Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы кандыдат на прэзыдэнта Ўладзімер Някляеў разам з паплечнікамі Андрэем Дзьмітрыевым і Сяргеем Вазьняком прайшлі тым шляхам, на якім іх перапынілі год таму.

«Ад нашага офісу на Нямізе да плошчы Каліноўскага (Кастрычніцкай) і на плошчу Незалежнасьці. На плошы Каліноўскага мы запалілі сьвечкі. Гэта сакральнае месца для беларускага дэмакратычнага супраціву. На плошчы Незалежнасьці мы перадалі ўраду тыя дакумэнты, якія не змаглі перадаць год таму», — заявіў Някляеў «Свабодзе».

«Разам з тымі дакумэнтамі мы перадалі патрабаваньне неадкладна вызваліць і рэабілітаваць палітычных вязьняў. Я асабіста напісаў цяперашняму кіраўніку ўраду, што вызваленьне палітвязьняў — гэта умова далейшага разьвіцьця краіны і выхаду з крызісу», — дадаў Някляеў.

19 сьнежня 2010 г. невядовыя зьбілі Някляева да непрытомнасьці ў цэнтры Менску па шляху на акцыю пратэсту. Ён з чэрапна-мазгавой траўмай трапіў у шпіталь хуткай дапамогі. 20 траўня 2011 г. судзьдзя Фрунзенскага суду Менску Жана Жукоўская асудзіла Някляева на 2 гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай пакараньня на 2 гады.

Андрэй Дзьмітрыеў — кіраўнік ініцыятыўнай групы і начальнік выбарчага штабу Ўладзімера Някляева на прэзыдэнцкіх выбарах 2010 г. 20 траўня 2011 г. судзьдзя Фрунзенскага суду Менску Жана Жукоўская асудзіла Дзьмітрыева на 2 гады пазбаўленьня волі ўмоўна з выпрабавальным тэрмінам 2 гады.

Сяргей Вазьняк — працаваў у штабе Някляева. 20 сьнежня быў арыштаваны і зьмешчаны ў СІЗА КДБ. Абвінавачаны ў арганізацыі і ўдзеле ў масавых беспарадках, пазьней — у падрыхтоўцы групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо ўдзеле ў іх. 20 траўня 2011 г. судзьдзя Фрунзенскага суду Менску Жана Жукоўская асудзіла Вазьняка на 2 гады пазбаўленьня волі ўмоўна.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG