Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларуская мара»: Прыз сымпатыяў фэстывалю WatchDocs-2012


Напярэдадні гадавіны трагічнага для Беларусі 19-га сьнежня 2010-га на Міжнародным фэстывалі дакумэнтальных фільмаў пра правы чалавека WatchDocs фільм «Беларуская мара» Кацярыны Кібальчыч атрымаў Прыз сымпатыяў гледачоў.

Фестываль WatchDocs — адзін з буйнейшых і старэйшых эўрапейскіх фэстываляў фільмаў на прававую тэму. Штогод фэстываль прадстаўляе больш за 100 кінастужак у сфэры Human Rights. Фэстываль прайшоў у Варшаве з 8 па 18 сьнежня, у апошні дзень былі абвешчаны фільмы-прызэры.

Па словах праграмнага дырэктара фэстывалю Конрада Вікроўскага, Польшча перажыла доўгі час абмежаваньня свабоды слова і парушэньняў правоў чалавека, і з гэтай прычыны з асаблівым разуменьнем ставіцца да праблемаў іншых народаў, свабода якіх цярпіць ад рэпрэсіяў дыктатуры.

Кіраўніца інфармацыйнага Бюро Салідарнасьці зь Беларусьсю ў Варшаве Юлія Слуцкая:

«У часе прэм’еры фільма „Беларуская мара“ было відавочна, што ён вельмі крануў гледачоў. Заля кінатэатру „Muranow“ была поўная. Людзі плакалі. А пасьля фільма не сьпяшаліся сысьці, засталіся на дыскусію. Асабіста мяне кранула пытаньне аднаго з гледачоў: ці веру я, што перамены магчымыя? Я адказала — так. Мая пэўнасьць фармуецца ў тым ліку той прэзэнтацыяй, тымі людзьмі, што прыйшлі на фільм, тымі пытаньнямі пра лёс Беларусі, якія хвалююць ня толькі яе грамадзянаў. А будучыня Беларусі, яе шлях ад сёньня да заўтра фармуецца ў тым ліку і такімі стужкамі».
Заля кінатэатру „Muranow“ была поўная. Людзі плакалі.

«Беларуская мара» — першы незалежны поўнамэтражны дакумэнтальны фільм пра жыцьцё сучаснай Беларусі, паказанае праз гісторыю маладога беларуса, які пражыў большасьць свайго жыцьця ў краіне, якой кіруе дыктатар. На фоне фальсыфікаваных выбараў, жорсткіх рэпрэсій, сур’ёзнага эканамічнага крызісу паказваецца, як усё больш людзей у самай «стабільнай» постсавецкай краіне пачынаюць марыць пра зьмены.

Цягам апошніх двух тыдняў фільм быў прэзэнтаваны ў Бэрліне, Варшаве, Вільні, Кіеве, Кракаве, Вроцлаве. 19 сьнежня плянуецца паказ «Беларускай мары» ў Амстэрдаме.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG