Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка баіцца, што ягоныя вокны закідаюць палкамі


У эфіры радыёстанцыі «Руская служба навінаў» выйшла гадзіннае інтэрвію --> #v з Аляксандрам Лукашэнкам. Як і абяцаў галоўны рэдактар Сяргей Дарэнка, які адмыслова прыяжджаў на запіс гутаркі у Менск, усё беларускае было максымальна выразанае, каб не загружаць расейскіх слухачоў «залішняй лякалізацыяй».

Яшчэ раніцай Сяргей Дарэнка напісаў у «Твітэры»: «У захапленьні ад беларусаў і Беларусі, „тырчу“ проста. Рэжу інтэрвію — прэзыдэнт у вас чумавы». «Крутасьць» суразмоўцы журналіст пачаў рэклямаваць у сацыяльных сетках яшчэ 13 сьнежня: маўляў, Лукашэнка заявіў, што эўрапейскія лідэры ня маюць яец, што хацеў бы мець Беларусь як жонку, што на генным узроўні не ўспрымае «важдзізму», што бяз памяці любіць сына Міколку, але не рыхтуе яго пераемнікам.

Сяргей Дарэнка
Сяргей Дарэнка
У сярэдзіне дня пачалі зьяўляцца і афіцыйныя фрагмэнты расшыфроўкі тэксту. Гэтак, Лукашэнка сказаў, што кожны дзень думае пра лёс асуджаных на сьмяротнае пакараньне менскіх тэрарыстаў, але не дапусьціць, каб сытуацыя была разыграная ў палітычных мэтах. Ён не ўдакладніў, калі вырашыць лёс абвінавачаных Дзьмітрыя Канавалава і Ўладзіслава Кавалёва.

Як дасьведчаны гаспадар раскрытыкаваў кіраўніцтва Расеі за безгаспадарнасьць. Маўляў, ірванулі даганяць Амэрыку — балазе, грошы шалёныя — а пра галоўнае забыліся. Па ягоных словах, за сотні кілямэтраў ва ўсе бакі ад Масквы на палях, якія калісьці давалі добры ўраджай бульбы і капусты, стаяць палацы чыноўнікаў і алігархаў: «У лясах ужо дрэваў меней, чым палацаў», — сказаў беларускі лідэр, зазначыўшы, што ў Беларусі нават гектар палеткаў нельга атрымаць бяз подпісу прэзыдэнта.

Перайшоўшы да палітыкі, Лукашэнка ўзяўся за шматтысячныя акцыі расейскай апазыцыі супраць фальсыфікацыі выбараў у Дзяржаўную думу. Ён заявіў, што на месцы прэзыдэнта Дзьмітрыя Мядзьведзва, які ўзначальваў выбарны сьпіс уладнай партыі «Адзіная Расея», не задумваючыся выйшаў бы на Балотную плошчу і прывёў бы такія аргумэнты, што мітынгоўцы толькі б разьвялі рукамі. Дарэчы, па падліках Лукашэнкі, пайменны сьпіс беларускіх апазыцыянэраў — 400 чалавек.

Сяргей Маркаў
Сяргей Маркаў
Расейскі палітоляг Сяргей Маркаў кажа, што зь цяжкасьцю ўяўляе падобную дзею, бо сам Лукашэнка за 17 гадоў прэзыдэнцтва ніводнага разу да апанэнтаў так і ня выйшаў:

«Тэарэтычна, канечне, магчыма, што прадстаўнікі іншай палітычнай сілы выходзяць на мітынг, арганізаваны іх праціўнікамі. Гэта бывае ў нейкіх унікальных выпадках, хоць мне нават у галаву не прыходзяць нейкія гістарычныя прыклады, калі прадстаўнік палітычнай сілы, супраць якой сабраліся дэманстранты, выйшаў да іх і спрабаваў пра нешта дамаўляцца. Думаю, што арганізатары пастараліся б яго максымальна зганьбіць, дыскрэдытаваць, каб яго сустрэлі сьвістам, улюлюканьнем, проста не далі б гаварыць. І ніхто б яго ў выніку нават не пачуў, што самае галоўнае. То бок, калі той, супраць каго арганізуецца мітынг, усё ж выходзіць, апанэнты зробяць усё, каб яго ніхто не пачуў на гэтым мітынгу, таму ніякай сваёй праўды, ісьціны данесьці яму ня ўдасца. У гэтым, дарэчы, тлумачэньне таго, чаму Лукашэнка ніводнага разу на вуліцу не выходзіў і ніколі ня выйдзе».

Паказальна, што Пуціну беларускі кіраўнік даваць парады не адважыўся. Адзінае, сказаў, што калі б Расеяй кіраваў ён, Лукашэнка, краіна была б іншай. На настойлівыя пытаньні маскоўскага госьця — хто такі Пуцін? — Лукашэнка недвухсэнсоўна адмахнуўся: «Я думаю пра яго тое ж, што і вы».

Валерыя Навадворская
Валерыя Навадворская
На думку старшыні партыі «Дэмакратычны саюз» Валерыі Навадворскай, у адрозьненьне ад Мядзьведзева, які не зьяўляецца самастойнай палітычнай асобай, Лукашэнка і Пуцін павязаныя адным грахом — бязьмежнай прагай улады. Таму беларускі кіраўнік і ня хоча пакрыўдзіць будучага калегу:

«Беларусь пакрывае Пуціна і той плаціць Лукашэнку той жа манэтай. Вось чаму Лукашэнка пры поўнай адсутнасьці эканамічных магчымасьцяў дазваляе сабе такія выказваньні на адрас эўрапейскіх лідэраў, на адрас апанэнтаў і г.д. Калі б Расея не ўзяла на балянс Беларусь, не ўзяла яе на кармленьне, атрымаўшы за гэта газавую трубу, было б крыху інакш — Лукашэнка б са свайго трону зьляцеў у адзін момант. Дарэчы, калі Беларусь калісьці стане свабоднай, то ўзьнікнуць вельмі вялікія праблемы. Таму што Расейскай імпэрыі ўжо прададзеныя значныя эканамічныя магутнасьці, а ў пэрспэктыве давядзецца закласьці практычна ўсё».

Лукашэнка сказаў, што яго расьсьмяшылі папулісцкія заявы кіраўніцтва «Газпраму», які днямі набыў 100% акцый «Белтрансгазу», аб трохразовым падвышэньні заробкаў на купленым прадпрыемстве: «Людзі разумеюць, што гэта блеф», — сказаў Лукашэнка, выказаўшы абазнанасьць, як бяруцца падобныя заробкі. Маўляў, расейская «верхатура» атрымлівае мільёны даляраў, нізы — у стане жабракоў, а сярэднія лічбы нібыта прыгожыя.

Лукашэнка сказаў, што пасьля адстаўкі ня бачыць сябе пэнсіянэрам, які корміць галубоў, а мае намер да канца бегаць на каньках з хакейнай клюшкай. Праўда, не выключае, што спакойнага жыцьця ў яго ня будзе. У размове зь Сяргеем Дарэнкам ён сказаў, што маральна гатовы ня толькі да таго, што яго будуць аплёўваць, а нават што ў вокны палкамі будуць кідаць. Хоць лічыць, што нічога дрэннага нікому не рабіў і як быў бедным да прыходу на прэзыдэнцкую пасаду, так і застаўся :
Так, я далёка ня першы год прэзыдэнтам, нібыта перакрочыў той нармальны тэрмін, калі пачынаюць дакараць — дайце іншым паруліць і іншае. Але гэта чарговае глупства. Што значыць паруліць? Што значыць даць папрацаваць?

«У нас прэзыдэнт — гэта нават ня тое, што ў вас. У вас улада — гэта багацьце, грошы і г.д. А я што маю? Пакажыце! Гэта ж не праблема знайсьці! Цяпер вы нават можаце разглядзець, у якіх трусах ён кожны дзень ходзіць. Хто сказаў, што Лукашэнка нешта ўзяў, скраў і ў яго недзе там мільярд, два ці тры? Пакажыце мне гэтыя грошы. І мае дзеці гэта цудоўна разумеюць, бо, гледзячы на мяне, яны ўжо наеліся прэзыдэнцтва. Таму я зараз вось думаю: ладна, я ёсьць, а раптам чагосьці штосьці — і мяне няма? Вось яны жывуць у Драздах праз плот са мной, дык ім і дзявацца няма куды. А ў іх дзеткі маленькія. Таму я хачу, каб гэта было прыгожа, нармальна. Калі я стаміўся, я не магу — няхай папрацуе іншы. Я так павінен паступіць, у мяне такая ідэалёгія і філязофія. Так, я далёка ня першы год прэзыдэнтам, нібыта перакрочыў той нармальны тэрмін, калі пачынаюць дакараць — дайце іншым паруліць і іншае. Але гэта чарговае глупства. Што значыць паруліць? Што значыць даць папрацаваць? Трэба прыйсьці на выбары, даказаць сваю здольнасьць і стаць прэзыдэнтам. Толькі так!».

Адметнае стаўленьне самога Сяргея Дарэнкі да Беларусі і беларусаў. Перад прыездам у Менск ён паіранізаваў зь Беларусі, назваўшы яе эўрапейскім захалусьцем, а жыхароў краіны параўнаў з пэрсанажамі, якіх хвалюе толькі ўласная харчовая бясьпека. Пры гэтым, гаворачы пра інстынкты беларусаў, Дарэнка на лукашэнкаўскі манэр зьвяртаецца да зьняважлівай трасянкі:

«Беларусы — хобіты, у іх поўныя кладоўкі, у іх пад ложкамі неверагодная колькасьць замарынаваных памідорчыкаў. І ім трэба, каб быў парадак. Вось парадак — і справа з канцом. Я думаю, што беларусы былі траўмаваныя да 1994 году беспарадкам. Уласна, калі ўлада гарантуе захаваньне іхняга маленькага хутарскога шчасьця, то беларусы і ня парацца. Дэмакратыя патрэбна і дэмакратыя пажаданая, але беларусы, ступіўшы ў кашчунскую, агідную ўласную культуру дэмакратыі, якая аказалася перамогай чэмпіёнаў, якія зьдзекаваліся з народу, па сутнасьці ня хочуць вяртаньня да гэтага. Ну ня хочуць! Нават больш скажу: калі дэмакратыя зьявіцца ў нейкім эўрапейскім кантэксьце, то яна зьявіцца найперш у Менску, а потым у Маскве. Таму што вы — захалусьце Эўропы, а мы — бліскучая сталіца Азіі. Таму, калі нешта, падобнае на Эўропу, зьявіцца, то хутчэй у захалусьці Эўропы, чым у сталіцы Азіі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG