Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачаўся суд па выбуху на «Пінскдрэве»


Пажар пасьля выбуху на «Пінскдрэве»

Пажар пасьля выбуху на «Пінскдрэве»

У Берасьцейскім абласным судзе пачаўся працэс па выбуху на заводзе ДСП холдынгу «Пінскдрэў». Крымінальная справа cкладае 56 тамоў. Падсудныя — былы галоўны інжынэр «Пінскдрэва» Ўладзімер Шастакоў, дырэктар заводу «Пінскдрэў-ДСП» Леанід Логвін і галоўны інжынэр «Пінскдрэў-ДСП» Ігар Логвін.

Леанід Логвін абвінавачваецца ў службовай халатнасьці, Уладзімер Шастакоў і Ігар Логвін — у парушэньні пажарнай бясьпекі, што пацягнула за сабой гібель людзей і матэрыяльную шкоду прадпрыемству ў асабліва буйным памеры. Ім ставіцца ў віну стварэньне пажаранебясьпечнай вытворчасьці без праектнай дакумэнтацыі.

Былога генэральнага дырэктара «Пінскдрэва» Ларана Арыніча на лаве падсудных яго няма. Ён зьехаў за мяжу нібыта на лячэньне і не вярнуўся. На яго заведзена асобная крымінальная справа, сам Арыніч абвешчаны ў вышук.

Трагедыя на заводзе ДСП здарылася 25 кастрычніка 2010 года. Двое рабочых прадпрыемства загінулі на месцы, яшчэ 12 памерлі ад ранаў у лякарнях Пінску, Берасьця і Менску. Пяцёра засталіся калекамі.

Выбуховая хваля разбурыла цэх па вытворчасьці драўняна-стружкавых плітаў. Шкода ацэнена ў 3 мільярды 949 мільёнаў рублёў, што ў даляравым эквіваленце на момант аварыі склала 1,2 мільёна. Паводле пракуратуры, асноўнай прычынай аварыі сталіся парушэньні рэжыму эксплюатацыі абсталяваньня па вытворчасьці драўняных паліўных гранулаў.
XS
SM
MD
LG