Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларускія ўлады нагадваюць злодзея, які ўвесь час паддаецца рэцыдыву»


Алесь Лагвінец

Алесь Лагвінец

Міністры замежных спраў Вялікабрытаніі, Швэцыі, Польшчы ды Нямеччыны апублікавалі сёньня супольны ліст адносна Беларусі. Ці можна сказаць, што міністры ў пэўным сэнсе прызналі памылковасьць сваіх спадзяваньняў на дэмакратызацыю беларускага рэжыму, спадзяваньняў, якія існавалі сярод эўрапейскіх палітыкаў напярэдадні мінулых прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі? Ці эфэктыўна дзейнічаюць два асноўныя пункты цяперашняй стратэгіі Эўразьвязу — санкцыі супраць прадстаўнікоў рэжыму і падтрымка грамадзянскай супольнасьці? На гэтыя пытаньні адказвае палітоляг Алесь Лагвінец.

— Ці можна сказаць, што ў пэўным сэнсе міністры прызнаюць памылковасьць спадзяваньняў эўрапейскіх палітыкаў на тое, што беларускі рэжым можа мяняцца ў бок лібэралізацыі і лепшых адносінаў з Эўразьвязам?

— Я думаю, ня варта так трактаваць гэты ліст. Пытаньне, ці можа мяняцца рэжым — гэта адно, але ёсьць іншае пытаньне — ці можа мяняцца Беларусь праз пэўныя сыгналы да рэжыму. У Эўразьвязе ў 2010 годзе быў ня толькі спадзеў, але і пэўныя доказы таму, што Беларусь мяняецца. І таму варта было не абыходзіць праўладны клан, каб паспрыяць зьменам у Беларусі.

Так, мы можам казаць пра пэўную адарванасьць эўрапейскіх палітыкаў ад беларускага жыцьця, пра няпоўны аналіз, пра празьмерныя чаканьні. Але калі адкрываюцца магчымасьці, трэба карыстацца імі і накіроўваць пазытыўны сыгнал. Бо людзі найперш рэагуюць на тое, што выклікае станоўчыя эмоцыі.

— На сёньня стратэгія Эўразьвязу да Беларусі, зноў пацьверджаная ў лісьце чатырох міністраў, — гэта санкцыі супраць прадстаўнікоў рэжыму і падтрымка беларускай грамадзкай супольнасьці. У Беларусі крытыкуюцца абодва гэтыя тэзісы — маўляў, і санкцыі несапраўдныя, і падтрымка слабая...
Заклікі некаторых беларускіх апазыцыйных палітыкаў наконт буйнамаштабных санкцыяў маглі б быць рацыянальнымі, сэнсоўнымі, калі б за гэтымі палітыкамі ішлі дзясяткі тысячаў людзей.

— Так, Эўразьвяз ня здольны цяпер на большыя санкцыі, бо яны могуць быць контрапрадукцыйнымі. Спытайцеся сярэдняга беларуса, ці хоча ён, каб Эўразьвяз увёў санкцыі супраць прадпрыемства, на якім працуе ён сам ці ягоныя блізкія. Мая вэрсія, што звычайны беларус не хацеў бы такіх санкцыяў.

Больш за тое, мы бачым, што Расея сёньня дае вялізарныя сродкі беларускаму рэжыму, і таму любыя больш інтэнсіўныя санкцыі Захаду могуць яшчэ больш падштурхнуць Беларусь у Расею.

Іншае пытаньне — ці здольныя беларускія ўлады мяняцца нават пад узьдзеяньнем санкцый? Іхнія паводзіны нагадваюць паводзіны злодзея, які ўвесь час паддаецца рэцыдыву. То бок ён невыпраўляльны, і праблема ў тым, каб загнаць яго ў такія рамкі, каб яму нічога не заставалася рабіць, апрача таго, як дзейнічаць паводле прызнаных правілаў. Але гэта можа зрабіць толькі беларускі народ.

Заклікі некаторых беларускіх апазыцыйных палітыкаў наконт буйнамаштабных санкцыяў маглі б быць рацыянальнымі, сэнсоўнымі, калі б за гэтымі палітыкамі ішлі дзясяткі тысячаў людзей. Сёньня, на жаль, такога ня бачна.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG