Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Польшча падтрымае вылучэньне кандыдатуры беларускага праваабаронцы Алеся Бяляцкага на Нобэлеўскую прэмію міру.

«Міністэрства замежных справаў мяркуе, што гэта вельмі добры кандыдат. Мы зробім крокі, каб зацікавіць ім Нобэлеўскі камітэт» – польскае агенцтва ПАП працытавала прэс-прадстаўніка МЗС Польшчы Марціна Басацкага.

Паводле ПАП, падтрымка для кандыдатуры Бяляцкага зьяўляецца супольнай ініцыятывай Польшчы і Літвы – гэтыя краіны перадалі беларускім урадам інфармацыю, на падставе якой праваабаронца быў прысуджаны да чатырох з паловай гадоў турмы.

У кастрычніку ў Беларусі стварыўся міжнародны камітэт вылучэньня Бяляцкага на Нобэлеўскую прэмію. У гэты камітэт уваходзяць, сярод іншых, расейская праваабаронца Людміла Аляксеева, старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвіла, рэктар Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Анатоль Міхайлаў, былы прэзыдэнт Чэхіі Вацлаў Гавэл. Тэрмін вылучэньня кандыдатур на Нобэлеўскую прэмію міру сканчаецца 31 студзеня.

Непасрэдна намінаваць на прэмію могуць толькі некаторыя катэгорыі людзей: дэпутаты парлямэнтаў, міністры, рэктары ўнівэрсытэтаў, дырэктары інстытутаў міру і інстытутаў палітычных навук, ляўрэаты мінулых гадоў, сябры Нарвэскага нобэлеўскага камітэту.

Тым часам беларускія праваабаронцы заклікалі грамадзкасьць сабраць 750 мільёнаў рублёў, каб аплаціць штраф, накладзены на Бяляцкага.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG