Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Прадам нырку. Беларус”


“Гатовы стаць донарам ныркі. Мне 37 гадоў. Кроў 3+. Донар крыві 10 гадоў. Беларус” — такую аб’яву 18 лістапада гэтага году разьмясьціў на адным са спэцыялізаваных форумаў мянчук Сяргей.

Сяргей: ”У мяне ёсьць бізнэс, які трэба ратаваць. Эканамічная сытуацыя ў краіне такая, што для мяне гэта адзіны спосаб. Я на сёньняшні дзень іншага ня бачу. У мяне ёсьць нерухомасьць, але ў мяне ж і дзеці. Самы бязболевы спосаб — гэта аддаць частку сябе”

Які ў Сяргея бізнэс, ён распавядаць адмовіўся. Прадаць нырку разьлічвае за 50 тысячаў даляраў. Кажа, што сам здаровы, “нібы слон”, і ныркі ў яго дзьве. Сваякам нічога не распавядаў і не зьбіраецца. Пра ягонае рашэньне ведаюць толькі самыя блізкія сябры, на якіх Сяргей спадзяецца, калі ўсё ж атрымаецца дамовіцца пра продаж органу.

Сяргей: “Хіба што здарыцца цуд — і ў нашай краіне нешта памяняецца. Але на дадзеным этапе я не магу ўсё прадаць і ўкласьці ў бізнэс. А гэтая сума мяне выратуе. Браць крэдыты ў нашых банках — гэта кабала. Мы дзецям стварылі нейкую фінансавую глебу, я не магу іх яе пазбавіць”.

“Я Ў РОСПАЧЫ. ЗАЎЖДЫ ГАТОВЫ ВЫЕХАЦЬ”

“29.06.2011, 19:58. Прадам нырку! Група крыві1+ , здаровы на 100%, ня меў ніякіх складаных хваробаў, апроч тэмпэратурных і тое па 3 дні! За ўсё жыцьцё хварэў 4 разы! Прадаю нырку за 40-50 тыс. у\а. Мне 18 гадоў! Жыву ў Менску".

“02.03.2011. Тэрмінова прадам нырку 4+. Прапанова вельмі сур’ёзная, знаходжуся ў роспачы. Узрост 37 гадоў, група крыві 4 +. Замежны пашпарт ня трэба, грамадзянін Беларусі, заўжды гатовы выехаць. Разгледжу любыя прапановы”.


Такія абвесткі вельмі лёгка знайсьці ў Інтэрнэце, проста ўвёўшы ў пошук “прадам нырку”. Сярод соцень жадаючых аддаць свае органы за грошы беларусаў ня так шмат. Аднак літаральна ў гэтыя дні суды дзьвюх эўрапейскіх сталіцаў — Прышціны (Косава) і Кіева (Украіна) — разглядаюць крымінальныя справы, зьвязаныя зь нелегальным трафікам чалавечых органаў і правядзеньнем трансплянтацый. Гэтыя расьсьледаваньні выявілі каля пяці дзясяткаў выпадкаў незаконнага выманьня чалавечых органаў. Ахвярамі трафіку сталі грамадзяне Ўкраіны, Расеі, Казахстану, Узьбекістану, Малдовы, Турцыі і іншых краінаў. І сярод гэтых пяці дзясяткаў — трое беларусаў.

Супрацоўнік аддзелу па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй (АБАЗіК) Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі, які прымаў удзел у расьсьледаваньні справы аб гандлі людзьмі з мэтай незаконнага выманьня органаў і тканінаў для трансплянтацый, пагадзіўся распавесьці пра гэтыя справы, але пажадаў застацца невядомым. Па ягоных словах, ахвярамі сталі мужчыны ва ўзросьце да трыццаці гадоў. Яны жывуць у невялікіх беларускіх гарадах і ў пэрыяд з 2008 па 2010 год адгукнуліся на аб’яву ў інтэрнэце, у якой прапаноўвалася прадаць нырку.

“ЗАМЕЖНІКІ ЕЗЬДЗЯЦЬ ПА ОРГАНЫ Ў БЕЛАРУСЬ”

Алег Румо, кіраўнік РНПЦ "Трансплянтацыя органаў і тканінаў"
Алег Румо, кіраўнік РНПЦ "Трансплянтацыя органаў і тканінаў"
У Беларусі, як і ў большасьці краінаў сьвету, продаж органаў забаронены. Кіраўнік РНПЦ «Трансплянтацыя органаў і тканінаў”, кандыдат мэдыцынскіх навук Алег Румо кажа, што дабравольна аддаць свой орган можна толькі сваяку. “Ніякіх “добрых самарыцянаў”, згодных добраахвотна і бязвыплатна аддаць свой орган, нашае заканадаўства не прадугледжвае. Толькі блізкі сваяк можа быць донарам”.

Аднак ня кожны орган, нават калі яго аддасьць сваяк, падыдзе хвораму. Дый ня кожны сваяк згодны ахвяраваць сваім здароўем. Ва ўсім сьвеце ёсьць востры дэфіцыт донарскіх органаў. Жорсткае заканадаўства прымушае тых, каму жыцьцёва неабходная трансплянтацыя, шукаць іншыя шляхі, каб выратаваць жыцьцё сабе ці сваім блізкім. Вядома, найлепш прыжываюцца органы, узятыя ад жывога донара. Тады ў рэцыпіента ёсьць 90% шанец жыць на працягу 5 гадоў пасьля трансплянтацыі.

Алег Румо кажа, што “сярэдні тэрмін чаканьня ныркавага трансплянтанту ў Беларусі складае два з паловай гады. Але ёсьць людзі, якія чакаюць і пяць гадоў, а ёсьць тыя, хто чакае менш, чым гэты сярэдні тэрмін. Зьвязана гэта з тым, што орган перасаджваецца пацыенту тады, калі ён падыходзіць”.

Пацыенты, якім неабходная трансплянтацыя, вандруюць па ўсім сьвеце ў пошуках “свайго” органа. Па словах Алега Румо, замежныя грамадзяне вельмі часта зьвяртаюцца па дапамогу да беларускіх трансплянтолягаў. Але замежнік атрымае орган толькі ў тым выпадку, калі ён не падышоў беларусу.

Апэрацыя для замежніка платная. Назваць яе цану галоўны трансплянтоляг адмовіўся, спаслаўшыся на камэрцыйную тайну. Але аплочваюцца толькі расходы, зьвязаныя з апэрацыяй. Сам орган для замежнага пацыента не каштуе нічога.

Дэфіцытам донарскіх органаў ахвотна карыстаецца крымінальны бізнэс. Алег Румо распавёў, што адзін з тых трох беларусаў, якія сталі ахвярамі міжнароднага трафіку органаў, праходзіў абсьледаваньне ў іхным цэнтры. Стан ягонага здароўя ён ацэньвае як нармальны.

Алег Румо катэгарычна супраць легалізацыі куплі-продажу чалавечых органаў. На ягоную думку, “у той сытуацыі, калі гэта стане прадметам куплі-продажу, гэта парушыць асноўныя прынцыпы мэдыцыны і парушыць усе каноны нармальнай грамадзянскай супольнасьці. Орган ня можа быць прадметам куплі-продажу”.

Па зьвестках Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя кожны год 5000 чалавек у сьвеце прадаюць свае ныркі “чорным трансплянтолягам”. Гэта сапраўды “прыбытковы” бізнэс. Аддаўшы донару ныркі ў сярэднім 10 тысяч даляраў, арганізатар сеткі трафіку атрымлівае ад пакупніка органа 150-200 тысяч.

“ВЭРБОЎШЧЫКІ ХАЦЕЛІ АРГАНІЗАВАЦЬ У БЕЛАРУСІ НЕЛЕГАЛЬНУЮ ТРАНСПЛЯНТАЦЫЮ ЧАЛАВЕЧЫХ ОРГАНАЎ”

Крымінальная справа па такім артыкуле ў Беларусі была распачатая ўпершыню. Супрацоўнік АБАЗіК кажа, што расьсьледаваньне пачалі самастойна, а пасьля сталі супрацоўнічаць з украінскімі калегамі. Частку матэрыялаў перадалі таксама ў Косава. Усё было зроблена на дзіва хутка — адкрылі справу ў лістападзе 2010, а ў сьнежні ўжо падзяліліся наробленым матэрыялам з Кіевам.

Выявілася, што ў Беларусі, Украіне і Косаве многія гады дзейнічала арганізаваная групоўка вэрбоўшчыкаў. Яе арганізатар Юры Кацман — былы грамадзянін Беларусі, які ў 1991 годзе эміграваў у Ізраіль. Вэрбавалі ахвяраў былыя донары-ўкраінцы Руслан Якавенка і Яўген Сьлюсарчук. Менавіта іх цяпер судзяць у Кіеве.

Донараў яны знаходзілі ў Беларусі, а неабходныя аналізы рабіліся ва Ўкраіне. Ныркі ў беларускіх ахвяраў вымалі ў сталічных клініках Косава, Украіны і Эквадору. Супрацоўнік АБАЗіК кажа, што ў групоўкі былі пляны арганізаваць правядзеньне такіх апэрацый і ў Беларусі, але іх своечасова спынілі.

Ён распавядае, што сыстэма дзейнічала па прынцыпе сеткавага маркетынгу: донараў прасілі прыводзіць наступных, і за кожную новую ахвяру вэрбоўшчык атрымліваў 500 даляраў. Былі сытуацыі, калі донарам недаплочвалі абяцаную за орган суму. Усе грошы абяцалі аддаць толькі тады, калі ён прывядзе чарговага небараку.

Менавіта так здарылася зь першай вядомай беларускай ахвярай Кацмана. Імя гэтага чалавека называць забаронена. Апэрацыю яму зрабілі ў прышцінскай клініцы Мэдыкус. Літаральна празь некалькі дзён нелегальныя трансплянтацыі ў гэтай установе былі спыненыя паліцыяй.

У гэтай клініцы ў 2008 годзе забралі нырку ў беларуса А.К.
У гэтай клініцы ў 2008 годзе забралі нырку ў беларуса А.К.


“ПРАДАЎ НЫРКУ, КАБ АДДАЦЬ ПАЗЫКІ”

Курыруе “справу “Мэдыкус” спэцыяльны пракурор Праваахоўнай місіі ЭЗ у Косаве Джонатан Рэйтэл.

Джонатан Рэйтэл
Джонатан Рэйтэл
У інтэрвію "Радыё Свабода" Рэйтэл паведаміў, што цэнтрам трафіку ахвяраў з Усходняй Эўропы ў Косава быў Стамбул, куды спачатку і прыбыў беларус А.К. Адтуль ён прыляцеў у Косава. Вэрбоўшчык Кацман навучыў яго схлусіць памежнікам, нібыта ён прыехаў рабіць мэдычнае абсьледаваньне.

У тэксьце абвінавачаньня, якое пракурор Джонатан Рэйтэл даслаў "Радыё Свабода", сьцьвярджаецца, што апэрацыі ў клініцы праводзіліся рэгулярна. У асноўным іх выконваў турэцкі доктар Юсуф Санмэз, якога ўжо называюць “доктар-вампір”. Ён быў арыштаваны ў Стамбуле на пачатку гэтага году, і мясцовы пракурор запатрабаваў для яго 171 год турмы.

Паліцыя вядзе доктара Юсуфа Санмэза ў суд, Стамбул, 12.01.2011
Паліцыя вядзе доктара Юсуфа Санмэза ў суд, Стамбул, 12.01.2011


Менавіта гэты доктар 26 кастрычніка 2008 году выняў нырку ў беларуса А.К. і перасадзіў яе ізраільцяніну. Выступаючы на закрытым судзе ў кастрычніку гэтага году, А.К. паведаміў, што яму не заплацілі абяцаную суму.

Журналісты брытанскай газэты "Sunday Times", якія ўлетку праводзілі ўласнае расьсьледаваньне скандалаў, зьвязаных з трафікам органаў у Косава, сьцьвярджаюць, што беларуса вымусілі шукаць іншых донараў. Ён ня змог гэтага зрабіць, таму ўвесь час знаходзіцца пад пагрозамі з боку вэрбоўшчыкаў. Пракурор Джонатан Ратэл унёс А.К. у праграму абароны сьведкаў.

Журналісты інфармацыйнага агенцтва Bloomberg расшукалі жонку А.К. Карыну. Яна сказала, што ня ведае, дзе яе муж. Карына распавяла, што перад апэрацыяй муж сказаў, што едзе працаваць за мяжу. А перад гэтым ён доўгі час ня мог аддаць пазычаныя ў кагосьці грошы.

ХТО САМЫ БЕДНЫ Ў ЭЎРОПЕ?

Супрацоўнік АБАЗіК сьцьвярджае, што беларускія ахвяры трафіку — гэта людзі, якія хацелі хутка разбагацець. У сярэднім яны атрымалі за свае органы па 10 тысяч даляраў. Па ягоных словах, гэтыя грошы былі патрачаныя амаль адразу. Адзін з хлопцаў згуляў вясельле; другі хацеў зрабіць уражаньне на сваю каханую дзяўчыну, але грошай утрымаць ня змог. Жонка А.К. Карына распавяла, што яе муж пакутуе на цяжкую дэпрэсію, якую “лекуе” алькаголем.

Пры падрыхтоўцы гэтага матэрыялу карэспандэнт "Свабоды" пагаварыў зь дзясяткам людзей, якія сёлета далі аб’яву пра продаж сваіх органаў. Усе яны кажуць, што зрабіць гэта іх прымушае цяжкае фінансавае становішча. Зразумела, што беларусы вырашаюцца на такі крок не дзеля хлеба і вады. Але ў роспачы яны гатовыя страціць здароўе, каб захаваць прыймальны ўзровень жыцьця для сябе і сваіх блізкіх.

Ва ўжо згаданым матэрыяле інфармацыйнага агенцтва Bloomberg прыводзяцца гісторыі ахвяраў зь Беларусі, Малдовы і Ўзьбекістану. Малдова, са спасылкай на прэс-рэлізы Міжнароднага Валютнага фонду ахарактарызаваная як самая бедная краіна ў Эўропе. Маўляў, таму, зразумела, яе жыхары робяцца ахвярамі трафіку органаў.

Беларусь, прадстаўленая краінай, якая змагаецца з наступствамі Чарнобыльскай катастрофы, што адбылася 25 гадоў таму. А галоўны герой рэпартажу — той самы, які хацеў уразіць сваім “багацьцем” каханую дзяўчыну, апісаны на фоне савецкага дзевяціпавярховіка, акружанага пустазельлем і сьмецьцем.

Тым ня менш, калі параўнаць дадзеныя статыстычнага камітэту СНД, то ўвосень 2008 году (калі беларус А.К. прадаў сваю нырку) жыхар Беларусі у сярэднім атрымліваў на 120 даляраў болей за малдаваніна. Сёлета сытуацыя кардынальна іншая. Па зьвестках таго ж камітэту, заробкам беларусаў на прасторах СНД могуць пазайздросьціць толькі таджыкі.

“НАМ ЕСЬЦІ НЕ БЫЛО ЧАГО…”

У Беларусі прагрэсіўнае заканадаўства ў сфэры трансплянталёгіі. Аднак і ў ім ёсьць слабыя месцы. Супрацоўнік АБАЗіК кажа, што “на сёньняшні момант у нас адсутнічае адказнасьць за гандаль органамі і тканкамі, хаця законам любыя падобныя зьдзелкі забароненыя. Рэклямаваць іх таксама забаронена, а адказнасьці за гэта ізноў жа няма”. Гэта значыць, што чалавеку, які даў у інтэрнэце абвестку “прадам” альбо “куплю нырку” нічога за гэта ня будзе.

А ў час эканамічнага крызысу, як выявілася, ўсё больш беларусаў гатовыя здабыць грошы такім рызыкоўным чынам.

“Прадам нырку ў Менску (Рэспубліка Беларусь). 27 гадоў. 1+. Здаровы, ня п’ю і не палю. Прадам вельмі танна”.

Такую абвестку пакінуў у сеціве 27-гадовы Мікіта.

У яго ёсьць жонка і маленькае дзіця. Яшчэ год таму ён лічыў сябе чалавекам, які цьвёрда стаіць на нагах. Каб пабудаваць большую кватэру, узялі валютны крэдыт. З заробку ў трыста даляраў, сто аддавалі банку. Але ў сям’і быў аўтамабіль,і нават на захапленьне Мікіты экстрэмальнымі відамі спорту хапала часу і грошай. Калі курс даляра падскочыў, за крэдыт давялося аддаваць увесь заробак. Праз тры месяцы нявыплаты, судовыя выканаўцы прыйшлі апісваць маёмасьць. Мікіта кажа, што гэта стала для яго апошняй кропляй:

Мікіта: “Пабачыў сайт у інтэрнэце. Падумаў — чаму “не”. З адной ныркай я змагу пражыць. І кошты там такія давалі — 90 тысяч даляраў, 100 тысяч даляраў. Пасьля ўжо, калі я стаў гэтым сур'ёзна займацца, ясна стала, што гэта ўсё падман. Цана ныркі — 20-25 тысяч даляраў, і гэта з умовай, што ў цябе рэдкая кроў і іншыя паказьнікі. Але я тады ня думаў, колькі грошай трэба будзе на лекі, на рэабілітацыі, ці не разьбяруць мяне на запчасткі. Нам рэальна есьці не было чаго…Я падаў аб’яваў дзесяць на розных сайтах. І мае знаёмыя таксама так рабілі”.

Мікіта кажа, што часта зьвярталіся людзі, якія спачатку прапаноўвалі даслаць грошы — ад тысячы даляраў. На гэта ён не пагаджаўся. Пасьля самастойна знайшоў у Інтэрнэце ізраільскую клініку, якая за 25 000 даляраў была гатовая купіць у Мікіты нырку. Усе аналізы Мікіта зрабіў у Беларусі:

Радыё Свабода: “Вас ніхто не пытаўся ў нашых паліклініках, навошта вы гэта робіце?”

Мікіта: “У “Навінках” я здаў кроў і мне HLA-тыпаваньне зрабілі аўтаматычна, карту выдалі на рукі. Я ўсе дакумэнты адсканаваў, адаслаў ім. яны сказалі — усё добра, мы вас чакаем. Прыслалі ліст, дзе так хітра ўсё было напісана, што яны здымаюць зь сябе адказнасьць за ўсё, што са мною будзе адбывацца”.

На гэтым Мікіта кажа, што яму стала страшна: зразумеў, што можа і ня выжыць. Кажа, што браўся за любую працу, хаця мае добрую адукацыю: быў грузчыкам, будаўніком, выяжджаў на заробкі, але ўрэшце сям’я выбілася з галечы. Нашмат меней пашанцавала сябру Мікіты, які ўсё ж выправіўся прадаваць сваю нырку:

Мікіта: “Ён атрымаў пяць тысяч, вярнуўся паўжывы, і ўжо паўгады як у яго пачаўся гламеруланефрыт другой ныркі. Ён увесь час на гемадыялізе, вельмі шмат грошай сыходзіць на тое, каб проста падтрымліваць сябе ў працоўнай форме. І ён нябедны чалавек. Абяцалі яму 25 тысяч. У Іярданіі рабілі апэрацыю, здаецца. А гэтыя пяць тысячаў у яго сышлі тут за два тыдні”.

Радыё Свабода: “А навошта ён тады гэты зрабіў?”

Мікіта: “У яго было тое ж, што і ў мяне. Як крызіс жахнуў — не было за што жыць”.

“ЁСЬЦЬ РЭАЛЬНАЯ ПАГРОЗА”

І ў Косаве і ва Ўкраіне справы трансплянтолягаў выклікалі скандал і шок у грамадзтве. Косаўская сытуацыя больш складаная. У садзеяньні арганізацыі выкраданьняў сербскіх грамадзянаў для гандлю органамі незалежныя экспэрты абвінавачваюць цяперашняга прэм’ер-міністра рэспублікі і былога лідэра Косаўскай вызваленчай арміі Ташыма Хачы.

Сярод тых, хто цяпер знаходзіцца на лаве падсудных у Прышціне доктар Дрытан Ілта (Driton JILTA), які працаваў на місію АБСЭ ў Косаве, а таксама былы сталы сакратар Міністэрства аховы здароўя Косава, Ilir RRECAJ, пад прыкрыцьцём якога ў “Медыкус” рабіліся незаконныя трансплянтацыі.

Ва Ўкраіне разам з арганізатарам трафіку і вярбоўшчыкамі судзяць выбітных трансплянтолягаў інстытута хірургіі і трансплянталёгіі імя. Шалімава. Яны абвінавачваюцца ў тым, што рабілі незаконныя апэрацыі па выманьні і трансплянтацыі органаў, якія адбываліся пераважна ў клініцы Баку. Па законах Азэрбайджана, органы можна перадаваць ня толькі сваякам.

Па словах журналісткі ўкраінскай службы "Радыё Свабода" Марычкі Набокі, гэтая справа выклікала шырокі розгалас ва ўкраінскім грамадзтве. Магчыма, з гэтай прычыны прэс-служба МУС Украіны адмовілася камэнтаваць гэтую справу, спаслаўшыся на асабістую забарону міністра ўнутраных спраў. Па словах Набокі, у краіне фактычна спыніліся апэрацыі па трансплятацыі і многія пацыенты хочуць цяпер апэравацца ў іншых краінах — у тым ліку і ў Беларусі.

Беларускія трансплянтолягі ніякім чынам не былі ўмяшаныя ў дзеяньні злачыннай групы па гандлі органамі. Супрацоўнік АБАЗіК упэўнены, што групе была нанесеная істотная шкода.

Заканадаўствам забаронена выдаваць асабістыя дадзеныя беларускіх ахвяраў трафіку. Супрацоўнік АБАЗіК кажа, што яны і самі баяцца розгаласу. Аднак гісторыя аднаго зь іх апошнім часам трапіла ў беларускія СМІ разам зь іменем, прозьвішчам і месцам жыхарства гэтага чалавека. Ён патэлефанаваў на "Радыё Свабода" і вельмі прасіў прыбраць з матэрыялу ўсе ягоныя дадзеныя. Пераконваў, што яму і ягонай сям’і гэта можа каштаваць жыцьця і здароўя. Ад любых далейшых размоваў з журналістамі ён адмаўляецца. Падчас свайго кашмарнага падарожжа праз некалькі краінаў да апэрацыйнага стала, дзе зь яго вынялі нырку, ён ня раз спрабаваў адмовіцца ад свайго рашэньня. Але яго сілай і пагрозамі прымушалі рушыць далей.

Кожны зь беларусаў, якія сталі ахвярамі гандлю чалавечымі органамі, самастойна адгукаўся на прапанову аддаць свой орган, вёў перапіску з вэрбоўшчыкамі і пакідаў Беларусь. Аднак прэс-рэліз МУС Беларусі па справе сьцьвярджае, што да іх прымяняліся меры псыхалягічнага і фізычнага ўціску.

Супрацоўнік АБАЗіК лічыць, што ахвярам дагэтуль ёсьць чаго баяцца, бо ня ўсе вярбоўшчыкі трапілі на лаву падсудных. А колькасьць беларусаў, якія жадаюць прадаць свае органы, відавочна не зьмяншаецца.

Заўвага: Імёны і іншыя асабістыя дадзеныя герояў артыкулу зьмененыя.

"Радыё Свабода" выказвае падзяку Праваахоўнай місіі Эўрапейскага Зьвязу ў Рэспубліцы Косава і асабіста пракурору ЭЗ Джонатану Ратэлу за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу і прадстаўленыя дакумэнты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG