Лінкі ўнівэрсальнага доступу

18 сьнежня ў Гомелі прадстаўнікі Аб’яднаных дэмакратычных сілаў, кааліцыі «Наша альтэрнатыва», кампаніі «Гавары праўду» і проста неабыякавыя гараджане наведалі магілу грамадзкага актывіста, гомельскага лідэра маладзёвага руху супраціву «Зубр» Андрэя Зайцава.

Дзесяць гадоў таму, 20 сьнежня 2001 году, Андрэя Зайцава знайшлі дома павешаным на спартовай перакладзіне, дзе ён звычайна займаўся фізкультурай. Андрэя пахавалі на Рандоўскіх могілках. Афіцыйная вэрсія – скончыў жыцьцё самагубствам. Але Андрэй пакінуў перадсьмяроткую запіску, у якой паведаміў, што ў ягонай сьмерці вінаватыя супрацоўнікі КДБ.

На складным століку акурат перад перакладзінай, дзе вісела цела Зайцава, ляжала й касэта з запісам ягонай тэлефоннай размовы з супрацоўнікам абласной управы КГБ і заява ў Беларускі Хэльсынскі камітэт пра абставіны вярбоўкі ў якасьці сакрэтнага пастаўшчыка інфармацыі пра дзейнасьць грамадзка-палітычных арганізацыяў, у тым ліку «Гарт», «Грамадзянскія ініцыятывы» ды іншых.



Андрэй Толчын, які асабіста ведаў Зайцава па прэзыдэнцкай кампаніі 2001 году, ня верыць, што ён засіліўся сам:

«У яго не было вялікіх нейкіх падстаў, каб на сябе накласьці рукі. На перадплеччы ў яго была рана. Адкуль яна – невядома. Зранку ў той дзень ён наагул быў у добрым настроі, бо вечарам зьбіраўся ехаць у Менск, каб сустрэцца з праваабаронцамі. Зайцаў любіў жыцьцё, за ім цягнулася моладзь. Нейкіх сур’ёзных сьледчых дзеяньняў па факту сьмерці Зайцава не вялося: самагубства – і ўсё тут».

Да абеду Андрэй Зайцаў хадзіў з маці на рынак, купіў сабе цыгарэт і новую запальнічку. Менавіта ў той дзень бяды не прадбачылася, хаця, паводле сьведчаньняў маці Ларысы Зайцавай, якая, дарэчы, сама памерла ў 2010 годзе, Андрэй быў неспакойным. За два дні да трагедыі ён прызнаўся маці, што яго агітавалі стаць правакатарам.

Пра вярбоўку супрацоўнікам КГБ, у прыватнасьці, старшым лейтэнантам Алесем Еўсьцігнеевым, Андрэй распавядаў і сябрам. Разам з адным зь іх Андрэй запісаў на магнітафон тэлефонную размову:

Андрэй: Я проста кажу апошні раз, калі захочаце са мною сустрэцца, толькі праз позвачку, праз ваша аддзяленьне Камітэту дзяржаўнай бясьпекі. Афіцыйна.

Супрацоўнік: Абавязкова. А чаго гэта ты так? Кансультаваўся з кім-небудзь?

Андрэй: Ды не, не кансультаваўся. Проста мне ўжо усё надакучыла. Я не хачу здаваць сваіх!

Супрацоўнік: Ня хочаш здаваць сваіх? А ты хіба кагосьці здаваў?

Андрэй: Не! І не хачу!

Супрацоўнік: А ты хочаш, каб я цябе здаў?

Андрэй: Каму?

Супрацоўнік: Ах, ты, бачыш, сьмелым стаў і дужым. Ну, добра, сьмелы дык сьмелы…


У Гомельскай управе КДБ адмаўлялі наяўнасьць супрацоўніка з прозьвішчам Еўсьцігнееў, хаця нумар тэлефону, які згадваў Зайцаў, ва ўправе быў.

На запыт адваката з прадпрыемства “Гомельаблтэлекам” паступіў афіцыйны адказ пра гаспадара пэйждэра, на які мусіў скідваць паведамленьні Андрэй: “Абанэнцкі №215862 пэйджынгавай сеткі РУП “Гомельаблтэлекам” зарэгістраваны за Ястрэмскім А.І.”. Такі супрацоўнік служыў у адным з падразьдзяленьняў УКДБ.

Пра некаторыя эпізоды ціску на Андрэя Зайцава з боку КДБ актывісты згадвалі сёньня ля ягонай магілы, куды прынесьлі зьнічы й вянкі з памінальнымі надпісамі, і дзе прачыталі памінальную малітву.

Васіль Палякоў, кіраўнік абласной арганізайцыі АГП: «Андрэй Зайцаў – гэта ахвяра таго рэжыму, які існуе зараз у Беларусі, і мы ня маем ніякага маральнага права забываць пра гэту ахвяру».

Кастусь Жукоўскі, актывіст кааліцыі «Наша альтэрнатыва»: «Андрэя давялі да сьмерці органы НКУС-КДБ. Гэта ня проста абрэвіятура. Там ёсьць канкрэтныя людзі, іх прозьвішчы нам вядомыя. Я не хачу помсты, я хачу справядлівасьці. Веру, што прыйдзе час, і людзі, якія давялі Андрэя да самагубства, па сутнасьці, забілі яго, будуць адказваць перад законам».

20 сьнежня на вуліцы Палескай, 52 адбудзецца жалобная вечарына, прымеркаваная да 10-х угодкаў з дня сьмерці Андрэя Зайцава.

XS
SM
MD
LG