Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У беларускіх вёсках імкліва расьце колькасьць крадзяжоў. Раней такія выпадкі былі рэдкімі. Цяпер жа злодзеі выносяць усё, што трапляе ім пад рукі ў дварах, пад павецямі, у хлявах ды на фэрмах. Раскрывальнасць такіх злачынстваў, паводле зьвестак Міністэрства ўнутраных спраў, ледзьве перавышае 50 працэнтаў.

Чаму ўзрастае хваля крадзяжоў і як берагуцца ад зламысьнікаў вясковыя людзі

Гомельшчына


На памежных з Расеяй тэрыторыях зь вясковых падворкаў часта крадуць коней, іншую хатнюю жывёлу.

Апавядае спадар Аляксей зь вёскі Ліцьвінавічы Кармянскага раёну: «Ноччу скралі каля дому. Кабылка была на вяроўцы на прывязі. Раніцай мы хацелі яе ўзяць і ехаць. Шукалі цэлы дзень — езьдзілі шукалі па вёсках зь меншым братам, які яе даглядае. Не знайшлі. Потым патэлефанавалі ў міліцыю».

Прапажу, аднак, больш як празь месяц знайшла не міліцыя, а сусед. Ён ехаў на аўтамашыне з Рагачова, і ў вёсцы Гадзілавічы заўважыў кабылку:

«Ён добра ведаў нашага каня. У Гадзілавічах на ёй везьлі дровы ці што яшчэ, ня ведаю. Ну, ён спыніўся, патэлефанаваў нам. Нашы прыехалі туды, міліцыю выклікалі. Меншы брат прыгнаў кабылку з-пад Рагачова — гэта кілямэтраў шэсьцьдзесят. Усё, яна ўжо дома, нікуды яе не пускаем — пад замком».

Міліцыя высьветліла, што скралі кабылку цыганы і абмянялі ў Гадзілавічах на тамтэйшага коніка, якога, у сваю чаргу, прадалі перакупшчыкам з Расеі.

Зьніклага каня Івана Мельнікава з тых жа Ліцьвінавічаў не знайшлі да гэтага часу.

Гомельскі праваабаронца, юрыст Леанід Судаленка лічыць, што хваля крадзяжоў найперш абумоўлена зьбядненьнем насельніцтва:

«Калі ў краіне зьніжаецца ўзровень жыцьця насельніцтва, тады й павялічваецца колькасьць крадзяжоў. Гэта ў нейкім сэнсе заканамерна. Напрыклад, калі крадуць у памежных раёнах жывёлу, зразумела, што гэтую жывёлу перапраўляюць у Расею за лепшыя грошы. На лецішчах крадуць усё, што змогуць — і бульбу, і іншыя харчы, і больш-менш прыдатныя для продажу рэчы. Кожны ў такіх умовах выжывае, як толькі можа».

Берасьцейшчына


Зараз у рэгіёне крадзяжы складаюць больш за 70% ад усіх злачынстваў. Прычым, большасьць зь іх адбываюцца менавіта ў сельскай мясцовасьці.

Ігар Буранка, зь вёскі Сашыца Бярозаўскага раёну: «Пазаўчора людзі ехалі з парасятамі ў багажніку. Аказалася — са сьвінафэрмы з нашай вёскі. Мой сусед там вартаўніком. У яго — аўчарка, зь якой ён амаль штодня ганяе злодзеяў. Бягуць уначы, трапляюць у гной па грудзі... Але адны напалохаюцца, а іншыя зноў лезуць...»

Расьце на Берасьцейшчыне колькасьць злачынстваў і на прыватных падворках вяскоўцаў. Вось прыклады здарэньняў:

У Баранавіцкім раёне зламысьнік забіў казу, якая належала вяскоўцу-інваліду. Злодзея затрымалі, калі ён грузіў сваю здабычуу на ровар.

У жыхара Маларыцкага раёну скралі 4 слоікі сала на мільён рублёў, а пэнсіянэрка з Баранавіцкага раёну рыдлёўкай дала рады злодзею, які прыйшоў па яе парасят...

Анатоль Сахаруша, жыхар вёскі Малеч Бярозаўскага раёну ўпэўнены, што на росце колькасьці крадзяжоў найперш адбіваецца эканамічны крызіс:
Як у нас казаў адзін чалавек, які працаваў брыгадзірам, што гэта людзі не крадуць, а ратуюцца.

«Як у нас казаў адзін чалавек, які працаваў брыгадзірам, што гэта людзі не крадуць, а ратуюцца. Тое, ш то крадуць, я лічу, што многія крадуць, бо такое становішча бязвыходнае ў іх.»

Былы міліцыянт Станіслаў Халадовіч таксама пагаджаецца зь меркаваньнем, што эканамічныя праблемы ў краіне пасьлядоўна ўплываюць на рост злачыннасьці ў вёсцы. Тут ён правёў параўнаньне з пачаткам 90-х гадоў:

«Крызіс заўсёды ўплывае на злачыннасьць. Я памятаю пачатак 90-х, тады таксама пачалі моцна павялічвацца крадзяжы з крамаў, падворкаў. Нават арганізоўваў палкоўнік Латыш, які камандаваў нашым аддзеле, адмысловыя мабільныя групы...»

Такія мабільныя групы, кажа былы супрацоўнік міліцыі, на пачатку 90-ых гадоў патрулявалі вёскі, правяралі сельгаспрадпрыемствы.

«Больш частымі сталі цяпер выпадкі крадзяжу цялят, сьвіней, і коней. Гэтую „школу“ ўжо праходзілі, калі і я працаваў. Захлёствалі гэтыя крадзяжы, як у прыватным сэктары, гэтак і ў дзяржаўным,» — канстатуе спадар Халадовіч.

Магілёўшчына


Крадуць у сёлах і на Магілёўшчыне. Калі раней гэта былі адзінкавыя выпадкі, то цяпер варта казаць пра крадзяжы маёмасьці як сацыяльную зьяву. Эканамісты лічаць, што прычына гэтаму — зьбядненьне насельніцтва й адсутнасьць годнай працы.

Эканаміст Андрэй Юркоў заяўляе, што ў вёсках даўно сфармаваўся новы пласт жыхароў з асацыяльнымі паводзінамі, якія жывуць з таго, што маюць іх бацькі:

«На іх сацыяльныя выплаты — пэнсіі, дапамогу па інваліднасьці, па ўзросьце. Апошнім часам гэтыя людзі пачалі адміраць й дужа рэзка. У гэтых асацыяльных элемэнтаў практычна ўсялякія крыніцы для існаваньня законныя губляюцца. Таму людзі й ідуць на злачынствы. Канечне, зарабляць у вёсцы сёньня не рэальна. Заробкі мізэрныя. Пэрспэктываў ніякіх. Але уздым злачыннасьці я ўсё ж зьвязваю з тым, што пэнсіянэры пачалі паміраць».

Спэцыяліст сельскай гаспадаркі Юры Кальмаеў жыве ў вёсцы Верамейкі Чэрыкаўскага раёну. Рост крадзяжоў ён тлумачыць гэтак:

«Цяпер жа беспрацоўе вялікае. У нас вось у Верамейках дваццаць працэнтаў беспрацоўных амаль. Тыя, хто больш-менш — зьехалі ў Расею. А тыя, у каго рукі дрыжаць — засталіся. А што ім рабіць? Калымаў такіх цяпер няма. Раней сена, гной — цяпер кароў не трымаюць. Значыць, прыробку няма. Гародаў зьменшылася ў разы. Вось яны й вымушаныя красьці».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG