Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бабруйск: Апазыцыянэрку высяляюць зь інтэрнату


Актывістку АГП Алену Тоўсьцік з двухгадовым дзіцём на руках бабруйскія ўлады выкідваюць на вуліцу.

16 сьнежня Бабруйскі суд зьбіраецца разгледзець адміністрацыйную справу паводле абвінавачваньня ў парушэньні Аленай Тоўсьцік і яшчэ трыма актывістамі закону «Аб масавых мерапрыемствах». 2 лістапада, калі яны ішлі зь сьвечкамі ў руках, іх затрымалі міліцыянты й абвінавацілі ў несанкцыянаваным шэсьці.

Як сьцьвярджае спадарыня Тоўсьцік, адразу пасьля гэтага ў яе пачалі праблемы з інтэрнатам: «23 лістапада адбылося першае судовае пасяджэньне, я тады не зразумела, у чым справа. Позву даслалі, але не ўказалі, што да чаго. Проста пазначылі кабінэт. А на судзе сказалі аб высяленьні. Я зьвязваю ўсё гэта з нашым затрыманьнем».

Першае судовае пасяджэньне ў справе высяленьня прайшло 15 сьнежня. Паводле спадарыні Тоўсьцік, яно скончылася безвынікова. Судзьдзя Ганна Германава пастанавіла перанесьці разгляд справы на 19 сьнежня.

Судзьдзя так хутка ўсё чытала, што я не змагла разабраць, хто хоча мяне выселіць і на якіх падставах

Алена Тоўсьцік цьвердзіць, што ня здолела дамагчыся ў судзьдзі, каб яна назвала канкрэтныя прычыны, паводле якіх яе сям’я мусіць вызваліць пакой у інтэрнаце.

«Судзьдзя так хутка ўсё чытала, што я не змагла разабраць, хто хоча мяне выселіць і на якіх падставах. Груба са мной гаварылі. Я чакала паседжаньня больш за гадзіну. Ніхто мне нічога не казаў. Усе былі незадаволенымі. На судзе прысутнічалі прадстаўнікі органаў апекі і аддзелу адукацыі», — гаворыць яна. «Куды мяне зьбіраюцца высяляць — я ня ведаю. У мяне дзіцяці два гады. Начальніца інтэрнату кажа, што ў іх няма месцаў. Я цяпер у дэкрэтным», — зазначае Алена Тоўсьцік.

Пра прычыны высяленьня сям’і Алены Тоўсьцік адмаўляюцца казаць і ў адміністрацыі інтэрнату. "Зьвяртайцеся ў нашы ўнутраныя органы — па іх скаргах — там запыты й прычына. У яе муж знаходзіцца ў вышуку — гэта раз. А па-другое матэрыялы справы толькі паступілі ў суд на разгляд. Гэта ўсё. Вы, калі ласка, не зьбірайце плётак і не абгрунтоўвайце іх",— заявіла праз тэлефон прадстаўніца адміністрацыі.


2 лістапада чацьвёра актывістаў зьбіраліся са сьвечкамі ў руках дайсьці да мэмарыяльнага знака рэпрэсаваным. Такім чынам адзначыць Дзяды. Затрымалі іх ля Сьвята-Мікалаеўскага праваслаўнага сабору.
XS
SM
MD
LG