Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алеся Бяляцкага адпусьцяць з турмы разьвітацца з бацькам


Асуджанага праваабаронцу Алеся Бяляцкага адпусьцяць з жодзінскага СІЗА разьвітацца з бацькам, які знаходзіцца ў цяжкім стане.

14.40 Адміністрацыя турмы адмовілася адвесьці Алеся Бяляцкага на сустрэчу з бацькам. Жонцы Натальлі Пінчук патлумачылі, што пастанова суду аформленая неналежным чынам.

Пінчук вяртаецца ў Менск, каб зноў пайсьці ў суд.

Як паведаміў БелаПАН праваабаронца Валянцін Стэфановіч, 19 сьнежня суд Першамайскага раёну даў дазвол на спатканьне. У суд было накіраванае адпаведнае хадайніцтва сваякоў і мэдычныя дакумэнты, якія сьведчаць пра цяжкі стан бацькі Бяляцкага.

Як паведаміў Стэфановіч, у цяперашні час жонка Бяляцкага Натальля Пінчук едзе зь лістом з суду ў Жодзіна, дзе ў СІЗА ўтрымліваецца асуджаны праваабаронца. Адміністрацыя СІЗА павінна вызначыць парадак этапаваньня Бяляцкага, захаваньне мер бясьпекі і г.д.

Як адзначыў Стэфановіч, бацька Бяляцкага знаходзіцца на мяжы жыцьця і сьмерці, таму «час ідзе нават не на дні, а на гадзіны».

Віцэ-прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека, кіраўнік зачыненага ўладамі праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі 24 лістапада быў асуджаны на чатыры з паловай гады пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці. Ён прызнаны вінаватым паводле часткі 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэксу (утойваньне даходаў у асабліва буйным памеры). У цяперашні час ён утрымліваецца ў сьледчым ізалятары Жодзіна.

Падставай для крымінальнага перасьледу Бяляцкага стала інфармацыя аб яго замежных банкаўскіх рахунках, перададзеная ў Менск чыноўнікамі Літвы і Польшчы ў рамках двухбаковых пагадненьняў аб прававой дапамозе.

Пасьля польскія і літоўскія ўлады выбачыліся перад Бяляцкім і яго сям'ёй.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG