Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўніца калёніі: «Нічога з Аўтуховічам ня здарылася»


Мікалай Аўтуховіч
Мікалай Аўтуховіч

Праваабаронцы занепакоеныя інфармацыяй пра спробу самагубства Мікалая Аўтуховіча. У Івацэвіцкай калёніі гэта не пацьвярджаюць. Марына Адамовіч пакуль ня ведае, куды і калі яна павінна зьявіцца на рэгістрацыю шлюбу зь Міколам Статкевічам.

Паводле СМС-паведамленьня, якое паступіла з Івацэвіцкай калёніі № 5, палітвязень Мікалай Аўтуховіч зрабіў замах на сваё жыцьцё. Цяпер яму робяць перавязкі, ён пачаў есьці, адчувае сябе здавальняюча і просіць перадаць яму літаратуру. Інфармацыю карэспандэнту «Свабоды» пракамэнтавала старшы інспэктар спэцаддзелу Івацэвіцкай калёніі № 5 Ірына Рэвінская:

«Я не магу вам такіх дадзеных прадставіць. Па-першае, я такой інфармацыі ня маю. Па-другое, мы па тэлефоне такой інфармацыі не даём. Па-трэцяе, верыць СМС асуджаных — гэта па меншай меры глупства».

Карэспандэнт: «Дык а што з Аўтуховічам зараз?»

«Нічога зь ім ня здарылася. Усё зь ім добра. Ва ўсялякім выпадку, я маю інфармацыю, што зь ім усё цудоўна. Нічога не адбываецца і нічога ня здарылася».

Але пры гэтым Ірына Рэвінская дадала, што зьяўляецца супрацоўніцай спэцаддзелу, які знаходзіцца па-за межамі рэжымнага аб’екту. Штодня асуджаных яна ня бачыць.

На пытаньне, чаму няма сэнсу давяраць СМС з калёніі, спадарыня Ірына сказала:

«Ну, па-першае, якім чынам яны могуць адпраўляць СМС, калі ў нас у калёніі яны ня маюць на гэта права? Як вы ўяўляеце сабе, што асуджаны накіраваў вам СМС? Якім чынам? Яны на гэта ня маюць права і ня могуць адпраўляць. Значыць, гэта замест іх нехта накіроўвае непраўдзівую інфармацыю».

У праваабаронцы Алега Воўчака няма сумневаў, што ў калёніі адбылося «нешта страшнае». 15 сьнежня ён разам са старшынём аргкамітэту па стварэньні грамадзкага аб’яднаньня «Абаронцы Айчыны» Аляксандрам Камароўскім падаў заяву на імя генпракурора, дзе адзначаецца, што ў калёніі парушаюцца правы Мікалая Аўтуховіча. Воўчак распавёў, што да Аўтуховіча ў камэру хацелі падсадзіць вязьня зь нізкім сацыяльным статусам.

Гэта такая ў зэкаў традыцыя, бо калі б ён ня ўскрыў вены, то быў бы ў статусе апушчаных.

«Перадалі праз зону, што ён ускрыў вены. Гэта такая ў зэкаў традыцыя, бо калі б ён ня ўскрыў вены, то быў бы ў статусе апушчаных. А ў якім ён стане цяпер, пакуль што невядома. Гэта тое, што рабілі супраць Саньнікава, Дашкевіча, Статкевіча і іншых палітвязьняў, якіх гэтак жа прэсавалі. Гэта схема аднаго ідэёляга, які прыдумаў, як прынізіць лідэраў нацыі».

Паводле былога палітвязьня Андрэя Бандарэнкі, такое ў калёніях здараецца часта:

«То бок, гэта адэкватны, калі гэта можна так назваць, учынак, калі зьняволеныя спрабуюць такім чынам сябе абараніць ці прыцягнуць увагу да пэўнай праблемы. Гэта так званая на жаргоне „мойка“, калі разьбіраецца лязо для галеньня. Яны вельмі вострыя і зьняволеныя ўскрываюць сабе вены. Ціск на зьняволеных дасягае такой мяжы, што яны ўжо не вытрымліваюць».

Таксама крыніцы паведамілі, што адміністрацыя Шклоўскай калёніі справакавала бойку, каб мець усе фармальныя падставы пасадзіць Міколу Статкевіча ў памяшканьне камэрнага тыпу. Атрымаць тлумачэньні адносна гэтай інфармацыі ў адміністрацыі калёніі не ўдалося. Там сказалі, што ў калёніі камісія, таму ўсе занятыя.

Жонка палітвязьня Марына Адамовіч распавяла, што тэлефоны не адказваюць, дзяжурны памочнік начальніка калёніі нічога ня ведае. Апошняя інфармацыя адносна Статкевіча ў спадарыні Марыны такая:

«Справакавалі бойку. Пра бойку ён казаў, што ён ведаў, што адміністрацыя хоча справакаваць бойку, каб адправіць яго ў ПКТ. Карацей кажучы, „крытку“ яму рыхтуюць. Гэта проста турма. Тое, што зараз з Васьковічам адбываецца».

20 сьнежня ў Шклоўскай калёніі павінна адбыцца рэгістрацыя шлюбу Мікалая Статкевіча і Марыны Адамовіч. Аднак ёй дагэтуль не паведамілі, куды і калі яна павінна зьявіцца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG