Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рымашэўскі: Пакуль няма свабодных выбараў, «прэзыдэнт» можа быць толькі мянушкай


Выступае Віталь Рымашэўскі.
Выступае Віталь Рымашэўскі.

У Менску адбыўся чацьвёрты ўстаноўчы зьезд партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя». Яе сустаршынямі абраныя Павал Севярынец, Віталь Рымашэўскі і Георгі Дзьмітрук.


Перад пачаткам зьезду залю праверылі сапёры з сабакам. Як сказаў, адкрываючы зьезд, адказны сакратар аргкамітэту партыі Дзяніс Садоўскі, мінаў няма — можна працаваць.

Садоўскі: «Было даволі цікава назіраць, як людзі ў вайсковай форме, зь мінашукальнікамі й сабакам правяралі ўсю залю, шукалі нешта. Праверылі й пайшлі. У гэты час нікога не пускалі ў залю. Яны нават не спыняліся, ні з кім не размаўлялі, гэта была такая імгненная акцыя з боку невядома якіх ворганаў».

У залі, дзе адбываўся зьезд, былі вывешаныя партрэты палітвязьняў. Зь відэазваротам да дэлегатаў зьвярнуўся асуджаны да трох гадоў "хіміі«за Плошчу 19 сьнежня палітвязень Павал Севярынец. Відэазапіс быў зроблены ў аўтамабілі. У сваім выступе ён заклікаў змагацца за вызваленьне палітвязьняў, пісаць ім лісты і зьбіраць дапамогу. Адносна парлямэнцкіх выбараў у 2012 годзе ён заявіў, што пераважная большасьць беларусаў на іх ня пойдзе:

«Пакуль у турмах сядзяць палітвязьні, тыя, хто вылучыцца ў дэпутаты і правядзе моцныя кампаніі, самі рызыкуюць стаць новымі закладнікамі і новымі палітычнымі вязьнямі. Прапаную прыняць на зьезьдзе адказнае палітычнае рашэньне. Для БХД неабходна вызначыць тыя ўмовы, пры якіх мы можам удзельнічаць у выбарчай кампаніі. Гэта вызваленьне ўсіх палітвязьняў, зьмена выбарчага заканадаўства, дапушчэньне прадстаўнікоў дэмсілаў у камісіі. Верагоднасьць таго, што рэжым выканае гэтыя ўмовы, набліжаецца да нуля. Таму нам ужо зараз трэба рыхтавацца да актыўнага байкоту. Нам ужо зараз трэба падрыхтаваць масу людзей, якія стануць назіральнікамі народнага байкоту. Ужо зараз нам трэба рыхтавацца фіксаваць усе тыя парушэньні».

Дэлегаты сустрэлі зварот сустаршыні скандаваньнем: «Свабоду Паўлу Севярынцу!». У сваім выступе сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі даў ацэнку мінулай выбарчай кампаніі і падзеям, якія зьвязаныя з пратэстамі 19 сьнежня. Ён адзначыў, што бярэ на сябе адказнасьць за няўдачы, якія напаткалі 19 сьнежня, за памылкі, якія былі зроблены падчас прэзыдэнцкай кампаніі. Рымашэўскі сказаў, што трэба было прадугледзець масавыя рэпрэсіі, якія рэжым можа запусьціць супраць беларускага народу. Таксама была недастатковая ініцыятыва ў арганізацыі Плошчы. І калі не было агульнага сцэнару, трэба было абвесьціць свой.
Нам ужо зараз трэба рыхтавацца да актыўнага байкоту.

«Таксама ўсьведамляю сваю адказнасьць за гэты кампрамісны крок, ліст да так званага прэзыдэнта гэтай краіны, які дазволіў мне выйсьці зь вязьніцы. Мне прапаноўвалі там шмат. Выступіць на БТ, падпісаць належныя дамовы. Але я разумеў, што зьвяртаючыся да чалавека, які хоча пачуць такія словы як „прэзыдэнт“, я раблю кампрамісны ўчынак. Але гэта быў вымушаны кампраміс, бо ва ўмовах пагрозы татальных рэпрэсій я зрабіць іначай ня мог... Пакуль у Беларусі няма свабодных выбараў, слова „прэзыдэнт“ можа быць толькі мянушкай... Амаральна падтрымліваць дзейны рэжым, калі ён катуе людзей у вязьніцах. Грошай Лукашэнку ня будзе, пакуль ня будуць вызвалены палітвязьні, пакуль ня будзе свабодных выбараў».

Рымашэўскі адзначыў, што БХД прапануе мірны сцэнар перадачы ўлады.

Канчатковае рашэньне адносна фармату ўдзелу ў выбарах прыме Нацыянальная рада БХД, пасьля ўзгадненьня зь іншымі палітычнымі сіламі. Ён сказаў, што БХД будзе ўмацоўваць шырокую кааліцыю дэмсілаў і процістаяць усялякім спробам расколу.

Паводле сустаршыні партыі Георгія Дзьмітрука, БХД сфармавала 10 прапаноў па выхадзе з эканамічнага крызісу. Асноўная зь іх — гэта адстаўка ўраду і фармаваньне адмысловага нацыянальнага камітэту.

Паводле Віталя Рымшэўскага, шанцы на тое, што ўлады пойдуць на рэгістрацыю партыі, мінімальныя: раней тройчы, беспадстаўна, у гэтым было адмоўлена:

«Гэта чарговы шанец для ўладаў, бо для БХД гэты зьезд чарговы. А для беларускіх уладаў шанец зрабіць крок па спыненьні рэпрэсій. Мы будзем працягваць сваю дзейнасьць надалей. Рэгістрацыя важная для нас, але гэта ня ёсьць нечым надзвычайным. Яна радыкальна не памяняе ні дзейнасьць партыі, ні кірунак нашай працы».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG