Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Cэнатар Лібэрман: ЗША і ЭЗ маюць увесьці новыя санкцыі да Беларусі

  • БелаПАН

Амэрыканскі сэнатар Джо Ліберман спадзяецца, што ЗША і ЭЗ увядуць дадатковыя санкцыі ў дачыненьні да Беларусі.

«Я спадзяюся, у бліжэйшыя тыдні ЗША і ЭЗ увядуць дадатковыя санкцыі ў дачыненьні да астатніх дзяржаўных прадпрыемстваў, якія актыўна падтрымліваюць рэжым Лукашэнкі за кошт беларускага народу», — заявіў амэрыканскі сэнатар Джо Лібэрман. Тэкст яго выступленьня, прымеркаванага да гадавіны разгону акцыі пратэсту 19 сьнежня 2010 году ў Мінску, разьмешчаны на афіцыйным сайце палітыка.

«Вельмі важна, каб у той момант, калі рэжым Лукашэнкі шукае фінансавую падтрымку, каб выжыць і ўтрымацца ва ўладзе, ЗША і нашы саюзьнікі сумесна працавалі для спыненьня выпадкаў, калі кампэтэнтныя міжнародныя арганізацыі, у тым ліку МВФ, даюць грошы ў доўг у падтрымку рэжыму, — сказаў Лібэрман. — Я заклікаю ўрад ЗША публічна заявіць, што Злучаныя Штаты ня будуць падтрымліваць любую дадатковую дапамогу Беларусі ад МВФ, пакуль мы ня ўбачым рэальных палітычных і эканамічных рэформаў, пачынаючы зь неадкладнага і безумоўнага вызваленьня ўсіх палітвязьняў».

Сэнатар нагадаў, што пасьля акцыі пратэсту ў сьнежні 2010 году былі затрыманыя больш за 600 чалавек, сярод якіх 7 кандыдатаў у прэзыдэнты. «Сотні людзей, у тым ліку некалькі кандыдатаў у прэзыдэнты, былі асуджаныя да доўгіх тэрмінаў пазбаўленьня волі па сфабрыкаваных справах, што чарговы раз даказвае, што судовая сыстэм ў Беларусі зьяўляецца ні чым іншым, як палітычным інструмэнтам для ажыцьцяўленьня гвалту з боку рэжыму. Гэта сыстэма, якая афіцыйна прызнае катаваньні і не дазваляе зьняволеным сустракацца зь сям’ёй і адвакатамі, атрымліваць неабходнае лячэньне і справядлівае судовае разьбіраньне», — падкрэсьліў Лібэрман.

Палітык адзначыў, што, «нягледзячы на сур’ёзныя палітычныя зьмены, якія адбываюцца па ўсім сьвеце, рэжым Лукашэнкі застаўся нязьменным, а рэпрэсіі супраць уласнага народу нават узмацніліся». «Гэта рэжым, які літаральна нядаўна спыніў любыя віды грамадзкага волевыяўленьня і мірных сходаў, у тым ліку і маўклівыя акцыі пратэсту».

На думку сэнатара, эўра-атлянтычная супольнасьць дэмакратычных дзяржаў павінна «аб’яднаць свае галасы, каб узмацніць узьдзеяньне на Аляксандра Лукашэнку». «І хоць ЗША і ЭЗ прынялі рашучыя і важныя меры, у тым ліку ўвялі забароны на паездкі больш чым для 200 беларускіх чыноўнікаў, замарозілі актывы, якія гэтыя чыноўнікі хавалі ў заходніх банках, перагледзелі і абнавілі санкцыі ў дачыненьні да беларускіх дзяржаўных прадпрыемстваў, усё роўна ў гэтым дачыненьні павінны рабіцца больш кардынальныя крокі », — сказаў Лібэрман.

Ён заклікаў адміністрацыю ЗША супрацоўнічаць з эўрапейскімі партнэрамі «для гарантаваньня выдзяленьня і паступленьня фінансавых і тэхнічных абавязаньняў», якія былі ўзятыя перад беларускай апазыцыяй. «Гэта асабліва тычыцца груп, якія дзейнічаюць на тэрыторыі Беларусі. І мы ў Вашынгтоне павінны працягваць супрацоўнічаць зь беларускай апазыцыяй і яе новымі лідэрамі і аказваць ім сваю падтрымку», — адзначыў Лібэрман

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG