Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кангрэсмэн Крыстафэр Сьміт: «Дзень расплаты надыдзе»


Старшыня Хэльсынскай камісіі ЗША, кангрэсмэн Крыстафэр Сьміт, правёў 19 сьнежня ў Вашынгтоне прэс-канфэрэнцыю, прымеркаваную да ўгодкаў прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі.

Адказваючы на пытаньне адносна эфэктыўнасьці амэрыканскіх санкцый супраць беларускага рэжыму, Крыстафэр Сьміт сказаў:

«Яны працуюць, бо гэта — падтрыманьне ціску. Ведаеце, што расьліна ў рэшце рэшт можа прабіцца і праз бэтон, калі яна ўвесь час на яго цісьне. Калі ціск аслабляецца, калі яго прыкладаць толькі час ад часу, калі ціск няшчыры, тады дыктатура можа жыць бясконца, дзе б яна ні была. Я думаю, што мы павінны быць вельмі цьвёрдыя, таму важна, каб усе сябры Эўразьвязу і ўсе астатнія, каго хвалююць правы чалавека, далучыліся да нас».

Крыстафэр Сьміт сказаў журналістам, што і для Аляксандра Лукашэнкі калісьці наступіць «дзень расплаты»:

«Дзень расплаты надыдзе, і я думаю, што людзі вакол яго павінны гэта ўсьведамляць. Мы цяпер маем Міжнародны крымінальны суд. Неўзабаве мы туды накіруем ліст, які выкажа наша моцнае перакананьне, маё моцнае перакананьне, што супраць Аляксандра Лукашэнкі павінна быць выстаўленае абвінавачаньне з боку Міжнароднага крымінальнага суду».

Пра супрацоўніцтва ЗША з Эўразьвязам адносна Беларусі кангрэсмэн Сьміт выказаўся наступным чынам:

«Я лічу, што павінна быць нашмат больш. Нашмат, нашмат больш. Яны маюць сьпіс, які вельмі нагадвае наш, што да сьпісу санкцыяў і так званага дадатку (то бок — сьпісу людзей, якім не даецца віза), але павінна быць зроблена нашмат больш. Мы ўвесь час выступаем з гэтым аргумэнтам на Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ — наконт мацнейшага і больш рашучага пасылу. Я быў сярод тых, хто меркаваў, што постсавецкую Беларусь увогуле ня варта было прымаць у Парлямэнцкую асамблею АБСЭ, пакуль яна не дасягне пэўных паказьнікаў, якія былі акрэсьленыя папярэдне. Я нават некаторы час блякаваў яе далучэньне. Але потым здарылася капітуляцыя з боку Парлямэнцкай асамблеі, якая прывяла да таго, што Беларусь была прынятая, і сытуацыя там не палепшылася, а наадварот — пагоршылася».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG