Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як дапамогуць ЗША беларускай дэмакратыі?


Сэнат ЗША ўхваліў «Акт аб дэмакратыі і правах чалавека ў Беларусі». Які ўплыў акажа прыняцьце гэтага дакумэнту на палітыку Злучаных Штатаў адносна Беларусі? Чаму Гілары Клінтан, знаходзячыся ў Вільні, шмат увагі надала беларускаму пытаньню? Ці магчыма супольная палітыка ЗША і ЭЗ адносна Беларусі?

Удзельнікі: палітоляг Андрэй Фёдараў і галоўны рэдактар інтэрнэт-газэты «Мы» Кірыла Пазьняк.

Які ўплыў акажа прыняцьце гэтага дакумэнту?


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч: «14 сьнежня Сэнат — верхняя палата Кангрэсу ЗША — ўхваліў „Акт аб дэмакратыі і правах чалавека ў Беларусі“. Ніжняя палата Кангрэсу — Палата прадстаўнікоў ухваліла акт 6 ліпеня 2011 году. Цяпер законапраект мае падпісаць прэзыдэнт Злучаных Штатаў Барак Абама. Ухвалены законапраект уносіць зьмены і папраўкі ў дзейны закон 2004 года „Акт аб дэмакратыі ў Беларусі“. Што новага ў новым законе ў параўнаньні з ранейшымі варыянтамі? Які ўплыў акажа гэты дакумэнт на палітыку Злучаных Штатаў адносна Беларусі?»

Андрэй Фёдараў: «У новым варыянце акту знайшлі адлюстраваньне тыя падзеі, якія адбыліся з моманту прыняцьця папярэдняга дакумэнту (2008 г.). Галоўная ўвага нададзеная падзеям 19 сьнежня. Дакумэнт патрабуе вызваленьня ўсіх палітвязьняў, заяўляе аб непрызнаньні вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў.

Як і раней, акт забараняе вышэйшым дзяржаўным асобам Беларусі, іх сваякам, чыноўнікам, датычным да парушэньня правоў чалавека, наведваць ЗША. Калі ў Злучаных Штатах будуць знойдзены грошы гэтых людзей, то прадугледжаныя і фінансавыя санкцыі. Забаронена аказваць фінансавую дапамогу беларускаму рэжыму. У дакумэнце Міжнародная фэдэрацыя хакею заклікаецца адмяніць сваё рашэньне правесьці чэмпіянат сьвету па хакею 1914 году ў Беларусі.

Прапануецца падтрымка радыёэлектронным мэдыям, якія вяшчаюць на Беларусь. Гэта Радыё „Свабода“, „Голас Амэрыкі“, „Эўрапейскае радыё для Беларусі“, тэлеканал „Белсат“. Прадугледжаная фінансавая дапамога беларускім дэмакратычным сілам. Мінулым годам гэтая дапамога склала каля 10 млн. даляраў».

Кірыла Пазьняк
Кірыла Пазьняк
Кірыла Пазьняк: «Прыняцьце акту — гэта з большага сымбалічнае дзеяньне. Дакумэнт адлюстроўвае сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі і двухбаковыя стасункі паміж ЗША і Беларусьсю. Гэтыя стасункі апошнім часам моцна пагоршыліся. Прыняцьце акту — гэта падтрымка палітычных апанэнтаў беларускага рэжыму і грамадзянскай супольнасьці.

Але наўрад ці гэты дакумэнт можа істотна зьмяніць сытуацыю ў Беларусі. Адрозьненьне ад папярэдняга варыянту акта палягае ў больш рэзкім тоне. Захоўваецца курс на санкцыі адносна шэрагу беларускіх прадпрыемстваў і замарожваньне актываў беларускіх чыноўнікаў. Можна зрабіць выснову, што ЗША пасьлядоўны адносна палітычнага рэжыму Беларусі».

Ці павялічваецца ўвага Вашынгтону да Беларусі?


Карбалевіч: «Дзяржсакратар ЗША Гілары Клінтан падчас 18-ай сэсіі Савета Міністраў АБСЭ у Вільні 6-7 сьнежня шмат увагі надала беларускаму пытаньню. Яна дала жорсткую ацэнку сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, сустрэлася з прадстаўнікамі беларускай грамадзянскай супольнасьці. Ці можна казаць, што ўвага Вашынгтону да Беларусі павялічваецца?»

Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч
Фёдараў: «Гледзячы з чым параўноўваць. Калі параўноўваць з папярэднімі дзеяньнямі цяперашняй адміністрацыі Абамы, то ўвага павялічылася. Бо цягам двух першых гадоў існаваньня гэтай адміністрацыі яна мала зважала на Беларусь. Гілары Клінтан толькі праз два гады амаль выпадкова ўзгадала пра сытуацыю з правамі чалавека ў нашай краіне. А цяпер карціна іншая.

Але калі параўноўваць увагу да Беларусі былой адміністрацыі Буша, то параўнаньне не на карысьць цяперашняга амэрыканскага кіраўніцтва. Тады сам прэзыдэнт неаднаразова сустракаўся з прадстаўнікамі беларускіх дэмакратычных сілаў.

Але цяжка казаць пра значны эфэкт цяперашніх намаганьняў ЗША адносна Беларусі. Бо ў Вашынгтона няшмат інструмэнтаў уплыву на нашу краіну. Узаемны таваразварот мінулым годам склаў некалькі соцень мільёнаў даляраў. Нават для Беларусі гэта неістотны маштаб, ужо не кажучы пра ЗША. Нават калі гэты таваразварот зьменшыцца, гэта ня будзе вялікай стратай для беларускіх уладаў».

Пазьняк: «Сустрэчы амэрыканскіх кіроўных асобаў з прадстаўнікамі беларускіх дэмакратычных сілаў адбываюцца ўвесь час. Цяперашняя ўвага Клінтан да беларускага пытаньня тлумачыцца тым, што яна знаходзілася ў суседняй зь Беларусьсю краіне. І заявы дзяржсакратара ЗША, і акт — гэта сыгнал дэмакратычным сілам Беларусі, беларускім грамадзянам, спроба стымуляваць у Беларусі нармальнае палітычнае жыцьцё.

Калі заявы пра Беларусь гучаць з вуснаў прэзыдэнта Абамы і дзяржсакратара Клінтан, то яны даходзяць да шараговых беларусаў. А вось прыняцьце згаданага акту — гэта падзея для абазнаных у палітычным працэсе».

Ці магчыма супольная лінія Вашынгтону і Брусэлю адносна Беларусі?


Карбалевіч: «Відавочна, што пазыцыі ЗША і ЭЗ у беларускім пытаньні розныя. Ці магчыма супольная лінія Вашынгтону і Брусэлю адносна Беларусі?»

Фёдараў: «На стратэгічным ці ідэалягічным узроўні рознагалосьсяў практычна няма. І ЗША і ЭЗ асуджаюць парушэньне правоў чалавека ў Беларусі. Рознагалосьсі пачынаюцца тады, калі пераходзяць да тактычных дзеяньняў. Бо ЗША — гэта адна краіна, і там рашэньне прымаюцца ў адным цэнтры. А ЭЗ — гэта 27 краінаў, якія маюць рознае стаўленьне і інтарэс да Беларусі. Таму цяжка знайсьці кампраміс.
На стратэгічным ці ідэалягічным узроўні рознагалосьсяў практычна няма. Рознагалосьсі пачынаюцца тады, калі пераходзяць да тактычных дзеяньняў.

Зь іншага боку, ЗША практычна не зацікаўленая ў эканамічным супрацоўніцтве зь Беларусьсю. А гандаль Беларусі з краінамі ЭЗ вялікі. Праз нашу тэрыторыю ў Эўропу праходзяць транзытныя газа- і нафтаправоды. Таму супольныя дзеяньні Вашынгтону і Брусэлю адносна Мінску ладзіць цяжка».

Пазьняк: «Хоць ЗША настроена адносна беларускага рэжыму больш радыкальна, чым ЭЗ, але Вашынгтон таксама ня ладзіць лабавы ціск. Вось уцечкі праз WikiLeaks сьведчаць пра кантакты амэрыканскай адміністрацыі з адміністрацыяй прэзыдэнта Беларусі.

Галоўная дыскусія паміж ЗША і ЭЗ палягае ў такіх пытаньнях: якія мусяць быць маштабы санкцыяў у дачыненьні да рэжыму Лукашэнкі і маштабы стымуляваньняў. Таксама важнае пытаньне: ці можна ўзаемадзейнічаць у справе дэмакратызацыі Беларусі з Масквой. Яшчэ два чыньнікі адсоўваюць Беларусь зь ліку прыярытэтаў палітыкі ЗША і ЭЗ: падзеі на арабскім Усходзе і эканамічны крызыс».

Карбалевіч: «А ці існуе супольная лінія ЗША і ЭЗ па пытаньнях крэдыту Беларусі ад МВФ, Усясьветнага банку? Ці ўступленьне Беларусі ў Усясьветную гандлёвую арганізацыю (УГА)?

Фёдараў: «Так, магчыма. Дарэчы, «Акт аб дэмакратыі і правах чалавека ў Беларусі» патрабуе ад прадстаўнікоў ЗША ў міжнародных фінансавых арганізацый не выдзяляць ураду Беларусі грошай. Думаю, тут пазыцыі ЗША і ЭЗ супадаюць».

Карбалевіч: «Гэты пункт дзейнічаў і ў папярэдніх варыянтах акту. Аднак гэта не перашкодзіла таму, што ЗША дазволіла Беларусі атрымаць крэдыты МВФ у 2008-2009 гадах».

Фёдараў: «ЗША ўстрымаліся пры галасаваньні. Гэта можна разглядаць як адступленьне ад палажэньняў акту. А што тычыцца УГА, то там усё прасьцей. Там нават адна краіна — сябра УГА можа заблякаваць уступленьне Беларусі ў гэтую арганізацыю».

Пазьняк: «Тое, што ЗША не заблякавалі выдзяленьне крэдыту МВФ Беларусі ў 2008-2009 гадах сьведчыць пра тое, што палітыка Вашынгтону адносна беларускага рэжыму не такая ўжо адналінейна жорсткая».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG