Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апошні ліст Вацлава Гаўла

  • Аляксандар Лукашук

Вацлаў Гавэл

Вацлаў Гавэл

У сьнежні летась, пасьля арыштаў сотняў удзельнікаў пратэстаў супраць прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, мы папрасілі вядомых палітыкаў, літаратараў, філёзафаў з усяго сьвету прачытаць імёны людзей, якія апынуліся за кратамі.

Джордж Буш адкрываў чытаньне, а Вацлаў Гавэл завяршаў сьпіс – я папрасіў яго прачытаць імёны, якія пачынаюцца на апошнюю літару алфавіта, «я»:

Напярэдадні гадавіны тых падзеяў я ізноў зьвярнуўся да Вацлава Гаўла з просьбай – павіншаваць з Новым годам, Калядамі палітычных зьняволеных у Беларусі. Я таксама прасіў аб аўдыёзапісе віншаваньня, ці нават відэазапісе.

З канцылярыі Гаўла мне напісалі, што былы прэзыдэнт чуецца дрэнна, здароўе ў вельмі трывожным стане, і наўрад ці ён зможа прачытаць пасланьне ці зрабіць відэа – але тэкст ён напіша.

У чацьвер, 15 сьнежня, я атрымаў тэкст віншаваньня Гаўла. Яго супрацоўнікі прасілі парады – як найлепш даставіць яго палітвязьням. Я адказаў, што найлепш – паслаць па пошце, адсюль з Прагі. А са свайго боку паабяцаў, што прачытаем віншаваньне ў эфіры. Мы пераклалі тэкст на беларускую, сабралі адрасы калёній, дзе адбываюць пакараньне палітвязьні, і паслалі іх Гаўлу – гэта адбылося ў той самы чацьвер. Я прасіў таксама, каб у рэдакцыю прыслалі копію падпісанага ліста, каб апублікаваць на сайце.

У нядзелю Гавэл памёр. У гэты момант я ня ведаю, ці пасьпеў Гавэл у пятніцу ці суботу падпісаць лісты на імя Мікалая Аўтуховіча, Зьмітра Бандарэнкі, Алеся Бяляцкага, Зьмітра Дашкевіча, Эдуарда Лобава, Андрэя Саньнікава, Паўла Севярынца, Міколы Статкевіча.

Але сёньня, не чакаючы Новага году, мы друкуем яго апошняе віншаваньне, адрасаванае ў Беларусь. Верагодна – гэта самы апошні тэкст, які ён напісаў у сваім жыцьці.


Градачак, 15 сьнежня 2011

Дарагія сябры,

Хацеў бы сардэчна вас павіншаваць на парозе новага году і пажадаць вам і вашым блізкім, каб ён быў лепшым, чым мінулы. Выказваю салідарнасьць з вашай пазыцыяй і буду і надалей выкарыстоўваць усе магчымасьці, каб разам са сваімі сябрамі зьвяртаць увагу міжнароднай грамадзкасьці на парушэньне грамадзянскіх правоў у Беларусі.

Жадаю усяго добрага вам і свабоды вашай краіне.

Вацлаў Гавэл


Падпісваючы свае лісты, Гавэл заўсёды маляваў маленькі знак сэрца – як сымбаль любові. Вось так:





• Памёр Вацлаў Гавэл
• Прынцыпы Гаўла – прынцыпы Радыё Свабода
• Чэхія ўзгадвае Вацлава Гаўла
• «Гавэл быў для беларусаў як хросны бацька»
• Лех Валэнса: Гавэл вялікі, заслужаны чалавек

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG