекс з старажытнагрэцкай мовы пры трансьлітарацыі Thule), маючы на ўвазе месца знаходжаньня стальца мітычнага караля гіпэрбарэйскага калена (ці то ісьляндзкага, ці то якога іншага). Так, напрыклад, і наша беларуская Маргарыта з «Фаўста» у рэчытатыве і ў балядзе ў сваёй спальні сьпявае: «Жыў-быў кароль у Фуле ...».

Мэтафара пра Туле ў пэўнай ступені гермэтычная, гіпэрбалізаваная (сасьлізгваецца ў сэмантычную некарэктнасьць) і правакацыйная. Патлумачу. Сэмантычны шок ад незразумелага да камічнага (для сярэдняга чытача) выцякае з гіпэрбалізацыі параўнаньня мары пра новую добрую дзялку зямлі «на сваіх лядах», якую песьцяць героі «Новай зямлі» Якуба Коласа, да «эўрапейска-ўсясьветнага маштабу». У лік шукальнікаў Туле Бахарэвіч уключае і сябе: «...я, юны графаман, у свае васямнаццаць, выгнаны зь дзяцінства, шукаў нешта: полюс? Туле?...» Шок і непаразуменьне дапытлівага чытача кампэнсуецца пазьней здабытымі самастойна ведамі пра тое, што Туле, пра якую пісалі яшчэ Сэнэка і авантурысты часу Вялікіх геаграфічных адкрыцьцяў, — гэта мітычная зямля гіпэрбарэйцаў, недзе паміж магнітным і геамагнітным полюсамі Зямлі, на самым паўночна-заходнім краі Грэнляндыі з эскімоскай назвай Qaanaaq, ад якой ідзе падземны тунэль аж да тыбэцкай Шамбалы...

Выраз «пошукі Туле» для беларускага чытача — усяго толькі гіпэрбалізаваная рамантычная мэтафара. У актуальным эўрапейскім успрыманьні, асабліва ў нямецкім — трошкі сьлізкаваты. Дапусьцім, што Бахарэвічавы эсэ пераклалі на нямецкую мову. Набярыце ў інтэрнэце па-нямецку «Suche nach Thule» (пошукі Туле) і паглядзіце, што там выскачыць: і свастыка, і бравурныя маршы, і Шыкльгрубэр, і «Одын», і РНЕ, і візуальна-музычная псыхадэліка. Тут можна гадаць, ці гэта заплянаваны эпатаж, ці Бахарэвіч нічога ня ведае аб праварадыкальных гамбурскіх Thule-Gesellschaften (Туле-групоўках).

2. Амэрыканская мара. Параўнаньне мары стаўпецкага Міхала з амэрыканскай марай пра «новую зямлю» пратэстанцкіх каўбояў, што ўцяклі з каталіцкай Эўропы, прачытваецца як замілаваная гіпэрбала з жаданьнем упісаць нас ва ўсясьветны дыскурс. У першым прыбліжэньні гэта так. Але тут губляецца ня менш мілы нашаму сэрцу «кут» (там — бязьмежныя прэрыі), з маральна-этычнай максымай, якую і для нас гадоў 25 таму сфармуляваў не зусім расейскі па духу акадэмік Ліхачоў у сваіх лекцыях і эсэ «О русском»: сапраўдная маральнасьць, сузіральная людзкасьць, гаспадарлівасьць бяз хцівасьці могуць існаваць толькі пры аселым існаваньні без вар’яцкай гонкі за новымі землямі і «ясачнай рэнтай». Гаворачы пра «амэрыканскую мару» дзядзькі Міхала, далёкую недасяжную Туле, «здаровую канкурэнцыю», аўтар зьбіваецца на сучасную публіцыстыку і ня хоча заўважаць, што беларусы ў час дзядзькі Міхала яшчэ не былі мабільнымі, як англа-саксы. Пісаў жа у той час Купала: не шукай ты шчасьця-долі на чужым далёкім полі ...

Наступная мэтафара пра Робэрта Скота, пра «новую зямлю» якога Якуб Колас «ня мог ня ведаць» і пэўна ж таму так назваў свой твор. Прыгожа і па-эўрапейску. Можа, і ведаў. Але ж філялягічная праўда ў тым, што гэты вобраз да Якуба Коласа хутчэй за ўсё прыйшоў з старазапаветнай легенды пра новую «зямлю абяцаную» ды беларускай назвы ўробленай няўдобіцы, якую таксама называлі новай зямлёй. Доктар багаслоўя Ірына Дубянецкая лічыць, што Якуб Колас добра вучыў Закон Божы ды чытаў Сьвятое Пісьмо і помніў заключную частку Кнігі Ісаі, дзе сказана: «Вось Я ствараю неба і новую зямлю» (Іс. 66:22). Няхай Бахарэвіч узгадае і «зямную» паралель зь нямецкай мовы — Neuland (цалік, «новая зямля», ляды).

3. Лічэбныя гіпэрбалы. Прывяду дзьве «колькасныя» гіпэрбалы. Аўтар піша: «...Колас напісаў твор, тоўсты, як „Уліс“, ... бязьлітасны, як крымінальны кодэкс ...». Параўнаньне паэмы з крымінальным кодэксам і яе бязьлітаснасьць апускаю, як абсалютна «гермэтычныя» для мяне, але заўважу, што джойсаўскі кішэнны англамоўны «Уліс», які некалі быў у маёй бібліятэцы, меў каля 1000 старонак, а коласаўская «Новая зямля» фармату А4 з увесістага аднатамовіка 2007 г., выдадзенага СПБ, мае 113 старонак. Бахарэвіча захапляюць і дзеяслоўныя рыфмы паэмы: «Такое ўражаньне, што яна [паэма] створаная зь іх адсоткаў на дзевяноста...». Спрабую спраўдзіць гіпэрбалу празь мікратэст. У пачатнай частцы паэмы «Лесьнікова пасада» налічваю 144 радкі, сярод якіх знаходжу 16 дзеяслоўных рыфмаў. 144 дзялю на 2 (адна рыфма бярэ два радкі), атрымліваецца 72. Далей 16:72=0,22. Значыць, дзеяслоўная рыфма складае сярод усялякіх розных 22% . Бачыце, як адрозьніваецца ўспрыманьне прафэсійнага літаратара ад звычайнага чытацкага. Сапраўды, «Гамбурскі рахунак» — мастацкі твор.

4. Стаўпецкія філёзафы. Цікавыя параўнаньні разважлівага дзядзькі Міхала з францускім натурфілёзафам Ля Мэтры, а сузіральных беларусаў з Шапэнгаўэрам. Тут зноў бачыцца мастацкае памкненьне зьмясьціць нас ва ўсясьветны дыскурс. У аўтара дзядзька Міхал, не раўнуючы францускі інтэлектуал 18-га стагодзьдзя, доктар і філёзаф, які напісаў трактат пра чалавека як адухоўленую машыну, разважае пра сьмерць пана, таксама ўжываючы «машынныя» словы: «штучына сьлясарская», «машына гаспадарская», «шруба», «стоп машына». Я як чытач бачу тут проста вобразную народную гаворку, а мастак слова глядзіць шырэй, экстрапалюе народныя выразы да філязофскіх абагульненьняў. Або: стаўпецкія дзядзькі і дзецюкі — «лясныя шапэнгаўэры». У маю чытацкую галаву лезе канкрэтны Шапэнгаўэр, чалавек-мізантроп, змрочны сноб, а для беларускага гамбуржца і мастака Бахарэвіча ён проста дзядзька-філёзаф, які сядзіць каля агню разам зь дзецьмі лесу, сонца і сунічных палянаў.

5. Якуб Колас захлынуўся. Мэтафара пра Якуба Коласа, які «тоне ў бяздоннасьці словаў» пры апісаньні «прыроднай раскошы» і сялянскай ежы, «як воўк у стрыжані» сьведчыць пра тое, што аўтар чытаў 17-ю частку паэмы «Воўк», але воўкава бездапаможнае чапляньне за лёд, калі яго перанесьці на коласаўскую вэрсыфікацыю і моўную плынь, патрабуе дадатковай разгермэтызацыі. Ці тут аўтар ужо адступае ад «як бы — супэрлятываў»? Шараговы чытач можа традыцыйна разгермэтызаваць мэтафару пра Коласа-тапельца, калі пашукае ў фондах філфаку БДУ курсавыя ды дыплёмныя працы студэнтаў па «Новай зямлі», дзе разглядаецца апісаньне прыроднага асяродку ды ежы «лясных шапэнгаўэраў». Бахарэвіч і сам адчувае, што нешта такое павінна быць, калі піша: «Пра тое, што ядуць сяляне ў „Новай зямлі “ Коласа, можна напісаць кнігу (ды, можа, яна ўжо і напісаная)...».

Я як уважлівы чытач-філёляг зьвярнуў увагу на тое, што аўтар, рухаючыся ў сваёй замкнёнай прасторы, адразу манумэнталізуе свае гіпэрбалічныя мэтафары, падаючы іх як устойлівыя фразэалягізмы-параўнаньні. калі, напрыклад, стварае ўжо ўзгаданы пасаж: «...Колас ...і сам тоне ў іхнай [словаў] бяздоннасьці, як воўк у стрыжані». Тут параўнаньне ўспрымаецца як устойлівае, а ня аўтарскае аказіянальнае, і выклікае шок у чытача, які, магчыма, ня памятае дэталі зьместу 17-й часткі паэмы і ўспрымае яго як фразэалягізаванае кшталту «як жаба гразі», «як Заблоцкі на мыле». Тады падумаецца: які ж гэта дурны воўк залез аж на стрыжань ракі? Стрыжань — гэта найбольш хуткая плынь у рацэ. Узгадваецца Ўладзімер Караткевіч, які дзівіўся ясенінскаму «Где-то плачет иволга, схоронясь в дупло»: «Ды ніякай даўбнёй ты івалгу ў дупло не загоніш!».

6. Галоўная мэтафара эсэ. Сьпіс незвычайных мэтафар можна доўжыць. Закончу адной, магчыма, самай значнай і абагульняльнай, — пра «сад Мэтэрніха». Гэты сад узгадваецца ў эсэ пра «Новую зямлю» ў сувязі з тым, што «беларускія клясыкі займаліся тым, што майстравалі на ўскраіне Мэтэрніхавага саду свае дудкі і дудуткі». Маладасьведчаны чытач можа не ведаць. што ў свой час аўстрыйскі канцлер Мэтэрніх, самаўпэўнены сноб, што лічыў сябе прарокам, які будзе ацэнены толькі пасьля другога прышэсьця, сказаў: «Asien fängt gleich hinter meinem Gartenzaun an» («Азія пачынаецца адразу за агароджай майго саду»). Віла Мэтэрніха знаходзілася ва ўсходнім прадмесьці Вены. Пасьля эры Напалеона і Венскага кангрэсу Мэтэрніх быў «фурманам Эўропы». Так што мэтафарычны прысуд беларускім клясыкам тут навідавоку — Азія. Дудкі — гэта, пэўна, алюзія на «Дудку беларускую», а дудуткі — можа, проста для рытмічнай асалоды, або рэфлекс пра Ельскіх. Тут, канешне, праглядаецца адмоўная канатацыя, бо той, хто сядзіць па-за мэтэрніхаўскай прасторай у сваім куце, можа напісаць толькі тое, што ніколі не адлепіцца, «як жуйка ад падэшвы» (гл. аўтарскі уступ да цыклу) ад засьцянковага ўзроўню і ня стане ўсясьветным здабыткам.

Можна толькі варажыць, як мэтафара пра сад Мэтэрніха магла прыйсьці аўтару ў голаў. Можа, пад уплывам кнігі украінскага пісьменьніка Міколы Рабчука, якая так і называецца «Сад Мэтэрніха»? Можа, асацыятыўна з заклікамі Юра Андруховіча да ўкраінскіх інтэлектуалаў вяртацца ў эўрапейскі асяродак, як тое было за Аўстра-Вугоршчынай? Нямала пра сад Мэтэрніха ўзгадваў і Мілан Кундэра. Так што, можна меркаваць, што Альгерд Бахарэвіч як мадэрны фурман літаратурнай эсэістыкі, адчыніць нам браму Мэтэрніхавага саду.

У мяне ёсьць адчуваньне, што «наш чалавек у Гамбургу» хутка таксама, як і Мікола Рабчук, «у выніку інтэнсіўнага перамяшчэньня ў часе і прасторы» напіша нешта такое, што дапаможа нам «выхаваць у сабе Эўропу, засвоіць яе базавыя каштоўнасьці ды, авалодаўшы унутранай свабодай, сымбалічна далучыцца да эўрапейскага саду». Так тлумачыць Мікола Рабчук мэту сваёй амаль 15-гадовай працы. Нешта падобнае ўжо напісаў вядомы нямецкі журналіст Інга Пэц пра Альгерда Бахарэвіча ў рэцэнзіі на пераклад ягонай «Сарокі на Шыбеніцы» на нямецкую мову. Пра Бахарэвіча таксама нямала напісана ў нямецкамоўным інтэрнэце там, дзе гаворыцца пра апальных беларускіх літаратараў, вымушаных жыць за мяжой.

Аднак у чаканьні новых адкрыцьцяў ад Бахарэвіча я малюю сабе і такую карціну: змрочны паўночны ганзейскі мэгаполіс, перадкалядныя дні. Па ўсёй Нямеччыне гучыць «Stille Nacht, heilige Nacht». Альгерд Бахарэвіч, зьеўшы ладны вандзэлак «айсбайну», гамбурскай рулькі з капустай, і запіўшы яе літровым кухлем «мальцбіру», то бок соладавым півам, сядзіць не за кампутарам, а за старасьвецкім пісьмовым сталом, смокча сваю верасовую піпку ды, настальгуючы па «лясных шапэнгаўэрах», дастае, як у даўны нашаніўскі час, чысты аркуш паперы фармату А4 і чарнільную асадку і пачынае выводзіць першыя літары эсэ з назвай «Апалёгія беларускай літаратуры ад Рагвалода да нашых дзён»... Беларускамоўныя дзеткі ціха выводзяць «Учора зьвячора засьвяціла зора», а жонка вывязвае крыжыкам на грудзёх каляднага Альгердавага швэдра цьвяток радзімы васілька...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG