Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КДБ год не наважваецца вярнуць гітару ўдзельніку Плошчы


Ігар Сімбіроў

Ігар Сімбіроў

Асіповіцкаму актывісту грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» і музыку Ігару Сімбірову менская ўправа КДБ не аддае канфіскаваныя 20 сьнежня 2010 году асабістыя рэчы — гітару, нэтбук, дзёньнікі. Як сьцьвярджае актывіст, у цэнтральнай управе Камітэту яму параілі падаць пазоў у суд на рэгіянальнае менскае КДБ.

Паводле Ігара Сімбірова, рэчы забралі ў ноч з 19 на 20 сьнежня безь яго прысутнасьці зь менскай кватэры, у якой жыў. У гэты час ён быў ужо арыштаваны. Пазьней ён даведаўся, што забранае перададзена міліцыянтамі супрацоўнікам КДБ у межах расьсьледаваньня крымінальнай справы пра беспарадкі ў Менску 19 сьнежня. Вяртаньня рэчаў актывіст дамагаецца амаль год.

Сімбіроў: «Днямі я тэлефанаваў сакратару цэнтральнай управы, што на Камсамольскай у Менску, Кайдунову. Я да яго ня раз зьвяртаўся. Ён сказаў: „Я ня ведаю, чаму яны вам вашага не вяртаюць — мы на іх ня можам паўплываць. Раю — зьвяртайцеся ў суд“. Калі ж я тэлефаную у менскі КДБ — там, пачуўшы мой голас, адразу кідаюць слухаўку, праўда, адзін раз абазвалі й сказалі, што „тэрмін утрыманьня вашых рэчаў не абмежаваны“. Гэта проста мэтанакіраваны зьдзек. Я ж ведаю, што людзям забраныя рэчы ўжо даўно павярталі — нават буйныя сумы грошай. Не вярнулі толькі мне. Дачакаюся ўгодкаў Плошчы і буду зьвяртацца ў суд».

19 сьнежня Ігар Сімбіроў знаходзіўся ў калёне прыхільнікаў Уладзімера Някляева, на якіх напалі супрацоўнікі спэцслужбаў. Актывіста ж затрымалі ў ноч з 19 на 20 сьнежня ў офісе грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду». У Жодзіне ён адседзеў 15 сутак.
XS
SM
MD
LG