Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На паўднёвым захадзе Казахстану ў выніку здушэньня акцыі пратэсту загінулі прынамсі 10 чалавек. Сутыкненьні здарыліся ў горадзе Жанаэзэн, дзе пратэставалі былыя супрацоўнікі дзяржаўнай нафтавай кампаніі, звольненыя за страйк.

Канфлікт паміж пратэстоўцамі і паліцыяй здарыўся падчас сьвяткаваньня 20-х угодкаў незалежнасьці краіны. Афіцыйную вэрсію падае прадстаўніца выканаўчых уладаў Мангыстаўскай вобласьці Жана Айшыбаева:

«У горадзе Жанаэзэн на галоўнай плошчы гораду, дзе стаялі звольненыя за нявыхад на працу супрацоўнікі, акімат гораду вырашыў паставіць юрты, каб стварыць сьвяточную атмасфэру для сьвяточнага гуляньня для гараджанаў, у тым ліку і для звольненых супрацоўнікаў, бо яны застаюцца жыхарамі гораду. Але гэты факт выклікаў незадавальненьне страйкоўцаў, яны сталі кідаць камяні і сьвістаць».

Улады сьцьвярджаюць, што паліцэйскія пачалі страляць у пратэстоўцаў дзеля самаабароны. Пратэстоўцы кажуць, што забурэньні распачала арганізаваная група правакатараў, але агонь быў адкрыты не па іх, а па мірных пратэстоўцах.

Паводле генэральнага пракурора Казахстану, загінулі 10 чалавек, некаторыя СМІ паведамляюць пра некалькі дзясяткаў забітых.

Раней дзяржаўная нафтагазавая кампанія звольніла амаль тысячу супрацоўнікаў філіі ў Жанаэзэне, якія распачалі ў траўні страйк, пратэстуючы супраць зьмяншэньня заробкаў.



У Мангыстаўскай вобласьці заблякаваная мабільная тэлефонная сувязь, туды ўведзены спэцыяльныя падразьдзяленьні паліцыі. Аб сытуацыі ў Жанаэзэне кажа палітычны экспэрт з Алматы, дырэктар Цэнтру групы рызыкі Дасым Сатпаеў:

– Жанаэзэн, напэўна, адзін з многіх населеных пунктаў на захадзе Казахстану, які непасрэдна зьвязаны з нафтагазавымі распрацоўкамі. Большасьць тых людзей, што жывуць там, працуюць у інфраструктуры, зьвязанай са здабычай нафты і газу. У апошнія некалькі гадоў, асабліва сёлета, на захадзе Казахстану назіраюцца даволі актыўныя пратэстныя настроі. На працягу доўгага пэрыяду там былі выступленьні рабочых нафтагазавых кампаній, якія зьяўляюцца даччынымі прадпрыемствамі нацыянальнай кампаніі «КазМунайГаз». У гэтым годзе – найбольш маштабныя і працяглыя, чым за ўсе папярэднія гады.

– Там ёсьць нейкі палітычная складнік, ці гаворка ідзе пра чыста сацыяльны пратэст?

– Пратэсты спачатку мелі толькі сацыяльна-эканамічную аснову – не гучала ніякіх палітычных лёзунгаў. Патрабаваньні былі цалкам канкрэтныя, у першую чаргу яны датычыліся павышэньня заработнай платы: на думку мясцовых рабочых, яна не адпавядае ні ўмовам іх працы, ні тым заробкам, якія атрымліваюць замежныя спэцыялісты. Пазьней пэўныя апазыцыйныя сілы паспрабавалі выкарыстоўваць гэтыя пратэстныя настроі. Напрыклад, Мухтар Аблязаў, які зараз хаваецца ў Лёндане, або Рахат Аліеў – былы зяць прэзыдэнта Казахстану Нурсултана Назарбаева, які таксама жыве за мяжой. Яны спрабавалі прадставіць гэтыя выступы як масавы бунт і першы прадвесьнік рэвалюцыі.

– Ёсьць непацьверджаныя паведамленьні аб дзясятках ахвяр гэтых выступаў. Улады маглі наважыцца на такі жорсткі разгон дэманстрацыі?

– Я думаю, так. Па-першае, уладам неабходна прадэманстраваць цьвёрдасьць напярэдадні выбараў у ніжнюю палату парлямэнту, яны павінны паказаць, што трымаюць сытуацыю пад кантролем. Па-другое, захад Казахстану сёлета «праславіўся» актывізацыяй пэўных тэрарыстычных груп, у сувязі з чым улада цяпер вельмі ўважліва ставіцца да гэтага рэгіёну.



– Як сябе будзе паводзіць, па вашых ацэнках, рэжым Назарбаева? Будуць замоўчваць сытуацыю ў Жанаэзэне, ці дадуць нейкія тлумачэньні адносна таго, што адбылося?

– «Замоўчваць» гэта ў XXI стагодзьдзі вельмі цяжка, з улікам вялікай колькасьці інфармацыйных рэсурсаў. Вядома, будзе спроба дыскрэдытаваць саміх страйкоўцаў. Аб гэтым можна судзіць ужо па тым, што сёлета ўпершыню ўлады ня толькі аказвалі сілавы ціск, але і праводзілі актыўную інфармацыйную кампанію супраць страйкоўцаў, называючы іх людзьмі, якія атрымліваюць добрыя заробкі, а патрабуюць больш, чым трэба. Я думаю, што ўлада, па-першае, паспрабуе трошкі мінімізаваць інфармацыйны рэзананс, а па-другое, прадставіць усё гэта як пасьпяховае прадухіленьне спробы дэстабілізацыі абстаноўкі.

– Ці ёсьць у страйкоўцаў лідэры рабочага руху?

– Вялікую ролю ў гэтых пратэстных акцыях адыгрывалі так званыя нефармальныя лідэры працоўных калектываў. Афіцыйныя прафсаюзы ад самага пачатку былі не на баку страйкоўцаў – яны больш супрацоўнічалі з кампаніямі і мясцовай выканаўчай уладай. Гэта і стала адной з прычын выступу людзей, якія лічылі, што прафсаюзы не абараняюць іх інтарэсы. Улады, у сваю чаргу, сталі альбо арыштоўваць гэтых нефармальных лідэраў, альбо звальняць. У пэўнай ступені гэта прывяло да жаданага выніку – частку страйкоўцаў ўціхамірылі, частку звольнілі.

- Паводле вашых ацэнак, ці можа гэта абярнуцца сур'ёзнымі палітычнымі цяжкасьцямі для Нурсултана Назарбаева? Або пратэст будзе задушаны, і ўлады па-ранейшаму будуць жорстка кантраляваць сытуацыю ў рэспубліцы?

– Малаверагодна, што гэта як-небудзь адаб'ецца на дзейным прэзыдэнце. Такія ўспышкі адбываюцца ў розных рэгіёнах Казахстану з рознай ступеньню інтэнсіўнасьці ледзь ня кожны год. Небясьпечная іншая сытуацыя: спроба ўладаў замяць усе гэтыя канфлікты, прадставіць іх лякальнымі праблемамі, прывядзе да таго, што пасьля Назарбаева многія з гэтых праблемных зон папросту выбухнуць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG