Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Лукашэнка загаварыў пра палкі ў свае вокны. Можа, гэта прадчуваньне?»


Аляксандар Старыкевіч

Аляксандар Старыкевіч

Што новага мы даведаліся пра Аляксандра Лукашэнку пасьля ягонага інтэрвію вядомаму расейскаму тэлежурналісту Сяргею Дарэнку? Чаму беларускі кіраўнік загаварыў пра тое, што на пэнсіі, магчыма, вокны ягонай хаты закідаюць палкамі? На гэтыя ды іншыя пытаньні адказвае рэдактар інтэрнэт-газэты «Салідарнасьць» Аляксандар Сатрыкевіч.

Цыганкоў: Здаецца, ня так часта Аляксандар Лукашэнка раскрываецца ў інтэрвію, і звычайна гэта адбываецца ў размовах з замежнымі, не беларускімі журналістамі. У інтэрвію Сяргею Дарэнку Аляксандар Лукашэнка зрабіў некалькі даволі шчырых выказваньняў. Ці даведаліся мы што-небудзь новае пра беларускага кіраўніка пасьля гэтага інтэрвію?

Старыкевіч: Зусім новыя фарбы — наўрад ці. Але, вядома, быў шэраг цікавых цытатаў, настолькі красамоўных, што ім камэнтары нават не патрэбныя. Калі, напрыклад, Лукашэнка закідае Мядзьведзеву, што той ня выйшаў на Балотную плошчу, да дэманстрантаў, — то гэта выглядае проста фантастычным цынізмам. На Балотнай у Маскве дэманстрантаў хаця б не разганялі, не зьбівалі — паліцыя паводзіла сябе карэктна. 19 сьнежня Лукашэнка ня толькі ня выйшаў да дэманстрантаў, а выставіў спэцназ і ўзброеныя сілы. Хаця, я думаю, калі б пра гэта запыталіся ў Лукашэнкі — ён бы хутка знайшоў адказ — маўляў, у Маскве нармальныя хлопцы стаялі, а ў нас адмарозкі.

Цыганкоў: Маю ўвагу прыцягнула тое, як Дарэнка даказвае Лукашэнку, што беларусы — гэта эўрапейцы, што беларусы паводле побытавай культуры прыналежаць да іншай, не расейскай культурнай прасторы. А Лукашэнка не згаджаецца, працягвае сваё — «мы такія самыя, як расейцы, як пскоўскія, тульскія». Ці адбілася канкрэтная палітычная сытуацыя, сёньняшняя залежнасьць Лукашэнкі ад Расеі на гэтых выказваньнях?

Старыкевіч: Вядома, адбілася, але тут больш важна тое, што гэтае інтэрвію было дадзена расейскаму СМІ. Размаўляючы з расейскімі журналістамі нават у моманты абвастрэньня адносінаў з Крамлём, Лукашэнка апэляваў да таго, што «мы ж браты». Таго, каб ён адмаўляўся ад «агульных каранёў», я не прыпамінаю.

Аднак, нават улічваючы спрыяльную сытуацыю ў стаўленьні Расеі да Лукашэнкі, кіраўнік Беларусі не ўтрымаўся ад пэўных закідаў на адрас Пуціна, і нават ахвотна пагаварыў на тэму, што было б, калі б прэзыдэнтам Расеі быў ён. Расея была б іншая, і з кантэксту вынікае, што значна лепшая, чым сёньняшняя.

Цыганкоў: Здаецца, упершыню ў інтэрвію Лукашэнка прызнаў, што ацэнка ягонай палітыкі ў Беларусі будзе не абавязкова станоўчая. «Я нават гатовы, што, я не скажу, аплёўваць, але ў вакно палкамі будуць кідаць». Можа, крызісны год аказаў такі ўплыў?

Старыкевіч: Гэта сапраўды цікавы момант, бо раней такіх рэчаў не было. Цяжка сказаць, чаму. Можа быць, гэта прадчуваньне?
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG