Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падзяка на знак Салідарнасьці


16 сьнежня ў Варшаве адбылася імпрэза «Падзяка на знак Салідарнасьці».

Напярэдадні гадавіны трагічных падзей 19 сьнежня 2010 году яе зладзілі беларускія цэнтры ў замежжы (Польшча, Украіна, Францыя, Англія, Латвія, Літва). Актывісты падзякавалі дзесяці асобам, высілкамі якіх пра сытуацыю ў Беларусі пасьля выбараў дазналіся ў сьвеце.

Гэта Эмануэліс Зінгерыс, віцэ-старшыня Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы, Марэк Мігальскі, дэпутат Эўрапарлямэнту ад Польшчы, Марылюіза Бэк, дэпутат Нямецкага бундэстагу, Дэйвід Крэймэр, прэзыдэнт Freedom House (ЗША), Павал Дэмеш, экспэрт па Беларусі (Славакія), Крыстафэр Сьміт, амэрыканскі кангрэсмэн, ініцыятар «Акту аб дэмакратыі і правах чалавека ў Беларусі», прынятага амэрыканскім Сэнатам, Дзьмітры Муратаў, галоўны рэдактар расейскай «Новой газеты», Том Стопард, брытанскі драматург, рэжысэр, Джодзі Лоў і Кевін Спэйсі, зоркі сусьветнага кінэматографу.

Асабіста прысутнічалі на імпрэзе Павал Дэмеш і Марэк Мігальскі. Узнагароды астатнім перадалі прадстаўнікі іх краін у Польшчы. Уручалі Знакі Салідарнасьці беларускія актывісты.



Кажа Натальля Радзіна, рэдактарка сайту Хартыя-97, былая палітзьняволеная:

– Гісторыю робяць асобы. Людзі, якіх мы сёньня ўшаноўваем, ня проста робяць гісторыю. Яны ратуюць жыцьці. Я ведаю дакладна: калі б не расейскі праваабаронца Сьвятлана Ганнушкіна, кіраўнік Freedom House Дэйвід Крэмэр, прадстаўнік АБСЭ Дуня Міятавіч, галоўны рэдактар «Новой газеты» Дзьмітры Муратаў, журналіст НТВ Павал Селін, прадстаўнікі Нямецкага фонду Маршала Павал Дэмеш і Ёрг Форбрыг – я не магла б быць сёньня на волі, не змагла б рэдагаваць сайт Хартыі. Гэтыя людзі, дзеля якіх мы тут сабраліся, асаблівыя. Яны асабліва адораныя Богам. Мы, беларусы, змагаемся за сваю свабоду, за свабоду сваіх дзяцей і бацькоў, за свабоду сваёй Радзімы. Іх жа сэрца большае за наша: яны змагаюцца за нашу свабоду, за свабоду нашых дзяцей і бацькоў, за свабоду нашай Радзімы. У іх вялізнае сэрца. Яны робяць наш голас гучнейшым. Яны робяць нас мацнейшымі.

Павал Дэмеш, дзякуючы за Знак Салідарнасьці, сказаў:

Наш славуты былы прэзыдэнт Вацлаў Гавэл напісаў кнігу на падставе сваіх лістоў да жонкі Вольгі. Мяркую, што тыя лісты, якія пісалі палітзьняволеныя Беларусі сваім родным – утвораць пасьля яшчэ лепшую кнігу. Я ніколі ня бачыў большай хвалі Салідарнасьці за тую, якая ўтварылася пасьля выбараў 19-га. І я не магу назваць ніводнай арганізацыі, якая б не змагалася за лёсы беларускіх палітвязьняў. І я мяркую, што гэта будзе працягвацца. Я вельмі шчасьлівы быць цяпер з Вамі – з тымі, у каго цяпер няпоўная сям’я, я вельмі ўдзячны за Знак Салідарнасьці і ад сябе і імя сваіх калег хачу запэўніць што мы будзем працягваць сваю барацьбу. Да моманту шчасьлівай сустрэчы ў Менску! Жыве Беларусь!



Дачка палітзьняволенага Зьмітра Бандарэнкі Юлія ўручае знак на Салідарнасьць польскаму палітыку, дэпутату Эўрапарлямэнту Марку Мігальскаму:

Я хачу падзякаваць спадару Марку за тое, што мой бацька сёньня – ходзіць. І настолькі, наколькі магчыма гэта ва ўмовах турмы – здаровы. Без умяшальніцтва эўраструктур, бяз той хвалі Салідарнасьці, якую мы і мой бацька адчулі, улада зрабіла б яго калекам. Але барацьба за яго лёс мела плён.

У адказ Марэк Мігальскі сказаў:

– Я б хацеў падзякаваць Вам за Вашу падзяку. Але тое, пра што кажа Юлія – гэта мая праца. І эўрапейскія падаткаплацельшчыкі плацяць менавіта за тое, каб я добра рабіў сваю працу. І я не лічу, што гэта варта асаблівай узнагароды. Але я б хацеў дадаць, што ня толькі ў мяне вялікая цікавасьць да беларускіх грамадзянаў, – гэта сфэра цікавасьці многіх і многіх палякаў. Я глыбока ўпэўнены, што дэмакратычная і свабодная Беларусь – цікавая для Польшчы. І я веру, што Беларусь бліжэйшым часам стане такой і стане найлепшым сябрам для Беларусі. А бацька Юлі, маю спадзеў, – стане вольным яшчэ раней.



Беларуская паэтка Валярына Кустава ўручыла Знак Салідарнасьці для амэрыканскага кінаактора з сусьветным імем Кэвіна Спэйсі прадстаўніку аташэ па культуры Амбасады ЗША ў Польшчы Андрэю Полаку.

– Я тут прадстаўляю амэрыканскую амбасаду і, натуральна, амэрыканскае грамадзтва, якое падтрымлівае намаганьні беларускага грамадзтва ў дэмакратычных зьменах. Для нас вялікі гонар, што з 10 прадстаўнікоў, якія сёньня атрымліваюць узнагароду, – трое прадстаўляюць ЗША.



Кіраўніца Інфармацыйнага Бюро Салідарнасьці зь Беларусьсю Юлія Слуцкая сказала словы падзякі Дзьмітрыю Муратаву:

– Я пазнаёмілася зь Дзьмітрыем у студзені 2011 году. Гэта быў час, калі лёс карэспандэнткі «Новой газеты» Ірыны Халіп, якая на Плошчы была ня толькі грамадзянкай і ня толькі жонкай аднаго з кандыдатаў у прэзыдэнты, а найперш яна была на Плошчы журналістам, – лёс яе быў невядомым. «Новая газета» зрабіла ў тыя чорныя для Беларусі часы неверагоднае: перасоўны тайны карэспандэнцкі пункт. Дзякуючы гэтаму, навіны зь Беларусі, у якой пачаўся Год ператрусу, дасягалі мільённай аўдыторыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG