Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Паўночнай Карэі чакаюць, што наступнікам памерлага дыктатара, «дарагога правадыра» Кім Чэн Іра стане ягоны сын Кім Чжон Ын, паведамляе Бі-Бі-Сі.

Кім Чжон Ын атрымаў адукацыю ў Швэйцарыі. Ён малодшы сын Кім Чэн Іра ад трэцяй жонкі Ко Ён Хі. Нарадзіўся наступнік у 1983-м або 1984-м годзе. Першапачаткова ён не зьбіраўся рабіць кар'еру лідэра краіны. У такой ролі аналітыкі разглядалі яго зводнага брата Кім Чжон Нама і старэйшага роднага брата Кім Чжон Чоля. Але сам Кім Чэн Ір у студзені 2009 году прызначыў сваім пераемнікам Кім Чжон Ына, зрабіўшы яго кіраўніком дзяржаўнага камітэту абароны, які ў Паўночнай Карэі зьяўляецца самым важным дзяржаўным органам.

У Паўночнай Карэі складаюць вершы і песьні ў гонар маладога лідэра. 10 мільёнаў партрэтаў падрыхтаваныя для таго, каб павесіць іх паўсюдна побач з партрэтамі бацькі і дзеда Кім Чжон Ына. Таксама гавораць пра «шэрага кардынала» паўночнакарэйскай палітыкі Чан Сон Тxэка, мужа сястры Кім Чэн Іра, якому адводзіцца роля апекуна Кім Чжон Ына.

Кім Чжон Ын быў улюбёным сынам свайго бацькі, якога ў сям'і называлі «каралём ранішняй зоркі». Нягледзячы на тое, што ён, як і яго браты, атрымаў адукацыю ў Швэйцарыі, ён пазьбегнуў заходніх уплываў, бо ўвесь час знаходзіўся пад кантролем паўночнакарэйскага амбасадара.

У жніўні 2010 году, калі Кім Чэн Ір наведваў Кітай, Кім Чжон Ын суправаджаў бацьку ў паездцы. У яго тыя самыя праблемы са здароўем, што і ў ягонага бацькі – цукрыца, хваробы сэрца і агульная млявасьць як вынік адсутнасьці фізычных практыкаваньняў.

***



69-гадовы кіраўнік Паўночнай Карэі Кім Чэн Ір памёр у ноч з 17-га на 18-га сьнежня «ад псыхічнай і фізычнай перастомы, вылікліканай бесьперапыннымі інспэкцыйнымі паездкамі па краіне ў інтарэсах будаўніцтва квітнеючай дзяржавы», паведаміла афіцыйнае паўночнакарэйскае агенцтва ЦТАК.

Кім Чэн Ір перанёс сардэчны прыступ, яго нельга было выратаваць, ўдакладняе ЦТАК.

Па дадзеных AP, паўночнакарэйскі лідэр пакутаваў ад дыябету і хваробы сэрца.

Цела памерлага лідэра КНДР Кім Чэн Іра зьмясьцілі ў Кымсусанскі мэмарыяльны палац (маўзалей Кім Ір Сэна) у Пхэньяне.

«Жалоба пачалася ў краіне 17 сьнежня і будзе доўжыцца да 29 сьнежня», — гаворыцца ў паведамленьні ЦТАК.

Кім Чэн Ір кіраваў Паўночнай Карэяй ад 1994 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG