Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка зноў просіць Расею


Аляксандар Лукашэнка, Дзьмітрый Мядзьведзеў і Нурсултан Назарбаеў на сустрэчы ў Маскве.

Аляксандар Лукашэнка, Дзьмітрый Мядзьведзеў і Нурсултан Назарбаеў на сустрэчы ў Маскве.

У Маскве 19 сьнежня на пасяджэньні вышэйшага Эўразійскага эканамічнага савету Аляксандар Лукашэнка заклікаў Расею, каб яна садзейнічала Беларусі ва ўступленьні ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю.

Кіраўнікі Беларусі, Казахстану і Расеі падпісалі ў Крамлі дакумэнты аб стварэньні першага наднацыянальнага органа — Эўразійскай эканамічнай камісіі на чале зь Віктарам Хрысьценкам. Паводле расейскага прэзыдэнта Дзьмітрыя Мядзьведзева, гэта «сур’ёзны крок».

Сярод іншых дакумэнтаў таксама падпісаны мэмарандум аб тым, што Расея дапаможа Беларусі ў хутчэйшым уступленьні ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю. У ім гаворыцца, што расейскі бок «будзе садзейнічаць зьняцьцю палітычных перашкодаў на шляху арганізацыі перамоўнага працэсу зь беларускім бокам». Лукашэнка заявіў, што, ствараючы Мытны саюз і адзіную эканамічную прастору, «мы ня ставілі сваёй мэтай адгарадзіцца ад астатняга сьвету». Маўляў, статус паўнапраўнага сябра ЎГА дае дадатковыя магчымасьці Расеі, як стратэгічнаму партнэру «для садзейнічаньня па ўступленьні Беларусі ў гэтую арганізацыю». Лукашэнка выказаўся за «ўваходжаньне ўсіх сяброў Мытнага саюзу ў гэту ўплывовую арганізацыю «зь мінімальным часовым разрывам».

Паводле палітоляга Андрэя Фёдарава, ня дзіўна, што Лукашэнка ў Крамлі загаварыў пра інтэграцыю ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю.

«Расея, фактычна, ужо далучалася да ЎГА. Што тычыцца Беларусі, то ў яе справы ў гэтым накірунку ідуць значна цяжэй. Перамовы вядуцца, але выніку там вялікага няма. Справа ў тым, што ўваход у ЎГА можа забараніць любая краіна, якая зьяўляецца яе сябрам. Я думаю, што дапамога Расеі тут мала што можа даць. Бо калі, напрыклад, Злучаныя Штаты па нейкіх прычынах, а мы ведаем гэтыя прычыны, не пажадаюць, то нічога ня зробіш. Што тычыцца такіх уплывовых краінаў як ЗША, Нямеччына ці Галяндыя, то я тут зь цяжкасьцю ўяўляю сабе, якое істотнае садзейнічаньне можа аказаць Масква».

Паводле фінансавага аналітыка Сяргея Чалага, Мытны саюз ствараўся як анты-УГА. Але пасьля ўступленьня Расеі ў УГА гэта губляе сэнс. Беларусь атрымае шэраг нязручнасьцяў з-за таго, што «стратэгічны саюзьнік» Расея становіцца сябрам Усясьветнай гандлёвай арганізацыі.
Не зусім зразумела, як тады будзе функцыянаваць Мытны саюз — нормы ЎГА маюць больш высокі прыярытэт.

«Самая галоўная праблема пачынаецца ад таго моманту, калі адна з краінаў апынаецца ў УГА. Бо не зусім зразумела, як тады будзе функцыянаваць Мытны саюз — нормы ЎГА маюць больш высокі прыярытэт, чым нормы ў Мытным саюзе. Дзіўная сытуацыя, калі, напрыклад, экспарт з Расеі будзе разглядацца як экспарт краіны ЎГА, у адрозьненьне ад краінаў-саюзьнікаў. Тое ж самае зь імпартам. Гэта атрымліваецца даволі штучная канструкцыя. Я не ўяўляю як гэта можа працаваць».

Палітоляг Аляксандар Класкоўскі адзначае, што Эўразійскі саюз гэта піяраўская, дэкаратыўная ідэя. А па сутнасьці, для Беларусі важная інтэграцыя ва ўсясьветную супольнасьць. Паводле Класкоўскага, цырымоніцца з расейскім хаўрусьнікам ня будуць, і гэта разумее Лукашэнка.

«Давядзецца зьнімаць пратэкцыянісцкія бар’еры, зьніжаць рэзка, амаль што ўдвая, датацыі аграрнаму сэктару. Тут ніякія інтэграцыйныя заклінаньні не дапамогуць, бо гэта жорсткія рэаліі. Гэта звычайная манера беларускага кіраўніцтва — вось няхай старэйшы брат, вялікі, багаты, няхай думае, бярэ нас на буксір. У гэтай заяве прабіваецца рэальная трывога за заўтрашні дзень беларускай эканомікі, якая да нармальнай канкурэнцыі не гатова».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG