Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрт: «Пуцін гуляецца ў інтэграцыю даўно і сур’ёзна»


Расейскі прэм’ер Уладзімер Пуцін ня супраць увесьці ў Мытным Саюзе адзіную валюту. Гэта ён зноў паўтарыў падчас жывога тэлеэфіру 15 сьнежня. Некаторыя беларускія эканамісты лічаць гэтыя заявы чарговай перадвыбарчай рыторыкай, але ёсьць і такія, хто лічыць такі паварот падзей цалкам верагодным.

Эканаміст Сяргей Чалы адзначыў, што Пуцін ня здолеў прапанаваць нічога новага ў якасьці прасоўваньня інтэграцыйных працэсаў. Эўразійскі Саюз, маўляў, нават па плянах запрацуе не раней за 2017 год, калі дажыве. Што да ўвядзеньня рубля, Сяргей Чалы назваў гэта перадвыбарчай рыторыкай Пуціна:

«Тэарэтычна гэта, канечне, можна — уводзіць адзіную валюту. Але праблема ў тым, што яе трэба ўводзіць на самых апошніх стадыях такой ужо шчыльнай інтэграцыі! Па-першае, гэта будзе даволі доўга, па-другое, вельмі мала шанцаў, што гэтая канструкцыя да такой сытуацыі дажыве. Паглядзіце на Эўразьвяз. Вы ж бачыце, да чаго давяло заўчаснае ўвядзеньне адзінай валюты. Тое ж самае і ў Эўразійскім Саюзе будзе».

А вось экс-старшыня Нацыянальнага банку прафэсар Станіслаў Багданкевіч кажа, што менавіта Расея зацікаўленая ва ўвядзеньні адзінай валюты. І пры цяперашняй эканамічнай сытуацыі ў Беларусі гэта цалкам магчыма:
…На халяву жыць лепш. І таму крок за крокам мы будзем губляць сваю ідэнтычнасьць і нацыянальны сувэрэнітэт.

«Паколькі ў нас эканамічныя сувязі ў вялікай ступені — на тры чвэрці — гэта ўсё ж такі Расея, я думаю, у такім накірунку і будуць разгортвацца падзеі. Калі б мы сваю валюту цанілі, калі б мы цанілі сваю незалежнасьць, хацелі б жыць не „на халяву“. А на халяву жыць лепш. І таму крок за крокам мы будзем губляць сваю ідэнтычнасьць і нацыянальны сувэрэнітэт».

Станіслаў Багданкевіч у якасьці прыкладу, калі народу халява падабаецца, прывёў падвышэньне заробкаў у 3 разы супрацоўнікам «Белтрансгазу», пасьля таго як расейцы яго выкупілі.

Эканаміст Зьміцер Крук кажа, што камэнтаваць перадвыбарчыя палітычныя заявы Ўладзімера Пуціна цяжка:

«Што меў на ўвазе Пуцін, якая ў яго матывацыя — гэта камэнтаваць я не вазьмуся. Вядома, для Расеі гэта было б цікава. З пункту гледжаньня Беларусі я ня бачу тут ніякіх падставаў».

На думку эканаміста Міхала Залескага, Пуцін нічога новага не сказаў:

«Пуцін гуляецца ў інтэграцыю даўно і сур’ёзна. Наколькі сур’ёзнасьць гэтая паказная, наколькі яна рэальная — цяжка судзіць. Таму што ён чалавек чыстай каньюнктуры. Ён робіць тое, што дае нейкія прагматычныя вынікі. Зараз яму трэба „дагуляцца“ ў інтэграцыю, вось ён так і гаворыць. З другога боку, ён такі чалавек, якому палец дай, ён і руку па локаць адкусіць. І гэта трэба ўлічваць у зьнешняй і ўнутранай палітыцы, калі яна ў нас яшчэ засталася».

Месяц таму ў Маскве ў інтэрвію праграме «Вести в субботу» на тэлеканале «Россия 1» Аляксандар Лукашэнка ня выключыў, што адзінай разьліковай валютай у Эўразійскім Саюзе мог бы стаць менавіта расейскі рубель.
XS
SM
MD
LG