Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Менская міліцыя: да адказнасьці прыцягнуты больш за 30 чалавек


За ўдзел ва ўчорашняй несанкцыянаванай акцыі на плошчы Незалежнасьці да адміністрацыйнай адказнасьці прыцягнуты больш за 30 чалавек, паведамляе сайт ГУУС Менска.

«У мэтах спыненьня парушэньняў грамадзкага парадку пры правядзеньні масавых мерапрыемстваў і для ўстанаўленьня асобы 46 найбольш актыўных удзельнікаў акцыі былі дастаўленыя ў тэрытарыяльныя РУУС для разьбіральніцтва.

Пасьля ўстанаўленьня асобы 14 удзельнікаў акцыі былі адпушчаныя, а ў дачыненьні да 32 складзеныя адміністрацыйныя пратаколы па артыкулах за невыкананьне абавязкаў па выхаваньню дзяцей, парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавага мерапрыемства або пікетаваньня, дробнае хуліганства», паведамляе менская міліцыя.

З 46 асобаў 32 — мужчын і 14 — жанчын. Асноўная ўзроставая катэгорыя — ад 18 да 30 гадоў (30 чалавек). Зь ліку правапарушальнікаў не працуюць і ня вучацца — 29 чалавек, адзначае менская міліцыя.

Прэсавы сакратар ГУУС Менгарвыканкаму Аляксандар Ластоўскі паведаміў «Радыё Свабода»:

«Калі затрымалі — значыць, былі падставы. А сур’ёзныя гэтыя падставы ці не — гэта ж прымае рашэньне не міліцыя, а суд.

Запаліць сьвечку — гэта вельмі зручнае апраўданьне сваіх дзеяньняў. Але з пункту гледжаньня закону гэтыя дзеяньні падпадаюць пад парушэньне парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў. Можна па-рознаму лямантаваць на форумах, пытацца: „Як, чаму, што за бязьмежжа?“ Але якраз непарадак — праводзіць мерапрыемствы ў парушэньне закону. А вось гэта квінтэсэнцыя: „стаяць са сьвечкай, запаленай у руках, а іх забіраюць, гэта блюзьнерства“ — гэта не юрыдычны тэрмін. Юрыдычны тэрмін — гэта парушэньне парадку масавых мерапрыемстваў. І дэ-факта, і дэ-юрэ».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG